Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прыдумалі офісны супэркампутар коштам 20 тысяч даляраў


Рарытэтны кампутар кампаніі Apple коштам 200 тысяч даляраў. Ілюстрацыйнае фота.

Новы беларускі офісны супэркампутар мае назву «Скіф-Гео». Ён укамплектаваны дзесяцьцю вылічальнымі вузламі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на словы намесьніка генэральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) Нацыянальнай акадэміі навук Сяргея Круглікава.

«Гэта супэркампутар у мініяцюры, прызначаны для складаных інжынэрна-тэхнічных разьлікаў у любой сфэры дзейнасьці, — адзначыў Круглікаў. — Тут у адным корпусе знаходзяцца дзесяць буйных сучасных вылічальных вузлоў — сэрвэраў, зьвязаных у адзінае цэлае Уся камунікацыйная апаратура і праграмнае забесьпячэньне дазваляюць апрацоўваць дадзеныя і адначасова абменьвацца імі без прамаруджваньня, як быццам праца праводзіцца адным вузлом».

Намесьнік дырэктара АІПІ таксама нагадаў, што першы распрацаваны ў Беларусі супэркампутар быў стацыянарным. Ён меў вялікі памер, знаходзіўся ў адмысловым памяшканьні, а абслугоўваў яго асобны штат спэцпэрсаналу. Прадукцыйнасьць першага беларускага супэркампутара дасягала двух терафлопс (2 трлн апэрацый у сэкунду).

Прадукцыйнасьць новага кампутара «Скіф-Гео» складае 10 тэрафлопс, яго лёгка можна пераносіць зь месца на месца. «Скіф-Гео» абсталяваны 320 гігабайтамі апэратыўнай памяці, яго энергаспажываньне складае каля 600 Вт у гадзіну. Супэркампутар па памеры крыху больш стандартнага пэрсанальнага кампутара. Праграмнае забеспячэньне, корпус, сыстэма камунікацый і астуджэньні зробленыя ў Беларусі.

Канчатковы кошт супэркампутара будзе залежаць ад яго камплектацыі. Па словах намесьніка дырэктара інстытута, «Скіф-Гео» можна абсталяваць то колькасьць вылічальных вузлоў, якія неабходныя для вырашэньня задач заказчыка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG