Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская служба ВВС адмаўляецца ад «Белоруссии» на карысьць «Беларуси»


На расейскай вэрсіі сайту брытанскай карпарацыі ВВС зьявіўся артыкул рэдактара расейскай службы Фаміля Ісмайлава.

Рэдактар паведамляе, што ад 16 студзеня расейская служба ВВС мяняе назвы некаторых краін былога СССР.

«Белоруссия становится Беларусью, Киргизия — Кыргызстаном, Туркмения — Туркменистаном, Молдавия — Молдовой и так далее», — піша Ісмайлаў.

Паводле рэдактара, спрэчкі вакол гэтага выбару хадзілі вельмі даўно. Пасьля развалу Савецкага Саюзу былыя рэспублікі, а цяпер незалежныя краіны памянялі назвы. Пачалі друкавацца новыя мапы, зьявіліся новыя дарожныя знакі, а журналістам часта даводзілася вырашаць, як называць гэтыя дзяржавы.

Рэдактар расейкай службы ВВС просіць чытачоў не шукаць палітычнай падаплёкі ў новай моўнай палітыцы рэдакцыі

Раней, піша Ісмайлаў, мы трымаліся агульных правілаў расейскай мовы, зафіксаваных яшчэ ў савецкіх падручніках. Але з часам новыя назвы сталі ўжывацца часьцей за старыя.

Журналісты ВВС прааналізавалі найноўшыя дадзеныя пошукавых сыстэм і аказалася, што новыя назвы там даўно ўжо пераважаюць. Паводле ВВС,

«надышоў час, калі новыя назвы краін сталі ня толькі часткай афіцыйных дакумэнтаў і матэрыялаў сродкаў масавай інфармацыі, але і перавагай карыстальнікаў пошукавых сыстэм».

Вось, напрыклад, паказчыкі колькасьці запытаў расейскай аўдыторыі Google на словы «Белоруссия» і «Беларусь».

А вось аналягічныя дадзеныя адносна ўкраінскай аўдыторыі.

Фаміль Ісмайлаў паведамляе, што журналісты ВВС зьвярнуліся таксама да дакумэнтаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе таксама зафіксаваныя новыя назвы краін постсавецкай прасторы.

Рэдактар расейкай службы ВВС просіць чытачоў не шукаць палітычнай падаплёкі ў новай моўнай палітыцы рэдакцыі, бо для журналістаў ВВС

«важна, каб навіны даходзілі да свайго адрасата, каб іх лёгка было знайсьці і зручна чытаць».

«Мы лічым, што палітычныя перавагі прыхільнікаў і праціўнікаў той або іншай назвы не павінны ўплываць на працу журналістаў», — дадае Фаміль Ісмайлаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG