Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцінскі сьпіс»: рэакцыя ў ЗША і Расeі


Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў
Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў

Вашынгтон пакуль ня ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да фігурантаў сьпісу.

Адміністрацыя Дональда Трампа апублікавала даўно чаканы санкцыйны сьпіс расейцаў, выканаўшы патрабаваньне Кангрэсу аб пакараньні Масквы за ўмяшаньне ў выбары 2016 году ў ЗША. Аднак адміністрацыя вырашыла пакуль што ўстрымацца ад ужыцьця супраць фігурантаў сьпісу якіх-небудзь санкцый.

Некалькі прадстаўнікоў Крамля абурана адрэагавалі на публікацыю сьпісу. Прэм’ер-міністар РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што гэты крок «будзе атручваць нашы кантакты, нашы адносіны на працягу досыць доўгага часу».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адрэагаваў больш стрымана, заявіўшы, што Расея пакуль ня будзе прымаць дзеяньняў у адказ.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітры Пяскоў, чыё імя фігуруе ў сьпісе, заявіў, што Расея вывучыць зьмешчаную ў дакладзе інфармацыю, перш чым вызначыцца з адказам.

Адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі — Аляксей Навальны — вітаў публікацыю сьпісу, напісаўшы ў аўторак у сваім «Твітэры»: «Ну што ж, мы рады, што іх афіцыйна прызналі жулікамі і зладзеямі на міжнародным узроўні».

Сакратар дэмакратычнай меншасьці ў Палаце прадстаўнікоў Стэні Гоер асудзіў рашэньне адміністрацыі не прымаць новыя санкцыі і адсутнасьць «пляну стрымліваньня далейшай расейскай агрэсіі».

«Санкцыі могуць быць стрымліваючым фактарам, толькі калі краіны вераць, што ЗША будуць прыводзіць іх у дзеяньне. Сёньняшняя бяскроўная заява, безь якіх-небудзь камэнтароў з боку высокапастаўленых прадстаўнікоў адміністрацыі, не дае мне ўпэўненасьці ў тым, што гэта так», — гаворыцца ў заяве Гоера.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў дэмакрат Раджа Крышнамурці таксама раскрытыкаваў рашэньне Белага дому:

«Кангрэс прыняў законапраект аб санкцыях супраць Расеі пераважнай большасьцю галасоў, каб пазначыць сваю пазыцыю наконт ўмяшаньня Расеі ў нашу дэмакратыю. Мяркуючы па ўсім, прэзыдэнт гэтую пазыцыю пазначаць ня хоча», — напісаў ён у «Твітэры».

Тым часам афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт заявіла, што ўжыты захад ўжо наносіць удар па расейскіх кампаніях.

«Сёньня мы праінфармавалі Кангрэс, што гэты законапраект і яго рэалізацыя ўжо зьяўляюцца стрымліваючым фактарам у дачыненьні да расейскага абароннага сэктару, — гаворыцца ў заяве Наўэрт. — З моманту прыняцьця законапраекту, паводле нашых ацэнак, шэраг замежных дзяржаваў адмовіліся ад заплянаваных або заяўленых закупак расейскай абароннай прадукцыі на мільярды даляраў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG