Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак у сьнежні наблізіўся да «па пяцьсот»


Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у сьнежні 2017 году склаў 995 рублёў і 30 капеек, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.

Гэта самы высокі сярэдні заробак за мінулы год. Калі ж параўноўваць са сьнежнем 2016-га, то сярэдні заробак вырас больш як на 193 рублі. А рэальныя даходы за год павялічыліся на 18,4%.

Найбольшы заробак атрымалі жыхары Менску (1360,4 рубля) і Менскай вобласьці (967,1 рубля).

Паводле курсу на момант публікацыі, сьнежаньскі сярэдні заробак вышэйшы за 500 даляраў. Але курс даляра ў сьнежні быў вышэйшы: калі дзяліць сьнежаньскі сярэдні заробак на сярэдні курс даляра ў сьнежні паводле Нацбанку, выходзіць менш за «па пяцьсот»: 494 даляра і няпоўных 12 цэнтаў.

Намінальны налічаны сярэдні заробак па месяцах склаў:

  • сьнежань — 995,3 рубля,
  • лістапад — 836,9,
  • кастрычнік — 841,
  • верасень — 831,3,
  • жнівень — 844,4,
  • ліпень — 827,5,
  • чэрвень — 819,3,
  • травень — 795,2,
  • красавік — 776,7,
  • сакавік — 770,6,
  • люты — 716,5,
  • студзень — 720,7.

Намінальны налічаны сярэдні заробак у 2017 годзе склаў 812,2 рубля, што, паводле Белстату, на 6,2% болей за паказчык 2016 году.

Калі чакаць «па пяцьсот»

Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў, у жніўні даручыў да канца 2017 году давесьці сярэдні заробак да лічбы 1000 рублёў , а цягам 2018-га — да 1500 рублёў. Пакуль такіх заробкаў удалося дасягнуць для чыноўнікаў. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі ў кастрычніку тлумачыў, што выканаць апошняе распараджэньне Лукашэнкі пра «па пяцьсот» да канца 2017 году атрымаецца «не для ўсіх».

У лістападзе на эканамічнай нарадзе па ацэнцы вынікаў 2017 году і праектах прагнозаў і бюджэту на 2018 год Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 2018 год будзе годам пераадоленьня «адставаньня, дапушчанага ў 2016 годзе». Ён сказаў, што на пачатку 2018 году заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».

Падвышаць сярэдні заробак ён пастанавіў за кошт тых, хто мае заробкі ніжэйшыя за сярэднія. За гэта, сказаў ён ураду, кіраўніцтву Нацбанку і чыноўнікам, «галавой адказваеце».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG