Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка і Пуцін правялі тэлефонныя перамовы


Уладзімір Пуцін і Пятро Парашэнка на сустрэчы ў Менску, 11 лютага 2015 году.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правялі тэлефонныя перамовы. Пра гэта ў сераду, 14 лютага, паведаміла ўкраінскае выданьне «Люстэрка тыдня». Пазьней інфармацыю аб тэлефоннай размове лідэраў дзьвюх краін пацьвердзіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў.

Паведамляецца, што размова была доўгай. Ініцыятарам званка выступіў украінскі бок.

Па словах Пяскова, падчас размовы прэзыдэнт Украіны выказаў спачуваньні Расеі ў сувязі з авіякатастрофай самалёту Ан-148 у Падмаскоўі і прапанаваў дапамогу ў расьсьледаваньні прычын крушэньня.

У час перагавораў бакі абмеркавалі працяг пачатага перад Новым годам працэсу абмену палоннымі ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Акрамя таго, лідэры дзьвюх краін пагадзіліся з «безальтэрнатыўнасьцю выкананьня менскіх дамоўленасьцей», сказаў Пяскоў. Раней у інтэрвію нямецкаму выданьню Bild Парашэнка абвінаваціў Пуціна ў невыкананьні Менскіх пагадненьняў і эскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне.

Прэзыдэнты таксама абмеркавалі парадак дня сустрэчы міністраў замежных спраў краін «нармандзкай чацьвёркі», якая пройдзе 14 лютага ў Мюнхэне.

Размова адбылася 12 лютага — у трохгадовую гадавіну падпісаньня Менскіх пагадненьняў. У адміністрацыі Парашэнкі «Люстэрку тыдня» паведамілі, што ўдзельнікам «нармандзкай чацьвёркі» і ЗША вядома аб гэтай гаворцы.

Апошні раз «Нармандзкая чацьвёрка» сустракалася летам 2017 году. Тады Пятро Парашэнка, Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель абмяркоўвалі рэжым спыненьня агню ў Данбасе.

Канфлікт на ўсходзе Ўкраіны доўжыцца з 2014 году. За гэты час загінулі больш за 10 тысяч чалавек, у іх ліку тры тысячы мірных жыхароў. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў, за што супраць Масквы ўвялі эканамічныя санкцыі. У Крамлі гэтыя абвінавачваньні адмаўляюць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG