Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран адмовіўся пераглядаць ядзернае пагадненьне


Іран зноў адхіліў патрабаваньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб унясеньні сур’ёзных зьменаў у дамову аб атамнай праграме Тэгерану.

У Тэгеране, заявілі, што атамнае пагадненьне не зьяўляецца прадметам гандлю.

«Гэтая дамова зьяўляецца міжнародна прызнаным і завершаным пактам і не можа зьяўляцца прадметам новых абмеркаваньняў», — заявіла міністэрства замежных спраў Ірану ў суботу, 13 студзеня. У дакумэнце ўказваецца, што па гэтай прычыне Тэгеран не пагодзіцца на ўнясеньне паправак і не прыме на сябе новых абавязацельстваў, якія выходзяць за рамкі дамовы, заключанай у Вене ў 2015 годзе.

12 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра намер прыняць новыя санкцыі ў дачыненьні да Ірану.

Раней Белы дом адтэрмінаваў аднаўленьне санкцыяў на 120 дзён, аднак адначасова заявіў, што на працягу гэтага тэрміну ў атамнае пагадненьне павінны быць унесены сур’ёзныя зьмены. У цэлым, прэзыдэнт Трамп высунуў 4 ультыматыўныя патрабаваньні:

  1. Іран, па словах Трампа, павінен даць міжнародным інспэктарам магчымасьць агледзець абсалютна ўсе аб’екты, якія яны запатрабуюць для праверкі;
  2. павінна быць гарантавана, што Ісламская Рэспубліка ніколі ня зможа атрымаць ядзерную зброю;
  3. пагадненьне павінна мець неабмежаваны тэрмін дзеяньня;
  4. Трамп лічыць, што нельга разглядаць паасобку ядзерную праграму Ірану і працу над стварэньнем балістычных ракет, здольных несьці ядзерную зброю.

Тэгеран ужо неаднаразова падкрэсьліваў, што складзенае ў Вене пагадненьне распаўсюджваецца выключна на іранскую атамную праграму і ня мае нічога агульнага зь ягонай ракетнай праграмай або зь ягонай палітыкай на Блізкім Усходзе, якая выклікае нараканьні ў ЗША. У апублікаванай 13 студзеня заяве іранскага МЗС адзначаецца, што, калі ЗША адмовяцца ад выкананьня ўмоваў атамнага пагадненьня, то Іран таксама ня будзе выконваць гэтую дамову.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG