Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бэрліне дамовіліся аб фармаваньні новага ўраду


У новым урадзе Нямеччыны Сацыял-дэмакратычная партыя атрымае тры міністэрскія партфэлі, у тым ліку кіраўніцтва міністэрствам замежных справаў. Акрамя таго, прадстаўнік СДПГ узначаліць міністэрства фінансаў. Пра гэта паведамляюць у сераду нямецкія СМІ. СДПГ таксама атрымае пасаду міністра па пытаньнях працы і сацыяльных спраў.

У Бэрліне ўзгодненая кааліцыйная дамова паміж партыямі блёку ХДС / ХСС і СДПГ па фармаваньні новага ўраду на чале з канцлеркай Ангелай Мэркель. Кіраўнік СДПГ Марцін Шульц зойме ў новым урадзе пост міністра замежных справаў і, згодна са шматлікімі паведамленьнямі, неўзабаве сыдзе з пасады старшыні партыі. Галоўным кандыдатам на пасаду старшыні СДПГ лічыцца кіраўнік фракцыі сацыял-дэмакратаў у Бундэстагу Андрэа Налес.

Першым зь вядомых палітыкаў паведамленьне аб узгадненьні дамовы пацьвердзіў адзін з лідэраў баварскай партыі ХСС (Хрысьціянска-сацыяльны саюз) Аляксандр Добрындт. Ён заявіў, што бакам удалося «выйсьці з акопаў» і ўладзіць многія міжпартыйныя канфлікты. Апошні раўнд перамоваў працягваўся без перапынку больш за суткі.

Ужо больш за 4 месяцаў пасьля выбараў у Бундэстаг 24 верасьня 2017 году Нямеччына жыла ў чаканьні новага чацьвёртага ўраду Ангелы Мэркель. Спроба блёку партый ХДС / ХСС сфармаваць урад у кааліцыі з партыяй Саюз-90 / «Зялёныя» і Свабоднымі дэмакратамі не ўдалася, і тады сацыял-дэмакраты, якія першапачаткова заявілі пасьля выбараў у Бундэстаг, што сыходзяць у апазыцыю, пагадзіліся на перамовы. Некаторыя камэнтатары прадракалі гэты сцэнар загадзя.

Сацыял-дэмакратам удалося дамагчыся ўключэньня ў дамову важных для партыі пазыцый і мэтаў. Посьпехам партыі на перамовах можна лічыць і тое, што яе прадстаўнікі атрымаюць у кіраваньне некалькі важных міністэрстваў: фінансаў, юстыцыі, замежных спраў, працы, сям’і і абароны навакольнага асяродзьдзя. Але ёсьць і дамоўленасьць аб законапраектах, якія пацешаць тых, хто галасаваў за сацыял-дэмакратаў. Гэта і новыя меры па абароне ад звальненьняў і ў справе ліквідацыі ў Нямеччыне дзьвюх формаў мэдыцынскага абслугоўваньня — для багатых і для бедных і многае іншае.

Пачаўся працэс зацьвярджэньня дамовы ў партыйных органах трох удзельнікаў перамоваў. Але калі ў выпадку блёка ХДС / ХСС — гэта фармальная справа, то ў сацыял-дэмакратаў карціна іншая.

Ўзгодненая дамова зможа ўступіць у сілу толькі пасьля ўхвалы большасьцю членаў партыі сацыял-дэмакратаў. Будзе праведзена галасаваньне 450 тысяч чалавек. Вынік галасаваньня ў працэнтных адносінах дрэнна прадказальны, але хутчэй за ўсё большасьцю членаў партыі ён павінен быць ухвалены. Не выключаны і раскол партыі пасьля галасаваньня, так як Саюз маладых сацыял-дэмакратаў актыўна выступаў і выступае супраць працягу так званай «Вялікай кааліцыі». Паралельна ідзе і барацьба за тое, каб адмяніць гэты ўнутрыпартыйнай рэфэрэндум праз Канстытуцыйны суд Нямеччыны.

Многія камэнтатары пішуць і пра цяжкасьці лідэра сацыял-дэмакратаў Марціна Шульца. Яго папулярнасьць, як і папулярнасьць партыі падае. Паводле апошніх апытаньняў, калі б выбары праводзіліся ў гэтыя дні, то за СДПГ прагаласавала б 18 працэнтаў выбаршчыкаў, а за правую кансэрватыўную «Альтэрнатыву для Нямеччыны» ужо 14. Разрыў скараціўся да мінімуму. Праглядаецца тэндэнцыя да страты сацыял-дэмакратамі, як у Францыі, статусу «народнай партыі». Але можа быць посьпех у кааліцыйных перамовах усё ж спыніць гэтую тэндэнцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG