Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр фотамастак Юры Васільеў. «Яму ўдавалася зводзіць чорнае зь белым, мінаючы шэрасьць»


Памёр фотамастак Юры Васільеў, які больш за паўстагодзьдзя прысьвяціў фатаграфіі, удзельнік і ляўрэат шматлікіх міжнародных і ўсесаюзных конкурсаў і фотавыставаў, адзін з заснавальнікаў фатаклюбу «Менск». У 2009 годзе Васільеў быў адным з намінантаў прэміі імя Ежы Гедройця.

Юры Васільеў нарадзіўся ў 1939 годзе. З 1965 году стаў сябрам фатаклюбу «Менск», а з 1978 па 1999 гады быў яго старшынём і мастацкім кіраўніком. Ён стваральнік і арганізатар шматлікіх «Выставаў фотаграфікі ў Менску», з 1972 па 1977 вёў цыкль праграмаў «Фотапанарама» на Беларускім тэлебачаньні. Шмат вядомых фотамастакоў вучыліся ў Васільева — Валер Вядрэнка, Алена Шаліма, Віктар Бутра, Андрэй Лянкевіч, Уладзімер Парфянок ды іншыя.

Калега Юрыя Сяргеевіча, фотамастак і журналіст Валер Вядрэнка сказаў Свабодзе, што літаральна два дні таму яны бачыліся, абмяркоўвалі выставу аналягавай фатаграфіі, якія адкрыецца 22 студзеня. І менавіта праца Юрыя Васільева вынесеная на асноўную афішу выставы. Будзе вывешаны вялікі банэр у Музэі кіно.

«У яго былі свае эстэтычныя густы, і шмат якіх рэчаў ён не прымаў — новыя хвалі ў фатаграфіі 1980-х, напрыклад. Але ён ніколі не перашкаджаў. Што мне заўсёды падабалася ў Васільеву — ён мог пераступіць праз свае асабістыя густы, але калі ён бачыў, што чалавек таленавіты, нават калі яму штосьці не падабалася, ён заўсёды даваў дарогу і дапамагаў», — кажа Валер Вядрэнка, які зазнаў гэта на сабе.

Вядрэнка ўзгадвае, як прыйшоў да Васільева са сваімі лічбавымі мантажамі, са сваёй фатаплястыкай (што вельмі нэгатыўна і нават у штыкі ўспрыняла большасьць нават маладых калегаў), а Васільеў паглядзеў, і, хоць яму гэта таксама не падабалася, запытаўся: «Калі будзем рабіць выставу?» Для маладога фотамастака гэта стала вялікай неспадзяванкай — ён чакаў чарговага разносу, разгрому.

«Менавіта ад Васільева я атрымаў тады „дабро“ на ўдзел у фатаруху, нягледзячы на тое, што ён заўсёды крытыкаваў мае працы — са свайго пункту погляду. Гэта вельмі каштоўная якасьць, калі прафэсійныя інтарэсы, пэрсанальныя густы не перашкаджаюць быць аб’ектыўным. Гэта асоба. Ён разумеў асноўную функцыю фатаграфіі, фотамастацтва — аб’ядноўваць людзей, а не разьядноўваць, якія б эстэтычныя, палітычныя ды іншыя погляды ў цябе ні былі. Менавіта таму, што яму ўдавалася зводзіць чорнае зь белым, мінаючы шэрасьць, ягоны аўтарытэт быў непарушны ў любой супольнасьці фатографаў: ад самых наватарскіх, авангардных да самых кансэрватыўных».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG