Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабы божыя Аляксандра Лукашэнкі


Сяргей Дубавец

Магу зразумець (не прыняць) суд бюракратычны, магу дапусьціць імавернасьць судовай памылкі і нават судзьдзю-самадура ўяўляю. А каб усе татальна судзьдзі «прымалі рашэньні» на загад зьверху — гэтага ні зразумець, ні дапусьціць, ні ўявіць не магу. Але мушу.

З аднаго боку, у нас тысячы судзьдзяў, большасьць якіх гадавалася ва ўмовах унутранай свабоды, многія, відаць, юрысты на покліч сэрца, зь вераю ў высокія ідэалы юстыцыі, з гонарам за прафэсію і сябе ў прафэсіі… З другога боку: «чего изволите»? Спалучыць першае і другое немагчыма. Павінен адбыцца злом першага, каб запанавала другое.

Ясна, што гэты злом задае сама схема. Калі ўсіх судзьдзяў прызначае асабіста прэзыдэнт, значыць, яны мусяць бесьпярэчна выконваць усе ягоныя загады, замовы і трэнды. Сьвяціся імя тваё, прыйдзі валадарства тваё, будзь воля твая… Ня выканаў, «даў слабіну», апраўдаў — вылятаеш з прафэсіі. Гэта не абмяркоўваецца.

Тое, што апраўдальных прысудаў у нас 0,1% у параўнаньні з 20% і болей у іншых эўрапейскіх краінах, — вынік абвінаваўчага характару ўсяго «правасудзьдзя» ў РБ.

Я думаю: а дзе прычына гэтага абвінаваўчага характару? І адзіны адказ, які знаходжу: гэты характар вынікае са складу розуму і стратэгіі кіраваньня самога прэзыдэнта. А паколькі ён у гэтай стратэгіі ня можа не лічыцца з калектыўным несьвядомым, значыць, схільнасьць абвінавачваць трэба шукаць там? Але там можна разьвіваць як схільнасьць абвінавачваць, так і схільнасьць апраўдваць (чаго, між іншым, патрабуюць Канстытуцыя і КПК). Прэзыдэнт зрабіў сьвядомы выбар на абвінаваўчы характар, чым фактычна зьнішчыў суд як такі і гуманістычную пэрспэктыву ў калектыўным несьвядомым. Многія людзі апынуліся ў бязвыйснай сытуацыі, калі проста немагчыма даказаць, што ты не вярблюд.

Уважліва назіраючы і аналізуючы працэс ашмянскіх мытнікаў, я зрабіў выснову, што суду як такога там не было. Была замова прэзыдэнта — пасадзіць «банду», была распрацоўка КГБ, якую суд толькі фармальна праштампаваў, узаконіў турэмныя тэрміны.

Але вялікае мноства такіх фармальных абвінаваўчых судоў адбываецца і безь непасрэднай замовы прэзыдэнта. Замову там замяняе трэнд. І зусім ня кожны такі працэс трапляе ў поле зроку публікі, як суд Даната Скакуна, напрыклад, што выклікаў вялікую нязгоду. Хоць абурэньня людзей пры справядлівым судзе, які прадставіў аб’ектыўныя доказы віны, быць не павінна. Аб’ектыўныя — значыць, відавочныя для ўсіх бакоў.

Прызначаны прэзыдэнтам і арыентаваны на «пасадзіць любым коштам» судзьдзя, які памяняў высокія ідэалы юстыцыі на нізкую прозу хлусьні, проста і не судзьдзя ўжо, а ў лепшым выпадку пісар, у горшым — кат. Ён ня служыць ні закону, ні ўласнай інтуіцыі, ні лёгіцы, якая была б зразумелая ўсім.

Вядома, рэзанансныя працэсы патанаюць у агромністым патоку справаў, дзе судзьдзя прымае справядлівае рашэньне. Але робіць ён гэта чыста тэхнічна. Бо пастаў яго на працэс мытнікаў ці Скакуна, ён непазьбежна выканае загад зьверху.

Раблю такое дапушчэньне, каб падкрэсьліць, што гаворка ідзе не пра калектыўную віну беларускіх судзьдзяў. Многія зь іх якраз дзякуючы тэхнічнай ролі і справядлівым рашэньням змогуць захаваць свой твар. Многім проста ня прыйдзецца рабіць брудную работу. Але гэта зусім ня значыць, што за тымі рашэньнямі стаіць справядлівы судзьдзя і што ў краіне ёсьць справядлівы суд.

Поўная залежнасьць судзьдзі ад прэзыдэнта прывяла да перараджэньня самой ролі судзьдзі і таго, хто яе выконвае. Калі вас «замовіў» прэзыдэнт, КГБ ці нехта з вэртыкалі, разьлічваць на тое, што судзьдзя пойдзе супраць іх, не выпадае. Тых, хто мог заўпарціцца і кіравацца законам, у гэтай сыстэме ўжо няма. А тыя, хто застаўся, ператварыліся ў пісараў і катаў.

Немагчыма ўявіць іх на сваіх пасадах пры ўзнаўленьні ў краіне незалежнага суду. Таму што ідэалы юстыцыі ў гэтых людзях ужо зламаныя. Таму што яны — рабы божыя Аляксандра Лукашэнкі, намёртва прывязаныя да яго. Таму што «единожды солгав».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG