Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курсы ўкраінскай мовы ў Менску «памаладзеюць» — створаная група для дзяцей


Ілюстрацыйнае фота

19 студзеня ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (Менск, вуліца Чычэрына, 19) пачнуць працаваць дзіцячыя курсы ўкраінскай мовы. Яны будуць праходзіць на бясплатнай аснове да канца навучальнага году.

«Любіце ўкраінскую мову? Яна родная для вас і вы хочаце, каб дзеці таксама размаўлялі, чыталі па-ўкраінску і глядзелі ўкраінскія мультфільмы? Або вашы малыя ўсё гэта ўмеюць і хочуць сябраваць зь іншымі ўкраінскамоўнымі дзеткамі? Тады чакаем на дзіцячых курсах у Менску!», — заклікаюць ініцыятары.

Як адзначыла Свабодзе адна з арганізатарак, кіраўніца Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў Наталка Бабіна, сёньня працуюць групы ўкраінскай мовы для дарослых у Менску і Гомлі. Дзіцячых набораў дагэтуль не было.

Паводле яе, гэта цалкам плён дзейнасьці ўкраінскай дыяспары. Актывісты дамовіліся з кіраўніцтвам Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур, знайшлі паразуменьне і прытулак для рэалізацыі сваёй ідэі.

«На першым этапе дзеткі будуць займацца да канца гэтага навучальнага году, гэта значыць да канца траўня, — дадае Наталка Бабіна. — І калі ўсё будзе нармальна, калі будзе дастатковая колькасьць ахвотнікаў, праца будзе працягнутая і на наступны навучальны пэрыяд».

Запіс на курсы ўкраінскай мовы яшчэ працягваецца. Наталка Бабіна разьлічвае, што першая дзіцячая група будзе цалкам укамплектаваная.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG