Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турцыя пачала апэрацыю супраць сырыйскіх курдаў


Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган у суботу абвясьціў пра пачатак наземнай апэрацыі супраць сырыйскіх курдаў у рэгіёне Афрын на паўночным захадзе Сырыі.

Па словах Эрдагана, пасьля завяршэньня апэрацыі ў Афрыне турэцкія ваенныя маюць намер выбіць атрады курдаў з горада Манбідж, а затым і з усіх тэрыторыяў на поўначы Сырыі, прылеглай да турэцкай мяжы.

Анкара абвінавачвае ўзброеныя фарміраваньні сырыйскіх курдаў у дапамозе «тэрарызму», то бок у спрыяньні курдзкаму ўзброенаму падпольлю ў самой Турцыі.

Узброеныя атрады сырыйскай апазыцыі заявілі, што возьмуць удзел у апэрацыі разам з турэцкім вайскоўцамі.

Турэцкая армія ў апошнія дні ўзмацніла сваю прысутнасьць на мяжы з Сырыяй, перакідаючы ў памежныя раёны ваенную тэхніку для барацьбы з курдзкімі сіламі самаабароны.

Атрады сырыйскіх курдаў — як самастойна, так і ў рамках Сырыйскіх дэмакратычных сілаў, узброеных фарміраваньняў, якія супрацоўнічаюць з ЗША ў барацьбе з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» — кантралююць шырокую тэрыторыю на поўначы Сырыі. У адказ на пагрозы Турцыі прадстаўнікі Курдзкай самаабароны заявілі, што будуць абараняцца.

Злучаныя Штаты напярэдадні заклікалі Эрдагана адмовіцца ад ваеннай апэрацыі, параіўшы яму зьвярнуць больш увагі на барацьбу з «Ісламскай дзяржавай».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG