Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: інваліднасьць — не перашкода для дэпутацкага мандата


Падчас мясцовых выбараў 2014 году
Падчас мясцовых выбараў 2014 году

Сярод 22 тысяч патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі — некалькі інвалідаў. Карэспандэнты Свабоды паразмаўлялі зь імі, каб высьветліць, што падштурхнула гэтых людзей удзельнічаць у выбарчай кампаніі.

«Калі ўсе супраць, то гэта яшчэ ня значыць, што яны маюць рацыю...»

Так лічыць прэтэндэнт на мандат дэпутата Слонімскага райсавету інвалід трэцяй групы Дзьмітры Пятруцік.

Пятруціку 26 гадоў, ён жанаты, мае двое дзетак і жыве ў Слоніме. Па прафэсіі — будаўнік-мантажнік. Інваліднасьць атрымаў на будоўлі ў Расеі: у выніку няшчаснага выпадку ў яго зламаныя абедзьве нагі.

Дзьмітры Пятруцік
Дзьмітры Пятруцік

​Дзьмітры кажа, што вырашыў ісьці ў дэпутаты, калі, будучы інвалідам, ня змог знайсьці ў Слоніме працу.

«Мне па інваліднасьці дзяржава плаціць 140 рублёў пэнсіі. Але ж я малады, хачу і магу яшчэ працаваць, аднак працы знайсьці не магу. А мне трэба карміць сям’ю. Узімку працую ў кацельні, а ў астатні час працы ня маю. Ніколі ня думаў, што ў нашай краіне такое стаўленьне да інваліда», — кажа Дзьмітры Пятруцік.

Ён кажа, што сутыкнуўся са, здавалася б, звычайнымі рэчамі, якім многія гады ніхто ня можа даць рады. У доме, дзе жыве, 50 год не рабілі рамонту, у двары няма дзіцячых пляцовак, на слупах не гарыць сьвятло, на вуліцах няма сьметніц.

«Вось я і пастанавіў усе гэтыя праблемы на раённым роўні нейкім чынам зрушыць зь месца», — кажа Дзьмітры.

Ён дадае, што ягоныя сябры і блізкія ўпэўненыя: гэта марная трата часу. Аднак сам патэнцыйны кандыдат думае інакш.

«Нават калі ўсе супраць, то гэта яшчэ ня значыць, што яны маюць рацыю. Я веру, што калі робіш, то многае можа зьмяніць нават адзін чалавек», — лічыць Дзьмітры Пятруцік.

Дзьмітры не належыць ні да якой партыі, у дэпутаты вылучаўся шляхам збору подпісаў.

«Няхай трошкі не такая, як усе, але маю трое дзяцей і неабыякавая»

Так кажа пра сябе жыхарка Віцебску Алена Шабуня.

Для яе сёлетнія выбары ў мясцовыя саветы — ужо трэцяя выбарчая кампанія. Алена — прыхільніца стварэньня партыі БХД, займаецца журналістыкай і ўвогуле чалавек дужа актыўны. І пры ўсім тым — інвалід па зроку.

Алена Шабуня (зьлева) і Тацяна Севярынец
Алена Шабуня (зьлева) і Тацяна Севярынец

Калі ня надта прыглядацца, то гэта малазаўважна. Сама Алена кажа, што фізычна пачуваецца кепска, толькі калі моцна ператоміцца.

«Я ўжо прывыкла да свайго стану. Але цяпер, калі ідзе выбарчая кампанія, і я шмат працавала з насельнікамі сваёй акругі, ужо цяжкавата. Але раз я ўзялася за гэтую справу, дык мушу працаваць як здаровая», — кажа Шабуня.

Для яе акруга ў мікрараёне Білева — новабудоўлі на ўскраіне гораду — ужо стала «сваёй». Ёсьць і дасягненьні. Актывісты дамагліся пракладаньня роварных дарожак, паляпшэньня транспартнага абслугоўваньня. Дамагліся і зьяўленьня мэдычнай амбуляторыі, бо абяцаную яшчэ 10 гадоў таму паліклініку ніяк не збудуюць. Пісьмовыя звароты з тысячамі подпісаў прысьпешылі рамонт інфэкцыйнага шпіталя. Рамантавалі некалькі год, а скончылі ўсяго за 3 месяцы. «Скранулася зь месца» і праца на вядомым даўгабудзе паліклінікі ў мікрараёне «Поўдзень».

Алена ўжо даўно не бянтэжыцца, што яна «трошкі не такая, як усе».

«Я не заўважаю, ці прыглядаюцца людзі да таго, што ў мяне нешта ня так. Значна больш дзівяцца, даведаўшыся, што ў мяне трое дзяцей!» — сьмяецца Алена.

Зрэшты, дзеці ў яе ўжо дарослыя. А галоўнае — з самага дзяцінства выхаваныя самастойнымі.

Інвалід пазмагаецца за дэпутацтва з намесьнікам пракурора

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, інвалід-вазочнік Юры Ляшэнка падаў дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Гомельскага абласнога савету дэпутатаў ад акругі № 57 у Сьветлагорску. Паводле БелаПАН, гэта адзіны ў Беларусі інвалід-калясачнік, які вылучаецца ў абласны савет.

Юры Ляшэнка
Юры Ляшэнка

Ляшэнка ўжо мае досьвед удзелу ў выбарчай кампаніі — у 2016 годзе ён балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. Як сказаў актывіст БелаПАН, асноўныя пытаньні, якія хвалююць яго як патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты і на якія ён зьбіраецца зрабіць упор у сваёй кампаніі, — безбарʼернае асяродзьдзе і экалягічнае становішча ў Сьветлагорску.

«Ёсьць праграма па безбарʼерным асяродзьдзі, ёсьць — па Канвэнцыі аб правах інвалідаў, якую Беларусь ратыфікавала. Але ўсе гэтыя дакумэнты пакуль не палепшылі рэальнае жыцьцё людзей зь фізычнымі абмежаваньнямі. Другое — экалёгія. Асабліва востра гэтая праблема загучала ў Сьветлагорску ў сувязі з тэставай працай кітайскага заводу беленай цэлюлёзы», — кажа прэтэндэнт на мандат дэпутата.

Актывіст ня ўпэўнены, што беларускія выбары — сумленныя і празрыстыя, асабліва адносна падліку галасоў. Але мае намер з дапамогай незалежных назіральнікаў хоць бы паспрабаваць «палепшыць працэдуру — як максымум, ці зафіксаваць парушэньне — як мінімум».

У Гомельскі абласны савет па гэтай жа акрузе мае намер балятавацца і намесьнік пракурора вобласьці Ўладзімер Тарасенка — раней ён быў пракурорам Сьветлагорскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG