Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны сакратар Рады Эўропы зноў заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Турб’ёрн Ягланд (Thorbjørn Jaglan)

Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд ​ зноў заклікаў Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта гаворыцца ў ягонай заяве ў сувязі з вынясеньнем двух новых сьмяротных прысудаў у Беларусі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Рады Эўропы.

«Два новыя сьмяротныя прысуды, вынесеныя 20 студзеня Менскім гарадзкім судом, — вельмі трывожная падзея, — сказаў Ягланд. — Мы зноў заклікаем беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне ў якасьці першага кроку да яго адмены. Мы заклікаем улады не прыводзіць у выкананьне гэтыя два прысуды і памілаваць іншых асуджаных да сьмяротнага пакараньня. Сьмерць — гэта не справядлівасьць».

20 студзеня калегія па крымінальных справах Менскага гарадзкога суду пасьля паўторнага разгляду справы аб забойстве ў сьнежні 2015 году маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава ў сталіцы і мужчыны ў пасёлку Калодзішчы вынесла прысуд.

Прысуджаныя першапачаткова да пажыцьцёвага зьняволеньня Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка пасьля паўторнага разгляду асуджаныя на сьмяротнае пакараньне з канфіскацыяй маёмасьці. Яны абвінавачваюцца ў забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакумэнтаў. Былая актывістка БРСМ, выхавальніца дзіцячага садку Аліна Шульганава прыгавораная да 12 гадоў пазбаўленьня волі без канфіскацыі маёмасьці. Яна абвінавачваецца ў арганізацыі прычыненьня цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкраданьня чалавека.

Прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Галоўны эпізод крымінальнай справы — забойства мужчыны і жанчыны ў кватэры на вуліцы Алібегава ў Менску 16 сьнежня 2015 году.

Шульганава не магла зьмірыцца з тым, што яе былы сужыцель падтрымлівае блізкія адносіны зь іншай дзяўчынай. Нейкі час яны жылі ўтрох, але потым Аліну выгналі. Яна вырашыла арганізаваць выкраданьне суперніцы, наняла чалавека, заплаціла яму 1400 даляраў і 9 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, але той ня выканаў дамову.

Пасьля гэтага абвінавачаная «замовіла» свайму суседу Жыльнікаву і ягонаму прыяцелю Сухарку зьбіць суперніцу, каб паспрабаваць, пакуль тая будзе ў бальніцы, вярнуць былога сужыцеля. Выканаўцы ў пʼяным выглядзе ўчынілі разбойны напад на кватэру ў доме на вуліцы Алібегава, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абаіх, нанёсшы больш за 140 удараў нажом. Пасьля гэтага забралі з кватэры грошы, асабістыя рэчы ахвяраў і затаіліся.

Падчас расьсьледаваньня падвойнага забойства было ўстаноўлена, што 15 сьнежня абвінавачаныя ўчынілі разбойны напад у Калодзішчах, каб завалодаць 10 тысячамі даляраў. Падчас нападу быў забіты 59-гадовы мужчына, у якога Сухарка раней наймаў пакой.

Гэта першыя два сьмяротныя прысуды, вынесеныя ў Беларусі ў 2018 годзе. У 2017 годзе ў краіне былі вынесеныя тры сьмяротныя прысуды, адзін — прыведзены ў выкананьне.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакараньня. Толькі аднаго з асуджаных кіраўнік дзяржавы памілаваў.

Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе прымяняюць сьмяротнае пакараньне. Менавіта з гэтай прычыны яна не ўваходзіць у Раду Эўропы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG