Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці становіцца больш цяжкіх злачынстваў, калі адмяняюць сьмяротнае пакараньне


Прыклады Расеі, Украіны і Польшчы. А таксама параўнаньне колькасьці сьмяротных прысудаў і забойстваў у Беларусі.

Прыхільнікі захаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі часта спасылаюцца на два аргумэнты: вынікі рэфэрэндуму, на якім беларусы прагаласавалі за яго, а таксама на тое, што існаваньне сьмяротнага пакараньня стрымлівае людзей ад зьдзяйсьненьня цяжкіх злачынстваў.

Як прагаласавалі б сёньня беларусы на рэфэрэндуме аб адмене (альбо захаваньні) сьмяротнага пакараньня? Даведацца гэта можна, толькі правёўшы такі рэфэрэндум. Сувязь паміж існаваньнем у краіне выключнай меры пакараньня і колькасьцю цяжкіх злачынстваў высьветліць прасьцей.

Як зьмяняецца колькасьць забойстваў у Беларусі

Статыстыку па забойствах у сьвеце вядзе Ўпраўленьне ААН па наркотыках і злачыннасьці (UNODC). Арганізацыя заснаваная ў 1997 годзе, яна аб’яднала драбнейшыя ўпраўленьні, якія існавалі раней. На сёньня UNODC — адна з самых аўтарытэтных арганізацый у сфэры кантролю над злачыннасьцю ў сьвеце.

Са справаздач UNODC вынікае, што колькасьць забойстваў у Беларусі пачала значна зьніжацца пасьля 2005 году. Калі ў пэрыяд з 1995 па 2005 гады ў Беларусі ў сярэднім рэгістравалася каля 10 забойстваў на 100 тысяч насельніцтва, то з 2006 году іх колькасьць год ад году падала, а ў «дзясятых» гадах зноў стабілізавалася. У 2012 годзе зарэгістравана менш за 4 забойствы на 100 тысяч насельніцтва, у 2016 — крыху больш за 4. Для параўнаньня, сярэдні ўзровень на плянэце — 7 забойстваў на 100 тысяч чалавек.

Што за гэты ж пэрыяд адбывалася з колькасьцю сьмяротных выракаў

Паводле зьвестак праваабаронцаў, якія спасылаюцца на статыстыку, пададзеную ім Міністэрствам юстыцыі Беларусі, сярэдняя колькасьць сьмяротных выракаў у краіне (пачынаючы з 1990 году) не была аднолькавай і значна зьменшылася пасьля 1998 году. Калі ў пачатку і сярэдзіне 90-х у Беларусі выносілася ад 20 да 47 сьмяротных выракаў, то ўжо ў 1999 — толькі 13, а ва ўсе пазьнейшыя гады — ад 4 да 9.

Такім чынам, можна заўважыць, што колькасьць забойстваў у Беларусі зьнізілася празь пяць гадоў пасьля рэзкага скарачэньня колькасьці вынесеных сьмяротных прысудаў. Пры гэтым колькасьць сьмяротных прысудаў скарацілася прыкладна ў чатыры разы, а колькасьць забойстваў — у два.

Краіны, у якіх выконваюцца сьмяротныя прысуды
Краіны, у якіх выконваюцца сьмяротныя прысуды

Як выглядае статыстыка забойстваў у суседніх зь Беларусьсю краінах, якія адмянілі сьмяротнае пакараньне

Пачнём з Расеі. Апошні сьмяротны вырак тут быў вынесены ў 1996 годзе, пасьля чаго пачаў дзейнічаць мараторый. Таму юрыдычна ў Расеі сьмяротнае пакараньне не адмененае, яго прымяненьне спыненае на нявызначаны час. Калі прасачыць, як зьмянілася колькасьць забойстваў з 1996 году, то можна заўважыць, што яна зьнізілася з 18 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва да 8 у 2015-м.

Ва Ўкраіне мараторый на сьмяротнае пакараньне ўвялі на год раней, чым у Расеі — у 1995-м. Аднак празь нейкі час сьмяротныя выракі зноў пачалі выносіць. Канчаткова сьмяротнае пакараньне ва Ўкраіне было адмененае ў 1999 годзе рашэньнем Канстытуцыйнага суду, які прызнаў яго неадпаведным Канстытуцыі Ўкраіны. Колькасьць забойстваў пасьля 1999 году ва Ўкраіне працягвала зьніжацца і цяпер складае каля 4 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Гэта прыкладна столькі ж, колькі ў Беларусі.

У Польшчы апошні раз сьмяротнае пакараньне прымянялася ў 1988 годзе (юрыдычна захоўвалася да 1997-га). Колькасьць забойстваў пры гэтым у чатыры разы меншая, чым у Беларусі — прыкладна 1 выпадак на 100 тысяч насельніцтва (у сярэдзіне 90-х было 2 выпадкі на кожныя 100 тысяч).

Сьмяротнае пакараньне ня стрымлівае злачынцаў

«Існаваньне сьмяротнага пакараньня не спыняе ад зьдзяйсьненьня злачынстваў. Існуюць рознага кшталту дасьледаваньні аб гэтым. Гэта ня фактар стрымліваньня, — кажа праваабаронца Андрэй Палуда. — Злачынца, зьдзяйсьняючы правапарушэньне, ня думае пра сьмяротнае пакараньне. Ён думае пра тое, знойдуць яго ці не. Робіць усё магчымае, каб ня трапіць да праваахоўнікаў. Фактар стрымліваньня — гэта непазьбежнасьць пакараньня, а не выключная мера».

На думку праваабаронцы, перш за ўсё на колькасьць злачынстваў, у тым ліку цяжкіх, мае вялікі ўплыў эканамічная сытуацыя ў краіне, а ўжо потым іншыя фактары. У тым ліку наяўнасьць або адсутнасьць у краіне сьмяротнага пакараньня.

XS
SM
MD
LG