Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя экспэрты па сьмяротным пакараньні наведваюць рэгіёны


Ілюстрацыйнае фота. Асуджаныя да сьмяротнага пакараньня

Дату правядзеньня парлямэнцкіх слуханьняў па праблемах сьмяротнага пакараньня назавуць пасьля таго, як міжнародныя экспэрты наведаюць усе вобласьці Беларусі. Пра гэта сказаў сёньня журналістам старшыня працоўнай групы Нацыянальнага сходу Беларусі па вывучэньні праблематыкі сьмяротнага пакараньня Андрэй Навумовіч.

Андрэй Навумовіч
Андрэй Навумовіч

«Я пакуль не магу назваць дакладную дату парлямэнцкіх слуханьняў. Учора я разам з групай міжнародных экспэртаў быў у Гарадзенскай вобласьці. Там адбылося шмат сустрэч. І зь юрыстамі, і з дэпутатамі, і з кіраўніцтвам вобласьці, і з грамадзянскай супольнасьцю, і са студэнтамі. Гэтая паездка — не агітацыя за адмену сьмяротнага пакараньня, як лічаць некаторыя. Наша мэта — даведацца пра настроі людзей, асабліва тых, хто з прычыны ўзроставага абмежаваньня ня ўдзельнічаў у рэфэрэндуме з гэтым пытаньнем. Пакуль бачна адно — настроі розныя. Некаторыя прытрымліваюцца захаваньня сьмяротнага пакараньня, некаторыя кажуць: трэба ўводзіць мараторый і глядзець, што будзе далей.

Вельмі добра, што сярод экспэртаў ёсьць і прафэсар права Калюмбійскага ўнівэрсытэту Джэфры Фэйган. Бо ўчора найбольш пытаньняў было якраз да яго: чаму не ўва ўсіх штатах ЗША адмененае сьмяротнае пакараньне?

У нашых плянах наведваньне міжнароднымі экспэртамі ўсіх абласьцей Беларусі. Думаю, пасьля гэтага мы і вызначымся з датай парлямэнцкіх слуханьняў».

Прафэсар, дэлегат грамадзкай арганізацыі «Міжнародная камісія супраць сьмяротнага пакараньня» Іван Шымановіч, які таксама езьдзіў у Гарадзенскую вобласьць, выказаў сваю думку пра неабходнасьць вывучаць грамадзкую думку ў рэгіёнах:

Чым болей людзі ў любой краіне ведаюць пра праблемы сьмяротнага пакараньня, тым болей сярод іх становіцца прыхільнікаў яго неадкладнай адмены.

«Гэта вельмі добрая рэч. Са свайго ўласнага досьведу і досьведу маіх 18 калегаў, сярод якіх ёсьць былыя прэзыдэнты, міністры замежных спраў і юстыцыі шэрагу краін, я заяўляю: чым болей людзі ў любой краіне ведаюць пра праблемы сьмяротнага пакараньня, тым болей сярод іх становіцца прыхільнікаў яго неадкладнай адмены. Ня бачу прычынаў, каб у Беларусі было інакш».

Кіраўнікі шэрагу міжнародных структураў не аднойчы выказвалі сваё расчараваньне тым, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую меру пакараньня, якая «цалкам супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG