Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спыніць і зрабіць па-людзку». Улады супакойваюць вяскоўцаў, абураных новым заводам пад Сьветлагорскам


Сход у вёсцы Якімава Слабада
Сход у вёсцы Якімава Слабада

10 студзеня ў доме культуры вёскі Якімава Слабада адбыўся сход жыхароў «па пытаньнях увядзеньня ў эксплюатацыю Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы».

Арганізаваў сустрэчу Баравікоўскі сельскі выканкам.

У залі не было ніводнага вольнага месца, людзі стаялі ў праходах. Яны паставілі перад прадстаўнікамі ўладаў і заводу шэраг пытаньняў.

  • «Як засьцерагчы ад небясьпекі сябе і дзяцей? Можа, трэба надзяваць марлевую павязку?»
  • «Спыніць і зрабіць завод па-людзку».
  • «Чаму з 22 па 25 сьнежня, калі нас труцілі, кансыстэнцыя стаяла такая смуроду, што выядала вочы — апроч МНС, нікуды нельга было датэлефанавацца?»
  • «Калі запусьцяць абяцаныя фільтры?»
  • «Чаму МНС хлусіць людзям у вочы? Быў выкід чорнай вады ў раку, ішла чорная вада».
Архіўнае фота. Пратэст супраць забруджваньня паветра заводам сульфатнай беленай цэлюлёзы
Архіўнае фота. Пратэст супраць забруджваньня паветра заводам сульфатнай беленай цэлюлёзы

Удзельнікі сходу скардзіліся на пагаршэньне здароўя з прычыны выкідаў, казалі, што іх ванітавала, што перасыхала ў горле. Мясцовая жыхарка Людміла Васільеўна сказала:

«Я патэлефанавала ў хуткую, кажу, у мяне гарыць горла, што мне рабіць. Мне сказалі паласкаць салёным растворам».

Галоўны лекар Сьветлагорскага раёну заклікаў фіксаваць такія выпадкі. Але дагэтуль, па ягоных словах, ніводнага факту атручэньня не зарэгістравана, зваротаў не было.

«Калі зьявіўся пах і ў некага ёсьць нейкія сымптомы, зьвяртайцеся да лекара, каб гэта ўсё было зафіксавана».

Удзельнікі сустрэчы таксама выказваліся за тое, каб «спыніць працу заводу, пакуль ня будуць запушчаныя ачышчальныя сыстэмы». На пытаньне, калі запрацуюць абяцаныя фільтры, прадстаўнікі заводу адказалі: «Папярэдняя дата — гэта канец студзеня».

Начальнік ачышчальнай сыстэмы новага заводу Вячаслаў Вежнавец супакойваў удзельнікаў сходу:

«Там тэхналёгія вельмі вядомай фірмы. Узровень аўтаматызацыі такі, што каб давесьці да ручкі, трэба быць поўным дурнем. Там тры ступені абароны ад парушэньня тэхналягічнага працэсу. Пры парушэньні першай ступені тэхналягічны працэс поўнасьцю спыняецца. Што да ачышчальных збудаваньняў. Нарматыў у нас на выпуск — як у Эўропе. Па некаторых пазыцыях яшчэ і больш жорсткі. Мы цяпер ваду выпускаем чысьцейшую, чым забіраем з ракі».

«Не знайшлося абсалютна ніякага паразуменьня»

Сход скончыўся вельмі дзіўна і рэзка, без аніякіх падсумаваньняў, сказала па выніках карэспандэнту Свабоды праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова.

Алена Масьлюкова
Алена Масьлюкова

«Бо на гэтым сходзе не знайшлося абсалютна ніякага паразуменьня паміж прадстаўнікамі ўладаў і заводу і жыхарамі вёскі Якімава Слабада. Людзі кажуць пра адно, а ўлады адказваюць тое, што ім трэба адказаць, абсалютна іншае. І сход скончыўся на незразумелай ноце. Проста сказалі, што сход скончаны, людзі, разыходзьцеся. Ніякага паразуменьня. А людзі сыходзілі з адчаем, асабліва маладыя бацькі зь дзецьмі на руках пачалі крычаць: „А што нам рабіць? Як нам тут жыць?“»

Паводле Масьлюковай, жыхары вёскі зьбіраюцца далей пісаць скаргі ў розныя інстанцыі.

Са сходу вяла стрым у фэйсбук фрылансэрка Людміла Шчыракова. Участковы міліцыянт адразу сказаў ёй, што супраць яе вядзецца адміністрацыйная справа і за гэты стрым будзе яшчэ адзін пратакол. Ён сказаў журналістцы зьявіцца ў суд.

«Сёньня было проста жудасна. Ня толькі ў Якімавай Слабадзе, але ў розных мікрараёнах Сьветлагорску стаяў пах. Людзі ж канкрэтна пыталіся: што за газы, чым вы труціце людзей? Яны адказвалі: дрэнна пахнучыя газы малой ці вялікай канцэнтрацыі. А жыхары пыталіся канкрэтна: скажыце, якія газы. Дык вы скажыце, што гэта мэркаптаны і што вы ня маеце абсталяваньня, каб іх вылавіць. І экалягічныя лябараторыі ня маюць абсталяваньня, каб іх вызначыць», — сказала Алена Масьлюкова.

«Беллеспаперапрам»: «Канцэнтрацыя паху зьмяншаецца з кожным днём»

Прэс-сакратар канцэрну «Беллеспаперапрам» Ружэна Навіцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што 10 студзеня гендырэктар заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы ААТ «Сьветлагорскі ЦКК» Юры Крук быў выкліканы на даклад да кіраўніцтва канцэрну.

Сьветлагорскі завод сульфатнай беленай цэлюлёзы
Сьветлагорскі завод сульфатнай беленай цэлюлёзы

«Ён расказаў пра сытуацыю, пацьвердзіў, што ўзровень забруджвальных рэчываў у атмасфэрным паветры і вадзе не перавышае гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі і сытуацыя знаходзіцца пад кантролем. Сёньня прадстаўнікі прадпрыемства і дзяржорганаў праводзілі сустрэчу з жыхарамі Якімавай Слабады, таму сытуацыя пад кантролем».

Ружэна Навіцкая пракамэнтавала тое, што жыхары працягваюць скардзіцца на смурод, які ідзе ад заводу.

«Канцэнтрацыя гэтага паху зьмяншаецца з кожным днём. І, у прынцыпе, хутка яго наогул ня будзе. Цяпер вядзецца праца, і ўсё ідзе на паніжэньне. То бок пах будзе выключаны».

Але як маглі запусьціць вытворчасьць цэлюлёзы, калі там яшчэ, аказваецца, ня ўсё было гатова?

«Яно было гатова. То бок бяз гэтага ніяк нельга было правільна наладзіць датчыкі, розныя сыстэмы падачы. Бяз гэтага ніяк нельга адладзіць надзвычай складаную тэхналёгію хімічнай вытворчасьці. Гэта ўсё наладжваецца ў працэсе. Але ўсе сыстэмы наладжаныя так, што пры любым рэжыме працы выкіду шкоднага аб’ёму гэтых рэчываў не адбудзецца. Адзіны пабочны эфэкт — вось гэты пах».

На пытаньне, калі гэтага паху ня стане, прэс-сакратар канцэрну «Беллеспаперапрам» адказала так:

«Дырэктар запэўніў, што цягам студзеня гэта будзе вырашана на сто адсоткаў. Як дакладвае дырэктар, абсталяваньне, якое ёсьць прычынай узьнікненьня паху, не працуе кругласуткава. Яно ўключаецца раз-пораз. І калі гэтае абсталяваньне ўключаецца, то паху ўсё меней. Яму даручана трымаць сытуацыю на кантролі і апэратыўна пастаянна інфармаваць канцэрн пра гэтую сытуацыю. І таксама лябараторыі Міністэрства прыродных рэсурсаў стала працуюць і сочаць за гэтым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG