Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР пагадзілася на перамовы з Паўднёвай Карэяй на наступным тыдні


Архіўнае фота. Перамовы прадстаўнікоў КНДР і Паўднёвай Карэі ў жніўні 2015 году

Паўночная Карэя прыняла прапанову Паўднёвай Карэі правесьці афіцыйныя перамовы на наступным тыдні ўпершыню за больш як два гады.

Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як Злучаныя Штаты і Паўднёвая Карэя вырашылі адкласьці на час Алімпіяды свае сумесныя вайсковыя вучэньні.

Міністэрства юстыцыі Паўднёвай Карэі паведаміла 5 студзеня, што Паўночная Карэя накіравала Сэулу пісьмовую згоду на перамовы, якія адбудуцца 9 студзеня. Апошні раз афіцыйныя перамовы бакоў на высокім узроўні адбыліся ў сьнежні 2015 году.

Перамовы будуць праходзіць у памежным сяле Пханмунджом і, як чакаецца, будуць сканцэнтраваныя на тэмах зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане і паляпшэньні міжкарэйскіх стасункаў.

У Мінюсьце заявілі, што Паўднёвая Карэя не зьмяніла сваёй пазыцыі ў дачыненьні ядзернай палітыкі Паўночнай Карэі і застаецца ў цесным супрацоўніцтве з ЗША.

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў пра магчымасьць дыялёгу з Паўднёвай Карэяй у сваім навагоднім звароце. Ён заклікаў да памяншэньня напружанасьці на Карэйскім паўвостраве і сказаў, што КНДР жадае ўзяць удзел у Алімпійскіх гульнях. Кім Чэн Ын у той жа час заявіў, што Пхэньян працягне вытворчасьць ядзерных ракет і гатовы нанесьці ўдар у выпадку пагрозы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG