Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі абвясьцілі набор на курсы ўкраінскай мовы. Першыя заняткі — 28 кастрычніка


Ілюстрацыйнае фота. Курсы ўкраінскай мовы ў Менску

Курсы ўкраінскай мовы ў Гомлі ініцыявала мясцовая ўкраінская дыяспара, а падтрымала гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Першыя заняткі прызначаныя на 28 кастрычніка.

«Літаральна за першыя пару дзён, як толькі мы падалі сумесную абвестку, на курсы запісаліся звыш паўтара дзясятка ахвотнікаў, — кажа старшыня Гомельскай суполкі ТБМ Алеся Аўласевіч. — І тэлефанаваньні з просьбай залічыць на курсы працягваюцца. Мы прадстаўляем для курсаў памяшканьне нашага гарадзкога цэнтру беларускай мовы і культуры».

Выкладаць украінскую мову пагадзілася Надзея Дрозд. Сама яна родам з Украіны, інстытут скончыла ў Кіеве, а жыве ў Гомлі.

«Праграму навучаньня нам даслалі з украінскай амбасады ў Менску, — кажа Надзея Дрозд. — 28 кастрычніка мы зьбяромся і абмяркуем, што найбольш цікавіць гамельчукоў, якія пажадалі вывучаць украінскую мову. Асабіста я мяркую, што на курсах мы маем вывучаць ня толькі граматыку, фанэтыку ці сынтаксіс, але й знаёміцца зь літаратурай, гісторыяй, культурай Украіны. Навучаньне павінна быць цікавым і карысным для тых, хто будзе наведваць курсы».

Паводле папярэдняй дамовы, частку выдаткаў за арэнду памяшканьня на вуліцы Кірава, 3, дзе будуць дзейнічаць курсы, возьме на сябе ўкраінская амбасада ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка на ліпеньскай сустрэчы ў Кіеве дамовіліся, што ў памежных раёнах Беларусі этнічныя ўкраінцы змогуць вывучаць сваю мову, а беларусы ва Ўкраіне — сваю.

6 кастрычніка курсы ўкраінскай мовы пачалі працу ў Менску ў сядзібе ТБМ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG