Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль назваў ЗША «непрадказальнымі партнэрамі»


Дзьмітрый Пяскоў.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што публікацыя так званага «крамлёўскага дакладу» зьяўляецца «хутчэй варожым актам» у адносінах да Расеі.

Крэмль у сераду назваў Злучаныя Штаты «непрадказальнымі партнэрамі», адзначыўшы, што публікацыя ў Вашынгтоне так званага «крамлёўскага дакладу» зьяўляецца «хутчэй варожым актам» у адносінах да Расеі, паведамляе Голас Амэрыкі.

«Мы маем справу з непрадказальнымі партнэрамі і, вядома, на фоне такой непрадказальнасьці трэба захоўваць сабранасьць, прынамсі, трэба дзейнічаць у адпаведнасьці з тым разуменьнем, чаго мы хочам», — сказаў Пяскоў у гутарцы з журналістамі.

Ён зьвярнуў увагу рэпартэраў на заявы, якія гучалі з Вашынгтону, па пытаньні аб далейшым узмацненьні жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Расеі.

«У самім тэксьце дакумэнту напісана, што гэта ніякім чынам не зьяўляецца рэстрыкцыяў або санкцыямі, далей гучаць афіцыйныя заявы пра тое, што гэта пачатак санкцый, потым — узаемавыключальныя слова і гэтак далей і таму падобнае», — растлумачыў ён.

«Тут адназначна толькі тое, на што ўчора зьвярнуў увагу прэзыдэнт — гэта відавочна несяброўскі і хутчэй варожы акт у адносінах да нашай краіны. Гэта зьяўляецца квінтэсэнцыяй таго, як гэтая публікацыя ўспрымаецца тут», — працягнуў ён.

Позна ўвечары ў панядзелак адміністрацыя Дональда Трампа апублікавала даўно чаканы сьпіс з 114 расейскіх палітыкаў і 96 «алігархаў», якія атрымалі посьпех падчас кіраваньня Пуціна.

Такім чынам адміністрацыя выканала патрабаваньне Кангрэсу аб пакараньні Масквы за ўмяшаньне на выбарах 2016 году ў ЗША.

Аднак адміністрацыя суправадзіла гэты крок нечаканай аб’явай пра тое, што яна вырашыла — прынамсі на дадзены момант — устрымацца ад прымяненьня супраць фігурантаў сьпісу якіх-небудзь санкцый.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG