Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб галоўных крамлёўскіх інфармацыйных рэсурсах для вонкавага карыстаньня ўспаміналі днямі ў Францыі. Прэзыдэнт Макрон адкрыта называе RT і Sputnik органамі прапаганды.

RT тым ня менш атрымаў ад францускіх уладаў ліцэнзію на трансьляцыю і запусьціў францускую вэрсію каналу ў сьнежні летась. Але Макрон сваіх слоў не забыўся і анансаваў закон супраць fake news і замежнай прапаганды.

«Навагодні падарунак» журналістам ад францускага прэзыдэнта

На традыцыйнай сьвяточнай сустрэчы Эмануэль Макрон паабяцаў: ён паспрабуе, каб fake news больш не азмрочвалі мэдыя-прастору краіны.

«Мы занясем у заканадаўства зьмены, якія дапамогуць абараніць дэмакратыю ад фэйкавых навінаў», — сказаў ён.

Згодна з законам, прапанаваным прэзыдэнтам:

  • сайты навінаў раскрыюць сваіх спонсараў;
  • карыстальнікі змогуць скардзіцца на фэйкі ў суд, які атрымае права блякаваць альбо фальшыўку, або ўвесь партал;
  • мэдыя-рэгулятар зможа спыняць працу замежных СМІ, абвінавачаных у прапагандзе;
  • дзейнічаць гэтыя правілы будуць у пэрыяд перадвыбарных кампаній.

Макрон vs фэйкі

Стаўленьне да фэйкаў у Эмануэля Макрона асаблівае. Год таму, балятуючыся ў прэзыдэнты Францыі, ён быў мішэньню мноства фальшывак. Пляткарылі аб яго асабістым жыцьці, казалі пра афшорныя рахункі на Багамах.

Пры чым тут RT

Крыніцай і плятформай для многіх фэйкаў, лічыць Макрон, былі расейскія вэб-парталы Sputnik і RT. «Гэта не сапраўдныя СМІ», — заявіў ён на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у траўні летась.

Прайшло паўгода, і, нягледзячы на пазыцыю прэзыдэнта, у Францыі запрацаваў тэлеканал RT.

Неўзабаве пасьля гэтага Эмануэль Макрон прапанаваў новы закон для барацьбы з фэйкавымі навінамі.

Ідэя не бездакорная

У добрага пачынаньня нямала крытыкаў. І гэта ня толькі тыя, хто баіцца дзяржаўнай цэнзуры. Па-першае, незразумела, чым новы закон лепшы існуючых:

  • У Францыі з 1880-х існуе закон, які забараняе публікацыю і распаўсюд паклёпу.

Другая прэтэнзія да «закону Макрона»: невядома, што менавіта можна лічыць fake news. Ці то ўсё памылковыя навіны, ці то выключна зламысныя.

  • Што такое fake news? Як вызначыць, што зьяўляецца фэйкам? Калі інфармацыя апублікаваная зь найлепшых памкненьняў, але аказваецца памылковай, ці трапляе яна пад вызначэньне fake news?

Абвінавачваюць ініцыятыву прэзыдэнта і ў абмежаванай сфэры ўжываньня. Крыніцай фэйкаў Эмануэль Макрон лічыць СМІ з Расеі, але паўплываць на іх закон, прыняты ў Францыі, усё роўна ня зможа. Ды і ў сацыяльных сетак ёсьць шчыліны на выпадак, калі аўтары не захочуць зьнішчаць свой фэйк.

XS
SM
MD
LG