Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць і ўваскрашэньне Дэкрэту №3


Сьмерць і ўваскрашэньне Дэкрэту №3
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:40 0:00

Колькі і за што будуць плаціць беларусы паводле мадыфікаванага дэкрэту аб «дармаедах»? Ці справядлівыя яго патрабаваньні? Ці спародзіць ён новую хвалю пратэстаў? У чарговым выпуску «Зоны Свабоды» дыскутуюць Дзьмітры Гурневіч, Юры Дракахруст і Валянцін Жданко і вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем вам фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 1 аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. У дакумэнце, сярод іншага, гаворыцца, што ад 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць аплачваць датаваныя дзяржавай паслугі па іх поўнай цане. Разам з тым дэкрэт адмяняе так званы «дармаедзкі збор». Валянцін, што станоўчага і што адмоўнага вы бачыце ў гэтым рашэньні?

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Валянцін Жданко: Станоўчае ўжо тое, што адменены гэты дармаедзкі збор, вялізны падатак, які для многіх сем’яў быў вельмі істотным. Уласна таму і выклікала гэта такое моцнае грамадзкае незадавальненьне ў лютым, сакавіку летась. Цяпер гэтага збору няма. Па-другое, на маю думку, істотна скарачаецца і сацыяльная база так званых дармаедаў. Мноства людзей у малых вёсках, мястэчках, дзе фактычна няма як такой жыльлёва-камунальнай службы, хутчэй за ўсё не падпадуць пад гэтыя дадатковыя аплаты.

Што датычыць мэдычнага абслугоўваньня і адукацыі, то наўрад ці ўлады пойдуць на ўвядзеньне аплаты за яе для людзей, якія ня маюць часова працы. Гэта папросту супярэчыла бы канстытуцыйным нормам, якія гарантуюць даступнае бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне і абавязковую бясплатную сярэднюю адукацыю ўсім грамадзянам.

Гэта папросту супярэчыла бы канстытуцыйным нормам, якія гарантуюць даступнае бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне.

Што да адмоўных момантаў, то ўлада ўсё ж не адмовілася ад свайго намеру спагнаць грошы з гэтых людзей, людзей, якія ўласна кажучы, дармаедамі не зьяўляюцца, якая працуюць, цяжка працуюць і эфэктыўна, але проста ня могуць знайсьці прымяненьня сваім сілам тут. Гэта ня значыць, што ў Беларусі няма працы, працу часта прапануюць, але працу, на якую немагчыма пражыць і пракарміць сваю сямʼю. Плаціць на гэтых працоўных месцах дзяржава пагаджаецца настолькі мізэрныя заробкі, таму людзі вымушаныя шукаць працу за межамі Беларусі. З гэтых людзей па-ранейшаму, чыноўнікі, якія задумалі той і гэты дэкрэты, не адмовіліся ад намеру спагнаць грошы. Замест высілкаў, накіраваных на тое, каб стварыць дастаткова прывабныя працоўныя месцы ў Беларусі, гэтыя высілкі накіраваныя на тое, каб стварыць чыноўніцкую структуру, якая б кантралявала, знаходзіла гэтых людзей, абкладала іх дадатковымі зборамі альбо вызваляла ад гэтых збораў. На гэта накіраваныя намаганьні ўлады з дапамогай новага дэкрэту.

Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

Ганна Соўсь: Юры, у чым розьніца цяперашняга дэкрэту № 1 аб занятасьці і сумна вядомага дэкрэту № 3 аб «дармаедах»? Што там прынцыпова новага? Як ён будзе працаваць, пакуль невядома, але ці не атрымаецца, што так званым дармаедам давядзецца плаціць дзяржаве яшчэ болей, чым ранейшы збор каля 200 даляраў на год?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Юры Дракахруст: Розьніца паміж дэкрэтам № 1 і дэкрэтам аб дармаедах — найперш псыхалягічная. Характар «дармаедзкага збору» быў незразумелы людзям: я і так не працую, а зь мяне яшчэ спаганяюць грошы. На што, за што? Лёгіка (прынамсі, лёгіка, а не выкананьне) новага дэкрэту людзям больш зразумелая. Калі чалавек, нават беспрацоўны, ідзе ў краму, ён жа плаціць за хлеб, за малако. Але мэдыцына — гэта таксама даброта, паслуга. Гарачая вада ў хату, электрычнасьць, ацяпленьне — гэта таксама паслугі. Яны чагосьці каштуюць. Задавальненьня ад абавязку плаціць за гэтыя паслугі таксама ня будзе, але такі падыход людзям будзе больш зразумелы, чым абавязак плаціць дзяржаве «дармаедзкі» збор невядома на што і за што. За тое, што ў цябе няма працы, за тое, што ты на гэтай зямлі жывеш?

Калі сьпіс абмяжуецца камунальнымі тарыфамі, то выдаткі адмяжуюцца некалькімі дзясяткамі рублёў.

Ну і другі момант — гэта дэталі, у якіх, паводле ангельскага выслоўя, хаваецца дʼябал. Дэкрэт мае адсылачны характар — паводле дэкрэту грошы будуць спаганяць па сьпісе паслугаў, які яшчэ мусіць вызначыць урад. Калі гэта будзе ўвесь спэктар дабротаў, спансаваных дзяржавай, а гэта і мэдыцына, і адукацыя, і ЖКГ, то гэта будуць велізарныя грошы. Калі чалавеку робяць, скажам, анкалягічную апэрацыю, то яна каштуе ў прынцыпе тысячы, калі не дзясяткі тысячаў даляраў. Адкуль такія грошы возьме беларускі беспрацоўны?

Парадокс палягае ў тым, што ў пытаньні аплаты дзяржаўных паслугаў улада нарываецца на супраціў ідэалёгіі, якую яна нібыта вызнае.

Калі сьпіс абмяжуецца камунальнымі тарыфамі, то выдаткі адмяжуюцца некалькімі дзясяткамі рублёў. Хаця і тут ёсьць падводныя камяні. Некаторыя камэнтатары ўжо задавалі пытаньне: жыве сямʼя, муж працуе, жонка беспрацоўная. Як сямʼя будзе плаціць камуналку? Тут ёсьць дэталі, у якіх хаваецца менавіта дʼябал. Я мяркую, што справа ўсё ж абмяжуецца камуналкай. Улада ўсё ж суадносіць свае дзеяньні з народным пачуцьцём справядлівасьці. Да якога выбуху можа прыводзіць парушэньне гэтага пачуцьця ўлада ўбачыла падчас пратэстаў і масавага байкоту «дармаедзкага» збору. Улада адчувае, што ёсьць межы, якія небясьпечна пераходзіць.

Парадокс палягае ў тым, што ў пытаньні аплаты дзяржаўных паслугаў улада нарываецца на супраціў ідэалёгіі, якую яна нібыта вызнае. А паводле савецкай ідэалёгіі мэдыцына бясплатная апрыёры. Мэдыцына ў Беларусі павінная быць для мяне бясплатная, таму што я грамадзянін Беларусі — так разважае большасьць. Замах на гэта можа выклікаць абурэньне. Я ня думаю, што дэкрэт № 1 выкліча пратэсты прынамсі ў бліжэйшы час. Дэкрэт пачне дзейначаць толькі з 1 студзеня 2019 году, амаль праз год. Якія даброты будуць падпадаць пад яго дзеяньне, пакуль невядома. Беларусы ня той народ, які загадзя будзе пратэставаць. Пратэсты «дармаедаў» пачаліся толькі пасьля таго, калі людзі сталі атрымліваць «лісты шчасьця», а не адразу пасьля прыняцьця дэкрэту № 3. Як той казаў, пакуль певень не дзюбне, людзі ня будуць пераймацца з нагоды таго, што ён можа дзюбнуць, прычым калі незразумела, наколькі моцна.

Ганна Соўсь: Дзьмітры, а ці існуе падобныя практыка ў іншых краінах сьвету? Вы добра абазнаны ў сытуацыі ў Польшчы, там жылі і працавалі. Якіх дабротаў ад дзяржавы пазбаўленыя беспрацоўныя палякі?

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Дзьмітры Гурневіч: Юры згадаў пра мэдыцыну. У Польшчы чалавек, які не працуе, ня плаціць падаткаў у так званы Нацыянальны фонд здароўя, ня мае права на так званую бясплатную мэдыцыну, яна толькі можа быць платнай. Ёсьць пэўныя выключэньні, гэта цяжарныя жанчыны і дзеці.

Ганна Соўсь: Але ў Польшчы страхавая мэдыцына...

Спэцыяльных заканадаўчых актаў аб садзеяньні занятасьці насельніцтва там няма.

Дзьмітрый Гурневіч: Так, гэта дзяржаўная страхавая мэдыцына. Ёсьць прыватныя мэдычныя цэнтры, там свае правілы, але гаворка пра паліклінікі, да якіх прывыклі ў былым СССР. Там гэта так не працуе. Ёсьць спэцыяльная электронная сыстэма, ты прыходзіш, паказваеш дакумэнт, яго скануюць і кажуць: «А ў вас няма страхоўкі. Вы ня можаце гэтым карыстацца». Ёсьць і пэўныя выключэньні. Дзяржава зусім сваіх грамадзянаў ня кіне, калі яны зусім ужо будуць паміраць. Але ўсё ж гэта ня тое, што маюць магчымасьць мець беларусы, нават не працуючы.

Галоўны прыклад Польшчы ці іншых краінаў Заходняй Эўропы, які мне вядомы, палягае ў тым, што там не дзяржава стварае працоўныя месцы, а ствараюцца ўмовы для людзей, каб яны самі стваралі працоўныя месцы і хацелі працаваць там. Спэцыяльных заканадаўчых актаў аб садзеяньні занятасьці насельніцтва там няма. Некалькі гадоў таму ў Польшчы было беспрацоўе 10 працэнтаў, цяпер чатыры. Гэта сталася пасьля таго, як зьмянілі ўмовы для працадаўцаў і для людзей. Яно само зьнікла. Людзі пабачылі магчымасьць, што яны могуць самі ствараць працоўныя месцы.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG