Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцы зрабілі бізнэс на настольных гульнях пра паўстанцаў і хочуць зьдзівіць Эўропу


Сям’я гарадзенцаў Янкоўскіх пачала бізнэс з грошай, сабраных на ўласнае вясельле. Яны прайшлі шлях ад крамы і фэстываляў настольных гульняў да выдавецтва. Сужэнцы мараць у будучыні заваяваць сэрцы эўрапейцаў якаснай беларускай гульнёй.

«Раней я думала: „Што за олдскул!“»

Антось і Наста Янкоўскія яшчэ 10 гадоў таму з настольных гульняў (настолак) ведалі толькі «Манаполію» і «Мафію». Цяпер іхная кватэра застаўленая каробкамі з уласнымі распрацоўкамі, якія прадаюцца нават у менскім аэрапорце, а ў сына Міхаські гэта любімыя цацкі.

«Раней знаёмыя гулялі ў настолкі, а я думала: „Што за олдскул!“. Калі б нехта сказаў, што пасьля ўнівэрсытэту я буду імі займацца, расьсьмяялася б яму ў твар», — усьміхаецца Наста.

Усё пачалося пяць гадоў таму. Антось працаваў выкладчыкам у каледжы

Наста Янкоўская
Наста Янкоўская

мастацтваў, Наста — дызайнэркай у мастацкай студыі. Маладыя людзі набылі «Dixit» (папулярная настольная гульня ў асацыяцыі) і гулялі зь сябрамі. Задумаліся, якія ёсьць беларускія настольныя гульні. Зразумелі: ніякіх.

Жартам нарадзілася ідэя. Калі ў іншых краінах ёсьць «Мафія», то беларуская мафія — паўстанцы. З агульнага: скрытнасьць, барацьба, супраціў, трэба схавацца, знайсьці, рассакрэціць.

«У Антося ёсьць цудоўная якасьць, — працягвае Наста. — Над ідэямі, якія прыдумляюцца дзеля жарту ці мімаходзь, 99% людзей пасьмяюцца і забудуць. Антось можа давесьці іх да рэалізацыі. Ён сур’ёзны фантазёр».

«Паўгода буду хадзіць па офісах, каб „адбіць“ грошы»

Распрацавалі правілы, пэрсанажаў, дызайн гульні «Паўстанцы». Убачылі, што атрымліваецца. Якраз набліжалася 150-годзьдзе паўстаньня 1863-1864 гадоў. Але як выдаць навінку?

Гульня «Паўстанцы» была прысьвечаная 150-годзьдзю паўстаньня 1863-1864 гадоў
Гульня «Паўстанцы» была прысьвечаная 150-годзьдзю паўстаньня 1863-1864 гадоў

Можна было зрабіць 20 асобнікаў па вельмі высокім кошце. Наўрад ці нехта набыў бы, а хацелася шырокага распаўсюду. Афсэтам атрымалася б надрукаваць 1000 асобнікаў па сабекошце ў 10 разоў ніжэйшым, канкурэнтаздольным. Спыніліся на другім варыянце.

У маладых людзей былі грошы, сабраныя на вясельле, што мелася быць праз паўгода. Яны здаваліся нарачоным касьмічнай сумай, бо іншых фінансаў ня мелі.

Антось Янкоўскі
Антось Янкоўскі

«Я доўга думаў, пасьля прыйшоў да Насты, і кажу: „Тыя грошы, што мы сабралі на вясельле, трэба ўкласьці ў гульню“. Угаворваў яе тры дні. Сказаў, што паўгода буду хадзіць з гульнёй па офісах, прадаваць на вуліцы, толькі каб „адбіць“ грошы. У выніку мы рабілі друк у горадзенскай прыватнай друкарні», — узгадвае авантуру Антось.

«Паверыла. І дагэтуль веру, бо першы досьвед быў клясны. Тут пастаянна такія авантуры», — прызнаецца Наста.

«Што гэта за гульня такая? Каб улада заўсёды прайгравала?»

Пра першую беларускую настолку тады напісалі многія мэдыя. Паводле Антося, ад званкоў журналістаў тэлефон разрываўся цягам тыдня. Ужо першыя прэзэнтацыі гульні чакаў посьпех.

«Горадзенская галерэя „Крыга“ „рвалася“ ад людзей, на вуліцы стаялі. У менскае выдавецтва „Логвінаў“ ахвочыя не маглі зайсьці, дык глядзелі праз вокны», — узгадвае аўтар.

Нават кіраўніцтва Антося праявіла цікаўнасьць. Дырэктар каледжа выклікаў хлопца да сябе з пытаньнем: «Што гэта за гульня такая? Каб улада заўсёды прайгравала?». Пасьля гадзіны тлумачэньня ён зразумеў, што настолка не палітычная, а гістарычная, і шансы на перамогу ва ўсіх роўныя.

Аўтары адразу прадалі каля паловы ўсяго накладу. Ня толькі «адбілі» вясельныя грошы, але і зарабілі. Рэшта асобнікаў разышлася за1,5-2 гады без рэклямы. Дагэтуль ідуць замовы «Паўстанцаў» — сёлета плянуецца перавыданьне з дапаўненьнямі.

Аб прычынах посьпеху Янкоўскія адно здагадваюцца: першая беларуская аўтарская гульня, супадзеньне з гадавінай паўстаньня, агульны рост папулярнасьці настолак.

Ніхто ня верыў, што будзе такі посьпех з «Паўстанцамі»

«Ніхто ня верыў, што будзе такі посьпех. А я чамусьці быў упэўнены ў „Паўстанцах“. Магчыма, гэта і спрацавала. У пазьнейшых праектах трэба было ісьці да мэдыя. А тады ўсе самі ішлі да нас, запрашалі на прэзэнтацыі», — распавядаюць аўтары гульні.

Адкрылі краму настолак за 3 тысячы даляраў

Маладыя вырашылі пачаць сваю справу, каб было, дзе распаўсюджваць гульню. Праўда, Наста строга папярэдзіла: «Пасьля вясельля». Думалі пра краму сувэніраў або першую ў горадзе на той час антыкавярню. Урэшце спыніліся на краме настолак. У Горадні такога тады яшчэ не было. Так паўстала крама «Кубік».

Для старту спатрэбілася каля 2-3 тысяч даляраў: на мэблю, абсталяваньне, першапачатковыя гульні. Як і з «Паўстанцамі», з «Кубікам» таксама адразу «пайшло». Убачылі, што з крамы можна жыць. Нават у горшыя месяцы заробак быў ня меншы, чым на дзяржаўнай працы.

У краме «Кубік» можна купіць ня толькі настолкі ўласнага вырабу, але і іншыя гульні, напрыклад, замкі Беларусі з паперы
У краме «Кубік» можна купіць ня толькі настолкі ўласнага вырабу, але і іншыя гульні, напрыклад, замкі Беларусі з паперы

​«Гульняў тысячы, трэба з усімі пазнаёміцца. Зрабілі замову ў аптовай фірме за паўтара месяца да адкрыцьця крамы і пачалі гуляцца. Не надакучвала. Сталі сапраўднымі настольшчыкамі. Запрашалі сяброў. Было вельмі захапляльна», — дзеляцца ўспамінамі сужэнцы.

У першы год шмат працавалі над таварам. Большую частку заробленага адразу ж укладалі ў новыя гульні. Праз нейкі час пераехалі ў іншае памяшканьне, якое дзялілі з дзьвюма іншымі крамамі сваіх сяброў. Так арэнда выходзіла таньнейшай, а прастора візуальна здавалася большай.

Большасьць настолак дагэтуль прывозяць з Расеі. Накручваюць стандартныя 30-50% на цане.

«Там ёсьць добрыя выдавецтвы, якія лякалізуюць (адаптуюць) папулярныя эўрапейскія гульні. Асабліва варыянтаў больш няма. Няўжо на ангельскай прадаваць? Дарэчы, ва Ўкраіне шмат настолак перакладзена на ўкраінскую мову», — расказвае Антось.

«Мы прадаём не прадукт, а від адпачынку»

Дзеля папулярызацыі гульняў Янкоўскія стварылі свой фэстываль настольных гульняў «Игрокуб», самы буйны ў краіне. Ладзілі яго ўжо тры разы.

«Мы прадаём не прадукт, а від адпачынку, эмоцыі, уражаньні. Немагчыма прадаць чалавеку, які ні ўва што не гуляў, „скрынку з паперай“. Мы ладзім гульнятэкі, каб прышчапіць культуру настолак у Горадні».

Сёлета плянуюць запусьціць бясплатны пракат гульняў з той жа мэтай.

«Пракат — гэта рэкляма. Чалавек бярэ гульню, зьбірае сяброў, атрымлівае эмоцыі. Пасьля яны разумеюць, што менавіта хочуць набыць», — кажуць Янкоўскія.

Выдавецтва папулярызуе беларускую мову і культуру

Чарговым «дзіцём» сямейнай справы стала выдавецтва «А4». Яго пачыналі чатыры чалавекі з імёнамі на «А»: Антось, Анастасія, Андрэй і Ала. Яны выпускаюць ужо сёмую вялікую гульню. Калі ўлічваць варыяцыі асобных настолак, то трынаццатую. Амаль усе іхнія распрацоўкі арыгінальныя. Толькі «Вежа» — аналяг сусьветна вядомай «Джэнгі». Некалькі гульняў на беларускай мове.

Нядаўна яны рэалізавалі напалову сацыяльны праект «Карты Лапіных». Па захаваных малюнках аднавілі калоду картаў, якія 80 гадоў таму выпускалі на славутай фабрыцы братоў Лапіных у Горадні. Карты адметныя тым, што адлюстроўваюць рэальных пэрсанажаў беларускай і польскай гісторыі: Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста, Стэфана Баторыя. «Карты Лапіных» па хуткасьці продажаў пабілі посьпех «Паўстанцаў». Першы наклад у 3000 асобнікаў амаль скончыўся за 3-4 месяцы. На выданьне пайшло каля 3000 рублёў.

«На карты мы болей патрацілі на рэкляму, пошук рынку збыту. Калі „Паўстанцаў“ рабілі на энтузіязьме, то да картаў падыходзілі з гледзішча бізнэсу. Трэба было імкнуцца да канкурэнтнай цаны. Нельга прадаваць калоду за 20 рублёў толькі таму, што яна беларуская», — кажа Антось.

Новым крокам для выдавецтва стала супрацоўніцтва з буйной сеткай дзіцячых крамаў. Яны выдалі гульню «Мова. Буслік», якая дапаможа дзецям вывучаць беларускую мову. Дарослая вэрсія гульні выйшла раней. Буйны партнэр даў мажлівасьць выдаць не традыцыйныя 2 тысячы асобнікаў, а 10,5 тысячы.

Гульні, выдадзеныя «А4»: «Мова» і «Гаспадар цмокаў»
Гульні, выдадзеныя «А4»: «Мова» і «Гаспадар цмокаў»

Рэдактар выдавецтва «А4» Ганна Ліпчанская мяркуе, што яны займаюцца асьветніцтвам і робяць вольны час беларусаў больш цікавым.

«Настолкі пашыраюць кругагляд, дапамагаюць людзям стасавацца паміж

Ганна Ліпчанская
Ганна Ліпчанская

сабой, усьміхацца ня дужкамі і двукропʼямі, а ўжывую. Для мяне гонар удзельнічаць у значнай справе для нашага гораду. Я ўжо распрацавала ўласную гульню. У наступным годзе, мажліва, яе выдадуць», — кажа яна.

«Мінус уласнага бізнэсу ў параўнаньні з наёмнай працай у тым, што ты думаеш пра яго і ў гадзіну ночы. Але калі патрэбна зрабіць сабе выходны і заняцца хатнімі справамі, можаш сабе дазволіць. Гэта плюс. І там, і там ёсьць плюсы і мінусы. Аднак, калі гэта тваё, гэты плюс пераважвае», — разважае Антось Янкоўскі.

«Калі ў цябе дзьве гульні, цябе не слухаюць, калі 20 — пачынаюць размаўляць»

Цяпер настолкі выдавецтва прадаюцца празь невялікія аптовыя фірмы, у сувэнірных крамах, кнігарнях і нават у менскім аэрапорце. Самая вялікая цяжкасьць — паўнавартасна выйсьці на рынак, заваяваць давер, пашырыць асартымэнт. Выпусьціць гульню і адразу збыць яе вялікім накладам, каб людзі ведалі і шукалі навінку.

«Калі ў цябе дзьве гульні, аптовыя фірмы і буйныя гандлёвыя сеткі цябе не слухаюць, калі 20 — пачынаюць размаўляць. Цяпер у нас 13 настолак. Са шмат якімі крамамі пачынаем працаваць з аднаго прадукту, а пазьней яны кажуць: „О, у вас карты крутыя. Давайце яшчэ „Мову“ паспрабуем“. Адзін прадукт цягне за сабой другі», — тлумачыць Антось.

Стваральнікі горадзенскага выдавецтва настольных гульняў «А4» (зьлева направа): Ганна Ліпчанская, Антось і Наста Янкоўскія, Андрэй Ціцяк
Стваральнікі горадзенскага выдавецтва настольных гульняў «А4» (зьлева направа): Ганна Ліпчанская, Антось і Наста Янкоўскія, Андрэй Ціцяк

Паводле стваральнікаў выдавецтва, гульні на беларускай мове робяцца ўсё больш прывабныя для спажыўцоў. Часам сама беларуская мова і прадае гульню. Але гэта становіцца перашкодай для выхаду на замежныя рынкі. Знайшлі адно рашэньне: калі на картках няма тэксту — рабіць правілы на некалькіх мовах. Такім прыкладам стала гульня «Гаспадар цмокаў».

Пры гэтым Антось перакананы, што самы вялікі посьпех іхняй справы яшчэ наперадзе.

«Сёлета выдавецтва пераходзіць у фазу больш прафэсійнай працы. Раней мы выпускалі адну гульню за некалькі месяцаў, бо дызайнэры працавалі над імі ў вольны ад асноўнай працы час. Нармальна, калі выдавецтва выпускае некалькі гульняў за адзін месяц», — распавядае Антось.

Гульня выдавецтва «А4» «На трох кітах»
Гульня выдавецтва «А4» «На трох кітах»

​Маладыя людзі мараць зрабіць гульню, якую ня сорамна паказаць за мяжой. Паводле выдаўцоў, яны ўжо працуюць над некалькімі годнымі праектамі. Пазнаёміліся зь іншымі аўтарамі зь Беларусі і гатовыя да супрацоўніцтва. Праз год-два плянуюць узяцца за лякалізацыю замежных гульняў.

«Мы марым, што некалі прыедзем на самы круты фэстываль настолак у Маскву або Бэрлін і скажам: „Мы зь Беларусі. Тут робяць файныя гульні. Прыяжджайце!“ Хочацца трапіць у гэтую сфэру і зрабіць сабе імя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG