Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакеісткам Паўднёвай і Паўночнай Карэяў давялося скласьці слоўнік, каб паразумецца


Для выступленьня на Зімовай алімпіядзе Паўночная і Паўднёвая Карэі сфармавалі агульную жаночую хакейную каманду ўсяго за пару тыдняў да адкрыцьця Гульняў.

Складанасьць падрыхтоўкі спартовак заключаецца ня толькі ў тым, што каманда павінна навучыцца гуляць разам за кароткі тэрмін, але і ў тым, што мова Паўночнай і Паўднёвай Карэяў адрозьніваецца.

Канадзкі трэнэр каманды Сара Мюрэй распавяла, што яе каманда напісала трохстаронкавы слоўнік, у якім асноўныя хакейныя тэрміны перакладзеныя з ангельскай на паўднёвакарэйскі, а затым — на паўночнакарэйскі.

Краіны падзеленыя вось ужо 70 гадоў. За гэты час паўднёвыя карэйцы запазычылі шмат слоў з ангельскай мовы ў той час, як паўночныя карэйцы стваралі ўласныя словы. Экспэрты лічаць, што ў карэйскіх мовах каля траціны слоў, якія выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцьці, адрозьніваюцца адзін ад аднаго.

Жыхары Паўднёвай і Паўночнай Карэяўразумеюць адзін аднаго, паколькі большасьць слоў і граматыка мовы засталіся нязьменныя. Праблемы ўзьнікаюць, у асноўным, са спэцыяльнай тэрміналёгіяй, напрыклад, у мэдыцыне або спорце.

Вось некалькі прыкладаў з слоўніка карэйскай алімпійскай жаночай зборнай па хакеі:

  • Пас. Паўднёвакарэйцы выкарыстоўваюць ангельскае слова pass, паўночнакарэйцы — yeol lak, што ў перакладзе азначае «сувязь» або «паведамленьне».
  • Крайні нападнік. У Паўднёвай Карэі скарацілі англійская тэрмін winger да wing. У Паўночнай Карэі кажуць nahl gay soo ці «крайні гулец».
  • Блякаваньне ўдару. Паўднёвакарэйцы запазычылі ангельскую фразу block shot. Паўночнакарэйцы кажуць buhduh makee ці «цягнуцца, каб заблякаваць».

Усяго да 23 членаў жаночай каманды Паўднёвай Карэі па хакеі дадаліся 12 гульцоў з Паўночнай.

Каманда ўжо сыграла свой першы матч па-за Алімпіядай супраць зборнай Швэцыі. На спартоўках была аднолькавая форма з аб’яднаным сьцягам, на якім намаляваны Карэйскі паўвостраў. Замест гімнаў, хакеісткі слухалі народную песьню. Матч карэйцы прайгралі зь лікам 1-3.

Тым ня менш, у алімпійскай вёсцы спартовак пасялілі ў розных хатах.

Паўночная і Паўднёвая Карэі вырашылі сумесна выступіць на цырымоніі адкрыцьця Гульняў пасьля перамоваў, што прайшлі 15 студзеня.

Раней прэзыдэнт Паўднёвай Карэі сказаў, што гатовы асабіста сустрэцца з Кім Чэн Ыном «пры ўмове, што гэтая сустрэча будзе садзейнічаць вырашэньню ядзернай праблемы і аднаўленьню міжкарэйскіх адносін».

У навагоднім тэлезвароце Кім Чэн Ын заявіў, што 2018 год стане для карэйскага народа «вельмі важным», ён таксама прапанаваў адправіць на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхан паўночнакарэйскі дэлегацыю. На працягу некалькіх дзён КНДР упершыню за некалькі гадоў аднавіла лінію спэцсувязі з Паўднёвай Карэяй

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG