Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп заклікаў Эрдагана спыніць ваенныя апэрацыі ў Сырыі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

У сераду прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп папярэдзіў прэзыдэнта Турэччыны Рэджэпа Эрдагана, што працяг апэрацыяў ягонага войска ў Сырыі пагражае перарасьці ў сутыкненьні паміж турэцкімі і амэрыканскімі войскамі. Эрдаган запатрабаваў ад Вашынгтона спыніць падтрымку баявых фармаваньняў сырыйскіх курдаў.

Абмен думкамі адбыўся падчас тэлефоннай размовы, паведаміў Белы дом.

Злучаныя Штаты занепакоеныя тым, што апэрацыі турэцкай арміі ў Сырыі шкодзяць сумеснай узброенай барацьбе з групоўкай «Ісламская дзяржава». Акрамя таго, турэцкая авіяцыя наносіць удары па прадмесьці гораду Манбідж, дзе разгорнуты кантынгент амэрыканскіх вайсковых інструктараў, якія навучаюць курдзкіх байцоў.

Гутарка Трампа і Эрдагана можа азначаць зьмены ў палітыцы ЗША, пішуць у сваіх камэнтарах амэрыканскія газэты, паколькі яшчэ напярэдадні высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі далі зразумець, што ўстануць на бок саюзьніка па NATO Турэччыны ў яе супрацьстаяньні з курдамі, нягледзячы на тое, што Вашынгтон падтрымліваў курдаў у іх антытэрарыстычных апэрацыях у Сырыі.

Як піша The New York Times, Белы дом страціў надзею ў сваіх спробах пераканаць Турэччыну, што ўзброеныя фармаваньні курдаў, якія зноў ствараюцца, не пагражаюць яе бясьпецы, а ідуць выключна для абароны курдзкага насельніцтва Сырыі.

Эрдаган рашуча супрацьстаіць імкненьню курдаў у самой Турэччыне, а таксама ў Сырыі і Іраку, стварыць сваю нацыянальную дзяржаву. Паводле яго, «паміж „Ісламскай дзяржавай“ і курдзкімі фармаваньнямі няма розьніцы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG