Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук: «Не павінна Адміністрацыя прэзыдэнта займацца камэрцыяй паводле азначэньня»


Яраслаў Раманчук

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўніком Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі Віктарам Шэйманам загадаў «павысіць ролю Кіраўніцтва спра» у эканоміцы краіны, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

Паводле прэсавай службы кіраўніка дзяржавы, Шэйман адрапартаваў Лукашэнку, што ў параўнаньні з 2016 годам летась экспарт тавараў і паслуг, якія вырабляюць і аказваюць прадпрыемствы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта (КСП), вырас на 21%, а станоўчае сальда зьнешняга гандлю прадпрыемстваў КСП падвысілася на 24%.

Свабода папрасіла пракамэнтаваць гэтыя лічбы вядомага эканаміста, кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука. Ці згодны ён, што Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі — эфэктыўнае сучаснае прадпрыемства зь вялікім патэнцыялам?

«Гэтыя лічбы, пра якія сказаў Шэйман, ні пра што мне ня кажуць, яны не паказчык ані добрай, ані дрэннай працы. Гэта як я скажу, што хутчэй за ўсіх прабег стомэтроўку, але ніхто гэтага ня бачыў і ня можа мяне праверыць», — сказаў эканаміст.

Паводле Яраслава Раманчука, пакуль Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ў сваёй працы задзейнічае адміністрацыйны рэсурс, вызначыць, наколькі добра яно працуе, немагчыма.

Ці хоча Аляксандар Лукашэнка ведаць праўду пра працу сваіх падначаленых?

Спадар Раманчук нагадаў, што яшчэ ў 2015 годзе Лукашэнка сам абяцаў зьліквідаваць канфлікт інтарэсаў, які існуе ў органах дзяржаўнага кіраваньня. Эканаміст бачыць такі канфлікт і ў дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, бо яно, будучы па сутнасьці дзяржаўным органам, займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю.

«Не павінна Адміністрацыя прэзыдэнта займацца камэрцыяй паводле азначэньня. Гэта не яе справа. Трэба разьвесьці дзяржаўнае кіраваньне, кантроль і камэрцыйную дзейнасьць, каб кожны ведаў, хто чым займаецца. Ён гэта абяцаў, але не зрабіў. Вось Кіраўніцтва спраў цяпер занялося вырабам і продажам малочнай прадукцыі ў Расею, у яго некалькі сельскіх гаспадарак, былых калгасаў і саўгасаў. Але ці можа іх кантраляваць Міністэрства сельскай гаспадаркі? Або ці можа Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю кантраляваць тое, як яны гандлююць „малочкай“? На маю думку, ня могуць. Хто такія міністры Леанід Заяц ці Ўладзімер Калтовіч у параўнаньні зь Віктарам Шэйманам? Ніхто», — лічыць Яраслаў Раманчук.

«Сапраўдны аўдыт немагчымы»

Паводле Яраслава Раманчука, каб дакладна ацэньваць эфэктыўнасьць той ці іншай камэрцыйнай структуры, трэба зрабіць аўдыт, падлічыць, колькі грошай і рэсурсаў у іх было, як яны выкарыстаныя, якія фінансавыя паказчыкі дасягнутыя. Але Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта ад праверак закрытае, яно знаходзіцца ва ўмовах, калі сапраўдны аўдыт там немагчымы, мяркуе эканаміст.

«А паказчыкі Шэймана пра тое, што на 24% вырасла станоўчае сальда зьнешняга гандлю — гэта пра эфэктыўнасьць нічога ня кажа. Можа, яны рэсурсаў столькі патрацілі, што гандлююць той „малочкай“ са стратамі і кожны працэнт станоўчага сальда — гэта дрэнна», — не выключае эканаміст.

Яраслаў Раманчук прапануе ператварыць Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі ў камэрцыйны холдынг, прадаць акцыі гэтага прадпрыемства празь Беларускую дзяржаўную фондавую біржу, каб было прынамсі 10% мінарытарных акцыянэраў. Навошта?

«Тады можна будзе прымусіць перавесьці ўсю бухгальтэрыю прадпрыемства на міжнародныя стандарты ўліку. І можна будзе паглядзець, наколькі эфэктыўна Кіраўніцтва спраў кіруе фінансамі і рэсурсамі апошнія 10 гадоў».

Эканаміст падзяліўся назіраньнямі за тым, куды КСП накіравала сваю прысутнасьць за апошнія 5 год.

«Раней яно было ў адпачынку, у турыстычнай галіне, сувэніры выраблялі, нават займалася лесанарыхтоўкай у запаведных лясах. Потым пасунуліся ў банкаўскую сфэру, у сельскую гаспадарку, вось на фармацэўтыку нацэліліся, на лятарэйны бізнэс. Але па сутнасьці гэтае пашырэньне робіцца не праз мэханізмы рынкавай эканомікі, а проста выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс на карысьць аднаго з канкурэнтаў на рынку», — кажа Яраслаў Раманчук і дадае, што «гэта парушэньне канстытуцыйнай нормы аб роўнасьці ўмоў гаспадараньня».

Ці ёсьць карупцыйны складнік?

У сярэдзіне 1990-х і пачатку 2000-х гадоў вакол начальнікаў Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта адзін за адным узьнікалі гучныя скандалы. Пры Івану Ціцянкову гандлявалі кантрабандным сьпіртам, Галіна Жураўкова адзначылася крадзяжом больш як мільёна даляраў, за што была асуджаная на 5 гадоў, але ў турме не сядзела ані дня, бо яе памілаваў Аляксандар Лукашэнка. Між тым падчас кіраваньня Віктара Шэймана пра карупцыйныя скандалы ў падначаленай яму ўстанове не чуваць. Свабода спытала ў Яраслава Раманчука, ці ня лічыць ён, што Шэйману, у адрозьненьне ад папярэднікаў, нарэшце ўдалося перамагчы карупцыю ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта?

«Мне відавочна, што там людзі вельмі добра працуюць з інфармацыяй, а наконт зьмяншэньня карупцыі нічога не скажу. Але калі ім аддалі „Банк разьвіцьця“ ці фактычна задарма аддавалі іншыя рэсурсы, бо яны ж на рынку нічога не набывалі, дык узьнікае пытаньне: а як яны з гэтым абыходзяцца, куды ідуць прыбыткі, хто кантралюе гэтыя грашовыя плыні? Грамадзкасьці ж нічога не паказваюць, толькі перад Лукашэнкам трымаюць справаздачу», — кажа Яраслаў Раманчук.

У чым асабісты інтарэс Аляксандра Лукашэнкі?

«Вы пытаецеся, навошта Лукашэнку гэтая дарагая цацка — Кіраўніцтва спраў? Што ён ад яе мае? Скажу гэтак, што пра грошы ня ведаю, але відавочна, што гэта такая мадэль ягонага кіраваньня. Лукашэнка паводзіць сябе як генэральны дырэктар ЗАТ „Беларусь“ і экспэрымэнтуе з рознымі мадэлямі, мае і тое, і тое. Мы ня ведаем усіх плыняў, але магчыма, што і ён ня ведае ўсіх плыняў, якія спараджае такімі структурамі.

Калі пры ім паствараліся камэрцыйныя структуры ў Менгарвыканкаме, пры розных міністэрствах, розныя дзяржаўныя холдынгі, як Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, канцэрны, дык паміж імі непазьбежна ўзьнікаюць пасярэднікі, якія выводзяць капітал і робяць бессэнсоўнымі легальныя інвэстыцыі ў беларускія акцыянэрныя таварыствы. З сапраўднай рынкавай эканомікай гэта мадэль мае мала агульнага», — мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Сьмерць і ўваскрашэньне Дэкрэту №3

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG