Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе рване ў 2018 годзе? 10 канфліктаў, якія могуць стаць вельмі небясьпечнымі


Міжнародная крызісная група (ICG) — незалежная некамэрцыйная міжнародная арганізацыя з штаб-кватэрай у Брусэлі — апублікавала сьпіс рэгіёнаў, канфлікты ў якіх могуць стаць асабліва небясьпечнымі ў новым годзе.

Аўтары дакладу вылучаюць тры глябальныя тэндэнцыі, якія ўжо вызначаюць і, хутчэй за ўсё, будуць працягваць вызначаць міжнародную палітыку. Гэта паступовае зьніжэньне амэрыканскага ўплыву, штораз большая мілітарызацыя зьнешнепалітычнай сфэры і паступовае паслабленьне шматбаковага супрацоўніцтва.

Зьніжэньне амэрыканскага ўплыву, на думку экспэртаў ICG, зьвязана ня столькі з асноўным лёзунгам прэзыдэнта Трампа «Амэрыка перш за ўсё» (America First), колькі з агульным правалам вайсковага ўварваньня ў Ірак у 2003 годзе. З таго часу кожны наступны амэрыканскі прэзыдэнт і кандыдат у прэзыдэнты выступаў за неабходнасьць абмежаваць амэрыканскае ўмяшаньне ў сусьветныя канфлікты. Маючы на ўвазе 200 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў, якія нясуць службу па ўсім сьвеце, цяжка казаць аб зьніжэньні амэрыканскага ўплыву ў наўпроставым сэнсе — гаворка ідзе пра страту Злучанымі Штатамі здольнасьці маніпуляваць гульцамі на міжнароднай арэне або вызначаць тыя ці іншыя падзеі.

Рост мілітарызацыі зьнешняй палітыкі аўтары дакладу зьвязваюць з канчатковай перамогай рыторыкі «барацьбы з тэрарызмам», якая дае магчымасьць ўрадам па ўсім сьвеце спачатку таўраваць сваіх апанэнтаў як тэрарыстаў, а потым адпаведна зь імі распраўляцца. Дзесяцігодзьдзе пастаянных вайсковых умяшаньняў ў рэгіянальныя канфлікты па ўсім сьвеце стварыла агульную атмасфэру цярпімасьці да вайсковых мэтадаў вырашэньня супярэчнасьцяў.

Найбольш зыркім прыкладам крызісу шматбаковага супрацоўніцтва ў дакладзе названа палітыка цяперашняга прэзыдэнта ЗША, які дэманстратыўна адмовіўся ўдзельнічаць у Парыскіх кліматычных дамоўленасьцях або прыгразіў выйсьці з ядзернага пагадненьня з Іранам. Але справа ня толькі ў Дональдзе Трампе: скажам, канфлікт ва Ўкраіне зрабіў фактычна немагчымай якую-небудзь дамоўленасьць ў Радзе бясьпекі ААН, бо ён выклікаў рэзкую канфрантацыю паміж Расеяй і краінамі Захаду ледзь не па ўсіх пытаньнях.

На гэтым тле, на думку экспэртаў ICG, цяжкія крызісы магчымыя сёлета ў наступных дзесяці рэгіёнах.

1. Паўночная Карэя

КНДР праводзіць, як яна сьцьвярджае, пасьпяховыя ядзерныя выпрабаваньні і тэставыя запускі ракет, на што Вашынгтон адказвае ўсё больш ваяўнічай рыторыкай, узмацненьнем жорсткасьці санкцый і узмацненьнем дыпляматычнага ціску на Кітай. Рызыка заключаецца ў тым, што прымальным вырашэньнем канфлікту ЗША лічаць ператварэньне КНДР у бязьядзерную дзяржаву (што нерэалістычна), пакідаючы ў якасьці адзінай альтэрнатывы вайсковае ўмяшаньне. Любая правакацыя з боку Пхэньяну можа прывесьці да пачатку вайны ў рэгіёне.

2. ЗША і Саудаўская Арабія супраць Ірану

Гэты канфлікт можа ўцягнуць у сябе адразу некалькі блізкаўсходніх краінаў. Агульная пазыцыя ЗША і Саудаўскай Арабіі ў тым, што Іран скарыстаўся пасіўнасьцю некаторых краінаў рэгіёну, каб празьмерна ўзмацніць свае пазыцыі ў Сырыі, Іраку, Емэне і Лібане. Адсюль — згода наконт неабходнасьці даць адпор штораз большым амбіцыям Тэгерану пры дапамозе эканамічных санкцый (пра што ўвесь час кажа Трамп), дыпляматычнага ціску (сумеснае асуджэньне дзеяньняў Ірану ў рэгіёне, спроба Эр-Рыяду скінуць прэм’ер-міністра Лібану) і вайсковы адпор (сіламі саўдытаў ў Емэне і сіламі ізраільцян у Сырыі).

Іранскія вайскоўцы падчас параду, верасень 2017
Іранскія вайскоўцы падчас параду, верасень 2017

Пры поўнай адсутнасьці намаганьняў па ўрэгуляваньні ўзаемнай незадаволенасьці любая выпадковая падзея можа прывесьці да вайсковай эскаляцыі: такой падзеяй можа аказацца ўвядзеньне новых амэрыканскіх санкцый супраць Ірану (што ў Тэгеране будзе ўспрынята як парушэньне ядзерных пагадненьняў, дасягнутых намаганьнямі пяці краінаў), ракета, запушчаная паўстанцамі хуці зь Емэну на тэрыторыю Саудаўскай Арабіі або Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, або ізраільскі авіяўдар па тэрыторыі Сырыі, ахвярамі якога стануць іранскія вайскоўцы.

3. М’янма і Банглядэш

Крызіс вакол мусульман-рагінг’я можа прывесьці да згортваньня сьвежанароджанай дэмакратыі ў М’янме, крызісу ў Банглядэшы і пачатку шырокай канфрантацыі паміж мусульманамі і будыстамі ў рэгіёне ў цэлым.

Вайсковая апэрацыя ў штаце Ракхайн ў канцы жніўня прывяла да масавага сыходу мусульман рагінг’я ў Банглядэш (колькасьць уцекачоў ацэньваецца на 655 тысяч). ААН назвала дзеяньні ўладаў М’янмы клясычным выпадкам этнічнай чысткі, дзяржаўны раднік М’янмы, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы страціла міжнародны аўтарытэт. Але ціск з боку ААН, якая патрабуе ад уладаў М’янмы забясьпечыць уцекачам магчымасьць добраахвотнага і бясьпечнага вяртаньня, можа не завяршыцца посьпехам.

Міжнароднае фінансаваньне лягераў уцекачоў у Банглядэшы спыніцца ў лютым. Цяжкая эканамічная сытуацыя ў Банглядэшы, як і сама прысутнасьць там вялізнай колькасьці уцекачоў, можа справакаваць лякальныя канфлікты і ўскладніць агульнапалітычную сытуацыю ў гэтай краіне, дзе у 2018 годзе павінны прайсьці выбары.

У М’янме, з другога боку, магчыма аднаўленьне актыўнасьці ўзброенай групоўкі «Армія выратаваньня Аракан рагінг’я», наступ якой і справакавала кровапраліцьце ў жніўні. Калі гэта здарыцца, рэгіянальная праблема можа перарасьці ў агульнанацыянальную.

4. Емэн

Канфлікт паміж урадам прэзыдэнта Емэну Абд-Рабу Мансура Хадзі, якога падтрымлівае кааліцыя арабскіх краінаў на чале з Саудаўскай Арабіяй, і паўстанцамі хуці, якія атрымліваюць падтрымку з боку шыіцкага Ірану, ужо прывёў да таго, што восем мільёнаў чалавек у краіне знаходзяцца на мяжы голаду, зарэгістраваны мільён выпадкаў захворваньня халерай і звыш трох мільёнаў чалавек аказаліся ў сытуацыі прымусовых перасяленцаў.

Прыхільнікі руху хуці з макетамі ракетаў падчас дэманстрацыі ў Сане
Прыхільнікі руху хуці з макетамі ракетаў падчас дэманстрацыі ў Сане

Спроба былога прэзыдэнта Емэну Алі Абдулы Салеха разарваць саюз з хуці на карысьць кааліцыі прывяла да яго забойства. У новым годзе кааліцыя, хутчэй за ўсё, працягне ваенную кампанію. На поўначы Емэну, дзе сытуацыю кантралююць хуці, можа запанаваць анархія, што выведзе канфлікт за межы краіны. Пэрспэктыва перамоваў уяўляецца малаверагоднай: кааліцыя арабскіх краінаў разглядае хуці як іранскіх марыянэтак, і таму наўрад ці здольная прапанаваць варыянт прымірэньня, які б іх задаволіў. Непрымірымую пазыцыю Эр-Рыяду сур’ёзна падмацоўваюць пастаянныя абвінавачаньні ЗША ў адрас Ірану.

5. Аўганістан

У 2018 годзе вайсковыя дзеяньні ў гэтай краіне, на думку аўтараў дакладу, стануць больш інтэнсіўнымі. Новая вайсковая стратэгія ЗША ў Аўганістане прадугледжвае пашырэньне апэрацый супраць талібаў: наступальных наземных апэрацый аўганскай арміі і паветраных амэрыканскай авіяцыі. Афіцыйная мэта — прымусіць талібаў да міру, але ніякага пляну, акрамя вайсковага, здаецца, не існуе.

У цяперашні час талібы кантралююць больш тэрыторыі, чым за ўвесь пэрыяд з 2001 году. Цяпер яны лепш узброеныя і здольныя ня толькі даваць непасрэдны вайсковы адпор, але і ладзіць тэракты ў буйных гарадах. У пэрыяд паміж 2009-м і 2012 гадамі талібы трымалі ўдар ад амэрыканскага стотысячнага кантынгенту.

Баевікі руху «Талібан» падчас вайсковага параду ў гонар незалежнасьці Аўганістану ў Кабуле, 2001 год
Баевікі руху «Талібан» падчас вайсковага параду ў гонар незалежнасьці Аўганістану ў Кабуле, 2001 год

Парлямэнцкія выбары ў Аўганістане прызначаныя на ліпень 2018 году, прэзыдэнцкія павінны прайсьці ў 2019 годзе. З 2004 году ўсе без выключэньня выбары ў гэтай краіне прыводзілі да крызісу ў тым ці іншым выглядзе. Цяперашні прэзыдэнт Ашраф Гані не карыстаецца вялікай падтрымкай. Крытыкі абвінавачваюць яго ў манапалізацыі ўлады.

Вайсковая прысутнасьць ЗША ў Аўганістане, закліканая падняць баявы дух урадавай арміі, шмат кім у краіне ўспрымаецца як пагроза нацыянальным інтарэсам, што можа спрыяць росту папулярнасьці талібаў.

6. Сырыя

Вайна, якая працягваецца ўжо амаль сем гадоў, быццам бы скончылася перамогай рэжыму прэзыдэнта Башара Асада — шмат у чым дзякуючы падтрымцы з боку Ірану і Расеі. Але канфлікт усё яшчэ далёкі ад завяршэньня. Частковая перамога над баявікамі «ісламскай дзяржавы», здабытая дзякуючы намаганьням як урадавых сіл, так і паўстанцаў, можа аказацца неканчатковай: баевікі, якія засталіся ў жывых, зьбіраюцца зь сіламі ў пустыні. Сырыйскія дэмакратычныя сілы, якія карыстаюцца падтрымкай ЗША, і ў якіх асноўную ролю адыгрываюць курды, змагаліся з «ісламскай дзяржавай» у тым ліку і дзеля дасягненьня максымальнай аўтаноміі — якую яны ня факт што атрымаюць без далейшага ўжываньня сілы.

Дзеці ў часовым лягеры для ўцекачоў Джыбрын паблізу Алепа, жнівень 2017
Дзеці ў часовым лягеры для ўцекачоў Джыбрын паблізу Алепа, жнівень 2017

Ізраіль можа ўспрыняць як пагрозу узброеныя групоўкі, якія дзейнічаюць пры падтрымцы Ірану на паўднёвым захадзе Сырыі. Любое вайсковае сутыкненьне ў гэтым рэгіёне можа ўцягнуць у канфлікт Лібан.

Тым ня менш, самай сур’ёзнай небясьпекай аўтары дакладу лічаць магчымую наступальную апэрацыю сырыйскіх урадавых войскаў на паўночным захадзе краіны — у раёнах, якія знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў. Там пражывае каля двух мільёнаў чалавек, якія ў выпадку ваенных дзеяньняў акажуцца ўцекачамі.

7. Сахель

Дзяржавы афрыканскага рэгіёну, які разьмяшчаецца паміж Сахарай на поўначы і больш ўрадлівымі землямі на поўдні, ужо многія гады ня могуць справіцца з унутранымі міжнацыянальнымі канфліктамі і гвалтам з боку ўзброеных ісламісцкіх груповак. Найбуйнейшым у рэгіёне быў крызіс у Малі ў 2012 годзе, калі ісламістам ўдалося заняць фактычна ўвесь поўнач краіны амаль на год.

У розных краінах дынаміка таго, што адбываецца, вызначаецца мясцовымі фактарамі. У рэгіёне разьмешчаны міратворцы ААН, спэцыяльныя сілы ЗША, францускія контртэрарыстычныя войскі. У канцы мінулага году пры падтрымцы Францыі былі сфармаваныя спэцыяльныя сілы G5 Sahel, у якія ўваходзяць вайскоўцы з Малі, Нігеру, Чаду, Буркіна-Фасо і Маўрытаніі.

Праблемай, на думку спэцыялістаў ICG, зьяўляецца адсутнасьць выразнага вызначэньня ворага (вайсковыя апэрацыі праводзяцца адразу супраць шматлікіх ісламісцкіх фармаваньняў, наркагандляроў і кантрабандыстаў ды іншых злачынных груповак), што можа прывесьці да злоўжываньняў вайсковай сілай.

8. Дэмакратычная рэспубліка Конга

Прэзыдэнт гэтай краіны Жазэф Кабіла, другі (і апошні магчымы паводле канстытуцыі) тэрмін якога скончыўся ў сьнежні 2016 году, працягвае ўтрымліваць уладу насуперак дасягнутым ў 2016 годзе міжнародным дамоўленасьцям.

Конга: дзеці гуляюць на згарэлым паўстанцкім танку, кастрычнік 2013
Конга: дзеці гуляюць на згарэлым паўстанцкім танку, кастрычнік 2013

Паводле апошняй заявы нацыянальнай выбарчай камісіі, выбары павінны адбыцца ў канцы 2018 году, але да таго моманту краіна можа пагрузіцца ў поўны хаос з прычыны нарастаньня пратэстных настрояў у гарадах і ўзмацненьня паўстанцкіх груповак у рэгіёнах.

9. Украіна

Ахвярамі вайсковага канфлікту на ўсходзе краіны ўжо сталі больш за 10 тысяч чалавек. Рэгіёны, якія знаходзяцца пад кантролем сэпаратыстаў, цалкам залежаць ад Масквы, у самой Украіне расьце незадаволенасьць Менскімі дамоўленасьцямі, якія бакі (беспасьпяхова) спрабуюць рэалізаваць ад 2015 году.

Канфлікт прывёў да рэзкай канфрантацыі паміж Расеяй і краінамі Захаду. Нягледзячы на нечаканую згоду Расеі на ўвядзеньне ў рэгіён міратворцаў ААН, нішто ня сьведчыць, што Масква адмовіцца ад спробаў уплываць на тое, што там адбываецца. Хутчэй за ўсё, Крэмль імкнецца замарозіць канфлікт, а ня вырашыць яго.

10. Вэнэсуэла

Падзеі 2017 году ўзмацнілі і без таго сур’ёзны эканамічны крызіс і прывялі да правалу спадзяваньняў на палітычнае вырашэньне канфлікту паміж прэзыдэнтам Нікаласам Мадурам і правай апазыцыяй. Ахвярамі вулічных сутыкненьняў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй у пэрыяд з красавіка па ліпень сталі больш за 120 чалавек. Выбары ў «канстытуцыйную асамблею» закончыліся поўнай перамогай прыхільнікаў Мадуры.

Падпалены чалавек падчас мітынгу супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры ў Каракасе, травень 2017
Падпалены чалавек падчас мітынгу супраць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаласа Мадуры ў Каракасе, травень 2017

У канцы лістапада Вэнэсуэла абвясьціла частковы дэфолт і падтрымка Расеі можа аказацца недастатковай. Поўны дэфолт прывядзе да пагаршэньня і без таго катастрафічнай сытуацыі ў эканоміцы.

Апазіцыя спадзяецца на выбары, якія павінны адбыцца да канца 2018 года, і звязанае з імі міжнародны ціск, але прэзідэнт Мадура можа папросту адмяніць галасаванне, увёўшы надзвычайнае становішча. Хутчэй за ўсё, гуманітарная сітуацыя працягне пагаршацца, і ўсё больш грамадзян будзе імкнуцца пакінуць краіну.

***

Аўтары дакладу адзначаюць, што ў сьпіс не ўвайшоў яшчэ адзін магчымы канфлікт, зьвязаны з прызнаньнем ЗША Ерусаліму сталіцай Ізраілю. Рашэньне адміністрацыі Трампа, прадыктаванае ўнутрыпалітычнымі меркаваньнямі, пакуль не прывяло да сур’ёзнай дэстабілізацыі на Блізкім Усходзе, але нішто не гарантуе, што гэтага не здарыцца ў далейшым.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG