Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўднёвая Карэя і КНДР пачалі першыя за два гады афіцыйныя перамовы


Паўднёвакарэйскі міністар у справах нацыянальнага аб’яднаньня Чо Мён Ґюн (зьлева) і кіраўнік дэлегацыі КНДР Ры Сон Ґвон. 9 студзеня 2018 году

Паўднёвая Карэя і КНДР пачалі першыя за два зь лішкам гады афіцыйныя перамовы. Іх тэмай зьяўляецца магчымасьць удзелу атлетаў з Паўночнай Карэі ў зімовых Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў лютым у Паўднёвай Карэі, а таксама паляпшэньне адносінаў паміж краінамі.

Кіраўнік дэлегацыі КНДР Ры Сон Ґвон заявіў, што ягоная краіна мае «сур’ёзную і шчырую пазыцыю», а таксама намер зрабіць Сэулу «навагодні падарунак».

Па словах паўднёвакарэйскага міністра ў справах нацыянальнага аб’яднаньня Чо Мён Ґюна, цяперашнія перамовы — «гэта палова паездкі» на шляху да ўсталяваньня лепшых адносінаў.

Прадстаўнік Паўднёвай Карэі дадаў, што ягоная дэлегацыя таксама рыхтуецца абмеркаваць працяг аб’яднаньня сем’яў, якія падзяліла Карэйская вайна.

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў пра магчымасьць дыялёгу з Паўднёвай Карэяй у сваім навагоднім звароце. Ён заклікаў да памяншэньня напружанасьці на Карэйскім паўвостраве і сказаў, што КНДР мае жаданьне прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях. Кім Чэн Ын у той жа час заявіў, што Пхэньян працягне вытворчасьць ядзерных ракет і гатовы нанесьці ўдар у выпадку пагрозы.

Алімпіяда ў Пхёнчхане пройдзе зь 9 да 25 лютага 2018 году.

XS
SM
MD
LG