Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казкі для дарослых пра вуліцу Быкава


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Шчыра кажучы, спачатку хацеў назваць свой блог інакш — «Мазгавы штурм супраць вуліцы Быкава». Столькі тлумачэньняў за апошнія гады было, адгаворак: што «перашкаджае», быццам каманда дадзена «не пушчаць».

Як вядома, подпісы былі сабраныя, каб у сталіцы і ў Горадні былі вуліцы народнага пісьменьніка. Ён пражыў нямала ў абодвух гарадах, напісаўшы свае вядомыя кнігі. І вось чытаем, што ў сталіцы няма такой вуліцы літаральна таму, што Ўладзімер Някляеў выкарыстаў гэтую ідэю некалі ў сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта вынікае са словаў старшыні праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалая Чаргінца. Я дарослы чалавек, але нічога не магу ў гэтым зразумець.

Што, атрымліваецца, раз Някляеў прапаноўваў, каб была вуліца народнага пісьменьніка, а начальства Някляева ня любіць, значыць ня быць такой вуліцы? Выходзіць, што — так і ніяк інакш. Раз пры Шушкевічу БССР стала Рэспублікай Беларусь, атрымаўшы новыя дзяржаўныя сымбалі, значыць — ня быць ім?! Так, менавіта так. Паколькі начальства ня любіць Шушкевіча. «Што разваліў СССР», паклаўшы тым самым пачатак будаўніцтву незалежнай Беларусі.

Да слова: паводле Чаргінца, вулічныя і дарожныя шыльды, напісаныя па-беларуску, — літаральна заслуга ягонага Саюзу пісьменьнікаў. Так вынікае са сказанага. Аднак добра вядома, што арганізацыя была створаная ў 2006 годзе. А спачатку дарожныя ўказальнікі, затым назвы вуліц сталі пісаць яшчэ да Шушкевіча. Гэта агульнавядома. Дзеля гэтага высілкі прыклала толькі створанае тады Таварыства беларускай мовы імя Скарыны на чале з народным паэтам Гілевічам.

Вяртаючыся да Някляева: ён быў зьбіты на горкі яблык у дзень прэзыдэнцкіх выбараў і кінуты за краты — пры канцы 2010 году. Аднак, наколькі памятаю, тысячы подпісаў за вуліцу Быкава ў сталіцы былі перададзеныя ўладам празь некалькі год. Тысячы — галасоў — гэта нішто значыць? Затое старшыня СПБ цяпер абяцае, што такая вуліца будзе. (Як вядома, прапаноўвалася замяніць нэўтральную назву «Танкавая», вуліцы, дзе жыў Быкаў у Менску). Справа, выходзіць, у перайманьні ініцыятывы ў «дрэннага» Някляева? І новая ініцыятыва Чаргінца — замяніць Фрунзэ на Быкава (каб даць затым бальшавіку больш значную вуліцу) — мае прайсьці?

Я зусім заблытаўся ва ўсім гэтым, хаця заўсёды быў «у тэме», сачыў, сам пісаў. І, што прыкра, памыліўся аднойчы. Не па сваёй віне. Калі ў Горадні чарговы раз зьмяніўся кіраўнік, ён заявіў, што ў горадзе будзе абавязкова вуліца Быкава. І неўзабаве паведамлялася ўжо, што «рашэньне прынятае» і называлася канкрэтна — дзе такая вуліца будзе. У новым жылым мікрараёне Альшанка. А трэба сказаць, што ў Горадні таксама пасьлядоўна змагаліся за гэта. І тапанімічная камісія была «за», і актывісты подпісы зьбіралі.

Аднак усё спусьцілі на тармазах. Нібыта — вось яна ўжо была, вуліца такая, але друкуюць мапу — няма. І паведамляецца, што ў Альшанцы паявіўся праспэкт апошняга героя Савецкага Саюзу, які жыў у горадзе і памёр тры гады таму. Звычайна начальства любіць паўстрымліваць: не сьпяшайцеся, трэба каб тэрмін прайшоў, каб маштаб асобы высьвеціўся і гэтак далей. А на той момант мінула адзінаццаць год, як памёр Быкаў, між іншым. Праўда, ня ў Горадні. І зорка героя ў яго была іншая — Сацыялістычнай працы. Так што «не падышоў».

Да слова: праспэкт героя Савецкага Саюзу адкрыў сам кіраўнік гораду, асабіста за рулём аўтобуса праехаўшы першым. Мас мэдыя дружна паведамілі: «Назву праспэкта выбіралі жыхары гораду, і да гэтай думкі прыслухалася адміністрацыя гораду». Я прачытаў і задумаўся: а назва — «Васіля Быкава» — не гарадзенцы хіба прыдумалі? Жыхары ня Горадні? А чаго тады — Друскенік, Гданьска, Нью-Ёрку?

Праўда, самае высокае начальства, як вынікае са словаў, Мікалая Чаргінца, падтрымала ідэю адкрыцьця аддзелу, прысьвечанага Быкаву, у прыватнасьці, у музэі ў Горадні. Але й тут толькі на паверхні проста. Даўным-даўно, як вядома, створаны грамадзкі музэй Васіля Быкава. Але далей справа не пайшла. Сапраўды стваральнікам прапанавалі аднойчы зрабіць пакой Быкава ў дзяржаўным музэі, выкарыстаўшы сабраныя імі экспанаты. Гэта было некалькі гадоў таму. Нібы кампраміс, але людзі не пагадзіліся. Так што, ці будзе такі быкаўскі «аддзел» — невядома.

У чым жа «падэсьць» праблемы? У тым, што «ня тыя» людзі займаюцца ўшанаваньнем памяці Васіля Быкава? Звычайна — «нядобранадзейныя»? Але ж і чыноўнікі часам далучаліся да справы, чаму тады заканчвалася нічым? Што гэта азначае? Што «перавышалі кампэтэнцыю»? Але чаму тады начальства на больш высокіх паверхах улады не пераймае справу, не вядзе рэй? Напэўна, у гэтым якраз і соль пытаньня. Таму што сам Быкаў для яго «не такі». Чаму? Мабыць таму, што яно само «не такое», «ня быкаўскае».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG