Нямецкія сацыял-дэмакраты прагаласавалі за пачатак кааліцыйных перамоваў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, якая ўзначальвае Хрысьціянска-дэмакратычны Саюз.
Як паведамляе Reuters, гэтае рашэньне стала першым крокам да фармаваньня стабільнага ўраду пасьля некалькіх месяцаў палітычнай нявызначанасьці.
Дэлегаты канфэрэнцыі СДП прагаласавалі за перамовы з Мэркель у суадносінах 362 за і 279 супраць, адзін дэлегат устрымаўся.
Марцін Шульц, лідэр сацыял-дэмакратаў, заявіў, што саюз з хрысьціянскімі дэмакратамі дазволіць процідзейнічаць вельмі правым сілам. Раней у студзені Мэркель і Шульц сумесна прынялі папярэдні праект будучай кааліцыі.
Перамовы, як чакаецца, пачнуцца ў бліжэйшыя дні. Гэта здыме заклапочанасьць сярод партнэраў Нямеччыны па Эўразьвязе, у якім Мэркель доўгі час адыгрывае ролю лідэра ў пытаньнях эканамічнага разьвіцьця і арганізацыі бясьпекі.