Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія зьмены рыхтуюцца ў «дэкрэт аб дармаедах»


Праз год, 1 студзеня 2019 году, мае запрацаваць у новай рэдакцыі дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Яго дзеяньне летась прыпынілі пасьля хвалі масавых пратэстаў, якія пракаціліся па ўсёй краіне.

Паводле ўрадавай газэты «Звязда», працоўная назва абноўленага дэкрэту — «Па садзейнічаньні занятасьці» — адлюстроўвае і зьмену канцэпцыі дакумэнту: ён будзе больш накіраваны на тое, каб стымуляваць да пошуку працы, а ня толькі караць за сацыяльнае ўтрыманства. Якія ж канкрэтна зьмены прадугледжаныя ў дэкрэт?

Непрацуючых будуць вылічаць па ID-пашпартах

Паводле старшыні Сталай камісіі па працы і сацыяльных пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Тамары Красоўскай, на якую спасылаецца «Звязда», для падвышэньня занятасьці прадугледжаныя новыя арганізацыйныя рычагі. Сярод іх — вызначэньне рэгіёнаў, у якіх найбольш напружанае становішча зь беспрацоўем, прыняцьце ў такіх рэгіёнах адмысловых праграм, рэгулярнае абнаўленьне сьпісаў найбольш праблемных раёнаў, асаблівая ўвага да іх з боку органаў дзяржаўнага кіраваньня.

«Мы заўважылі, што наймальнікі ня вельмі ахвотна хочуць браць выпускнікоў ВНУ і каледжаў бяз вопыту, а таксама жанчын, якія толькі выйшлі з водпуску па доглядзе за дзіцем. Каб знайсьці працоўнае месца для кожнага, у раёнах павінны быць створаны спэцыяльныя камісіі. У іх увойдуць дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі ЖКГ, упраўленьняў унутраных спраў, аддзелаў адукацыі і занятасьці», — сказала Тамара Красоўская.

Паводле Тамары Красоўскай, у кожным раёне будзе створаная база дадзеных грамадзян, не занятых у эканоміцы:

«Інфармацыя ў базе павінна актуалізавацца штомесячна — хто пераехаў у іншы рэгіён, хто праходзіць курсы. Вылічыць, ці ёсьць праца ў чалавека, можна будзе таксама з дапамогай ІD-карткі, якую ў наступным годзе плянуюць завесьці на кожнага грамадзяніна».

Захады адміністрацыйнага характару застануцца

У 2017 годзе за час дзеяньня Дэкрэту № 3 15 тысяч грамадзян, якія пасьпелі сплаціць збор на фінансаваньне дзяржвыдаткаў, атрымалі працу, або былі прызнаныя недзеяздольнымі і інвалідамі, альбо дасягнулі пэнсійнага ўзросту. Гэтым людзям грошы вярнулі — усяго 4,5 мільёна рублёў. Між тым частка працаўладкаваных зноў папоўніла шэрагі тых, каго дзяржава лічыць сацыяльнымі ўтрыманцамі.

«Многія, хто быў уладкаваны камісіяй вясной, ужо звольніліся. Хоць ім і месца на добрых прадпрыемствах знайшлі, і заробак далі», — кажа Тамара Красоўская.

Паводле дэпутата Красоўскай, да падобных грамадзян трэба захаваць захады эканамічнага ўзьдзеяньня.

«Ім давядзецца аплачваць паслугі, якія субсыдыююцца зь бюджэту, у стопрацэнтным памеры. Дакладны пералік такіх паслуг будзе распрацаваны ўрадам у першым квартале 2018 году. Магчыма, у гэтым сьпісе акажуцца паслугі па газа- і электразабесьпячэньні», — сказала Тамара Красоўская і запэўніла, што беларусы, якія ня маюць працы, але знаходзяцца ў цяжкай жыцьцёвай сытуацыі, будуць вызваленыя ад такой платы.

Паводле дэкрэту «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», які быў прыняты 2 красавіка 2015 году, тыя, хто быў бяз працы больш за 183 дні ў годзе, мусілі плаціць адмысловы збор. У 2017 годзе лісты пра неабходнасьць сплаціць гэты збор атрымалі 470 тысяч беларусаў. Зь іх сплацілі збор 62,7 тысячы чалавек. Дзеяньне дэкрэту было прыпыненае на загад Аляксандра Лукашэнкі пасьля хвалі масавых пратэстаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG