Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэртыза выявіла, што ў Сьветлагорску сьмярдзяць мэркаптаны, але іх няма чым замяраць


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы

Каля двух месяцаў пакутуюць жыхары Якімавай Слабады і Сьветлагорску ад смуроду, якім пэрыядычна накрывае навакольле новы завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, пабудаваны кітайцамі на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату (ЦКК).

На пратэсты мясцовых жыхароў кіраўнікі хімічнага прадпрыемства, экалягічныя службы адказвалі стандартна: шкодныя выкіды не перавышаюць дапушчальны ўзровень канцэнтрацыі.

23 студзеня на сустрэчы кіраўнікоў камбінату, Сьветлагорскага райвыканкаму, экалягічнай інспэкцыі з актывістамі ініцыятыўнай групы генэральны дырэктар ЦКК Юры Крук паведаміў, што непрыемны пах ствараюць мэркаптаны, якія выкідвае новапабудаваны завод беленай цэлюлёзы.

«Мы дапытваліся, якія менавіта мэркаптаны выкідвае завод, у якой колькасьці? — расказаў Свабодзе ўдзельнік сустрэчы, грамадзкі актывіст Тэльман Масьлюкоў. — Генэральны дырэктар заявіў, што гэта цэлая група мэркаптанаў, але якіх — невядома. Бо няма адмысловай апаратуры, каб вызначыць, якія гэта сярністыя злучэньні, і замераць іх канцэнтрацыю».

Прагучалі запэўніваньні, што камбінат вызначыць, якое неабходна абсталяваньне, і закупіць яго. Выкіды мэркаптанаў, паводле Юрыя Крука, цяпер адчувальныя таму, што завод працуе ў тэставым рэжыме, ён не набраў належнай магутнасьці, каб запрацаваў содарэгенэрацыйны кацёл, у якім спальваюцца шкодныя рэчывы.

Прысутная на сустрэчы начальніца Сьветлагорскай інспэкцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Іна Ляцяга адзначыла, што адсутнічае таксама і мэтодыка замераў мэркаптанаў — яе маюць распрацаваць менскія навукоўцы.

«Склалася ўражаньне, што яшчэ на этапе замовы праекту праблема мэркаптанаў быццам бы і не разглядалася», — кажа Тэльман Масьлюкоў.

Мэркаптаны (яшчэ адна назва — тыёлы — гэта сярністае злучэньне, у якім кісларод замешчаны серай. Нават у невялікай канцэнтрацыі рэчыва мае спэцыфічны непрыемны пах, слабакіслыя ўласьцівасьці. У прыродзе галоўным чынам знаходзіцца ў прадуктах гніеньня бялкоў. Таксікалягічнае ўзьдзеяньне мэркаптанаў падобнае да ўзьдзеяньня серавадароду.

Cмурод ад заводу каля Сьветлагорску: людзі скардзяцца на прыступы ўдушша і кроў з носу

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG