Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачы Die Zeit пра беларускую вёску: «Наўрад ці гэтыя людзі няшчасьнейшыя за нас»


Тут і далей — фота ілюстрацыйныя. Фота Васіля Фядосенкі глядзіце на сайце Die Zeit

Зьмешчаны на сайце нямецкай газэты Die Zeit фотарэпартаж пра людзей беларускай вёскі ўразіў чытачоў.

Нямецкае выданьне Die Zeit зьмясьціла невялікае апавяданьне пра беларускую вёску і яе жыхароў. Аўтар здымкаў, фотажурналіст Васіль Фядосенка, год правёў побач з сваімі героямі, беларускімі вяскоўцамі. Раней ягоныя фотаздымкі зьмясьціў нямецкі штотыднёвік Der Spiеgel, брытанскае выданьне The Guardian, іншыя заходнія СМІ.

Публікацыя ў Die Zeit выклікала шмат водгукаў ад наведнікаў інтэрнэт- вэрсіі выданьня. Чытачы пішуць пра тое, што ім вельмі спадабаўся расказ, дзеляцца сваімі настальгічнымі пачуцьцямі, прыводзяць уласныя ўражаньні ад наведаньня гэтай мала знаёмай большасьці немцаў краіны.

Як падае выданьне, з 9,5 мільёна жыхароў Беларусі 80% — гараджане. І толькі 20% жывуць у вёсцы. Збольшага жыцьцё беларускіх сялян падобнае на тое, як жылі іх продкі: шмат што робяць уручную — сеюць, зьбіраюць ураджай. Да таго ж утрымліваюць жывёлу, шыюць, вышываюць, згодна з паганскімі традыцыямі сустракаюць розныя сьвяты, таксама памінаюць памерлых. Нягледзячы на свой ужо немалады век, самотнасьць, цяжкія бытавыя ўмовы ды фізычна нялёгкую працу, ніхто зь іх ня хоча пераяжджаць да сваякоў у Менск, які знаходзіцца за некалькі кілямэтраў.

Фота носіць ілюстрацыйны характар. Абрад ваджэньня куста на Палесьсі, вёска Буразь Жыткавіцкага раёну. Фатограф: Пятро Аўдзееў
Фота носіць ілюстрацыйны характар. Абрад ваджэньня куста на Палесьсі, вёска Буразь Жыткавіцкага раёну. Фатограф: Пятро Аўдзееў

На адным з фотаў — 65-гадовы Васіль Крывенчык. Ён сее ячмень. У сваёй роднай вёсцы Храпкава ён застаўся адзіным, хто гэта можа рабіць ўручную. Гэта няпроста, бо кожны мах рукі павінен быць скаардынаваны з крокам. «Мы далёка ад цывілізацыі, — кажа Васіль, — але гэта і добра».

Дом 82-гадовай Юлі Панчэні зь вёскі Пагост — гэта шпалеры ў кветкі, пурпурныя фіранкі, сінія дзьверы, ярка пафарбаваная мэбля. Усё зроблена сваімі рукамі. Таксама Юля пячэ хлеб на сьвяты. Асабліва ёй ўдаюцца велікодныя булкі.

Кацярыне Панчэні — 75 гадоў. «Не, я ніколі не пераеду ў горад, — кажа яна. — Тут паблізу рака, лес, грыбы ды ягады. Я ўсё раблю сама: кармлю жывёлу ў хляве, трымаю курэй...А што ў горадзе? Машыны, шум ды гразь. Асабліва ў вялікіх гарадах, дзе людзі становяцца ў чэргі, каб набыць сабе ежу...»

Старыя лічаць, што самая вялікая бяда цяперашніх маладых, якіх не засталося на малой радзіме, гэта лянота. Напрыклад, раней маладыя так не гулялі, а дапамагалі старэйшым у полі. Сёньня ж больш маладыя пакаленьні да вясковага жыцьця ня здатныя.

Усяго зьмешчана 16 фотаў Васіля Фядосенкі. Мяркуючы па камэнтарах, беларускае вясковае жыцьцё кранула немцаў.

Некаторыя з водгукаў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
  • Golife «Які, на жаль, кароткі артыкул. А мне б хацелася больш. Ва ўсякім выпадку, у Эўропе ёсьць зямля, дзе час спыніўся. Нейкі анахранізм, пра які часам марыш».
  • dorfbeobachter «Глыбокая настальгія, да якой яшчэ не прыйшоў».
  • TL_flow: «Вельмі добры артыкул. Пра Беларусь ня шмат чуеш, а тым больш добрае. Хоць там, мяркуючы па фотах, так прыгожа. Але не заўсёды ж павінна быць гарадзкая мітусьня. Вельмі ўзрушылі словы беларускай сялянкі, што «горад — гэта аўтамабілі, шум і гразь» Як дакладна. Дзіўна, што тут краіна завецца Веlarus, а ня так, як у нас прызывычаіліся — Weissrussland.
  • Suryo: «А што ня так з назвай Беларусь? Мы ж не завём Індыю Bharat».
  • naistdochwahr: «Ня ўпэўнены, што гэтыя людзі няшчасьнейшыя за нас».
  • Mojstrana: «Падазраю, што тыя, хто ня ведае, што такое люкс, жыве без турбот. Аднак, як толькі зьведаеш лепшае, ад яго не адмовісься».
  • Gerhard-S: «Я наведваў Беларусь па справах бізнэсу цягам многіх гадоў, маю там шмат знаёмых. Гэтая краіна магла б быць нейкім добрым сувязным блёкам паміж Расеяй і ЭЗ. Беларусы, я зычу вам усяго найлепшага!»
  • Berserkist: «Расея і Беларусь падобныя адна на адну і культурна, і мэнтальна. Да таго ж і прэзыдэнты падобныя. Эўразьвязу вельмі б хацелася стасункаў з Расеяй, але ж мэдыятар — контарпрадуктыўны».
  • vonZeitzuZeit: «Я ведаю краіну і людзей з уласнага досьведу. Гэта ня так рамантычна, як можа здацца. Гэтыя людзі жабракі. Той, хто жыве ў вёсцы, ніколі не наблізіцца да афіцыйна агучанага сярэдняга месячнага даходу 500 эўра. Далёка ня ўсё маюць машыну. Грамадзкі транспарт даступны толькі на галоўных дарогах. Таму, хто мае патрэбу зь вёскі трапіць у горад, часта даводзіцца ісьці пешшу шмат кілямэтраў, каб дабрацца да прыпынку. Большасьць вёсак не падлучаныя да дарог зь цьвёрдым пакрыцьцём. Аварыйныя службы і ахова здароўя ненадзейныя нават у гарадах, „хуткую дапамогу“ часта даводзіцца доўга чакаць. Самыя бедныя зь бедных ня маюць іншага выбару, як працаваць на агародзе, бо ежа надта дарагая. Усе імпартныя тавары — чыстая раскоша. Многія маладыя людзі пакідаюць краіну, так ці інакш насельніцтва памяншаецца. Але, нягледзячы ні на што, большасьць беларусаў зьяўляюцца добрасардэчнымі, неверагодна гасьціннымі людзьмі, нягледзячы на ўсё іх расчараваньне».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG