Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не разумею, навошта было яе біць». Беларус амаль месяц ня можа забраць састарэлую маці з маскоўскай псыхіятрычнай клінікі


Нэла Чаўтаева ў бальніцы з унукам. Фота «Ліза Алерт».

Радыё Свабода пагаварыла зь віцяблянінам, які ўжо некалькі тыдняў вымушана жыве ў маскоўскім гостэле і спрабуе аднавіць дакумэнты старой маці.

«Маці не прыехала ні раніцай, ні ўвечары»

Андрэй Чаўтаеў жыве ў Віцебску больш за 25 гадоў. У Беларусь перасяліўся яшчэ за савецкім часам, пасьля службы ў войску. Брат ягоны ў Расеі, а 78-гадовая маці да нядаўняга часу жыла ва Ўзбэкістане, у горадзе Бухара. Андрэй ня раз клікаў маці да сябе, у 2017 годзе яна нарэшце пагадзілася. Прадала кватэру, перавяла грошы сыну ў Беларусь. Андрэй дадаў крыху сваіх, набыў для маці новае жыльлё ў Віцебску, зрабіў рамонт. Маці, Нэла Сьцяпанаўна, купіла квіток на самалёт да Масквы. Адтуль мелася пазваніць сыну і ехаць у Віцебск ужо наземным транспартам 15 сьнежня. Аднак на сувязь так і ня выйшла.

«Перад паездкай маці пазваніла мне і сказала — заўтра буду. Паставіла перад фактам, — кажа Андрэй. — Вядома, больш надзейна было б яе прыехаць сустрэць у Маскву, але я ўжо не пасьпяваў, заставалася шэсьць гадзін. Кажу — ладна. Як прыедзеш у Віцебск, то пазвані на мой мабільны нумар. І пасьля гэтага — усё, зьнікла. Не прыехала ні раніцай, ні ўвечары. На наступны дзень я пайшоў у міліцыю ў Віцебску. Яны яе шукалі, высьветлілі, што афіцыйна мяжу не перасякала, у Менск не прылятала. Заяву прынялі, моргі праверылі. А потым мне сказалі, што не шукаюць людзей за межамі Беларусі, іншаземцаў».

«Бабуля ў сумёце»

У ноч з 19 на 20 сьнежня, празь некалькі дзён пасьля таго, як Андрэй Чаўтаеў не дачакаўся маці ў Віцебску, валянтэрам з расейскай арганізацыі «Ліза Алерт» пазваніў жыхар Дамадзедава Марат. Ён сказаў, што каля пад’езду свайго дома на вуліцы Набярэжнай знайшоў моцна зьбітую старую жанчыну, якая адмаўляецца ад дапамогі і ня хоча ісьці ў паліцыю. А паліцыя, у сваю чаргу, адмаўляецца яе забіраць.

З дапамогай валянтэраў удалося высьветліць, што яна ўжо трапляла ў паліцыю тры дні таму, 16 сьнежня. Тады яе палічылі бадзягай і выпусьцілі ў горад.

Сытуацыя ўскладнялася тым, што жанчына не магла патлумачыць, хто яна і адкуль, часткова страціла памяць і паводзіла сябе не зусім адэкватна. Паўтарала слова «Ўзбэкістан», пра родных магла сказаць толькі тое, што сына завуць Андрэй, а жыве ён «там, дзе садзяць бульбу». Валянтэрка арганізацыі «Ліза Алерт» Тацяна ўсё ж разгаварыла жанчыну і даведалася, як яе завуць — Нэла Сьцяпанаўна Чаўтаева. Праз сацыяльныя сеткі зьвязалася з сынам Андрэем. Празь некалькі дзён у бальніцу, дзе на той момант ляжала зьбітая Нэла Чаўтаева, прыехаў яе ўнук, а затым і сын. Там яны даведаліся, што жанчына ня мае пры сабе ніякіх дакумэнтаў, а яе фізычны і псыхічны стан не дазваляюць забраць Нэлу Сьцяпанаўну з сабой у Беларусь.

«Сыну ў сацсетках валянтэры напісалі. Яны знайшлі маці раней, чым міліцыя і паліцыя, — кажа Андрэй Чаўтаеў. — Я адразу паехаў у Маскву, спадзяваўся, што хутка можна будзе вырашыць усе пытаньні, забраць маці ў Віцебск. Але ў выніку і Новы год тут правёў, і цяпер сяджу ў гостэле. Да консула дайсьці, да мэра (маецца на ўвазе кіраўнік гораду Дамадзедава. — РС)... Ведаеце, тут і стаўленьне паліцыі да беларусаў такое ж, як да гастарбайтэраў нейкіх, амаль так. Яны маю маці ўвогуле за бадзягу прынялі. А якое стаўленьне да бадзягаў? Самі разумееце».

Гісторыя «бабулі з сумёта» трапіла ў расейскія СМІ, атрымала розгалас. Андрэю пачалі званіць журналісты. У тым ліку, як кажа беларус, з «жоўтых выданьняў», якія хацелі ведаць самыя гарачыя падрабязнасьці. У выніку мужчына перастаў адказваць на званкі зь незнаёмых нумароў.

У такім стане Нэлу Чаўтаеву знайшлі валянтэры.
У такім стане Нэлу Чаўтаеву знайшлі валянтэры.

«Яшчэ ў віцебскай міліцыі сказалі, што шукаць маці ня будуць»

Андрэй Чаўтаеў ужо амаль месяц жыве ў маскоўскім гостэле. Ягоную маці перавялі са звычайнага шпіталя ў псыхіятрычны — яна па-ранейшаму ня можа ўзгадаць акалічнасьцяў зьбіцьця і страты дакумэнтаў. Перакананая, што цяпер 1984 год, а зьбілі яе невядомыя па дарозе з працы дадому.

Каб бесьперашкодна перавезьці Нэлу Сьцяпанаўну ў Беларусь, сыну трэба аднавіць яе пашпарт. Напачатку ў амбасадзе Ўзбэкістану сказалі, што гэты працэс зойме каля трох месяцаў. Паскорыць яго можна было б, калі б Нэла Чаўтаева самастойна вярнулася ва Ўзбэкістан і занялася там аднаўленьнем папераў. Але каб атрымаць новы пашпарт, трэба мець прапіску, а сваю кватэру ў Бухары жанчына прадала, калі рыхтавалася пераяжджаць да сына ў Віцебск.

«Рэчы маці з аэрапорту, багаж, 27 сьнежня чамусьці назад адправілі, ва Ўзбэкістан, — працягвае Андрэй Чаўтаеў. — Я ня мог іх забраць з аэрапорту без даверанасьці. А якая даверанасьць, калі маці ў псыхіятрычнай лячэбніцы? Яна ня можа мне яе падпісаць. І цяпер рэчы ва Ўзбэкістане, я нават пераапрануць маці не магу ў чыстае. Авіякампанія абяцала вярнуць іх назад, мне тут усё адно яшчэ доўга новы пашпарт для маці чакаць. Але калі гэта будзе, я ня ведаю».

Як доўга яшчэ прыйдзецца жыць у маскоўскім гостэле, Андрэй Чаўтаеў не ўяўляе. У амбасадзе Ўзбэкістану абяцалі паскорыць працэс аднаўленьня дакумэнтаў. Магчыма, яны будуць гатовыя ўжо праз два тыдні. Мясцовыя ўлады Дамадзедава абяцалі бясплатна засяліць беларуса ў гатэль, аднак пакуль гэтага не зрабілі.

«Яшчэ два тыдні дакладна тут буду, вельмі спадзяюся на гэта, — кажа Андрэй Чаўтаеў. — Жыву на сто рублёў у дзень (каля 2 даляраў. — РС), за гостэл трэба плаціць 500 рублёў у суткі (каля 10 даляраў. — РС)».

Для Андрэя, які мае інваліднасьць і ходзіць на мыліцах, гэта значныя сродкі. Па дапамогу да беларускіх уладаў ён зьвяртацца ня хоча.

«Ці зьвяртаўся я ў беларускую амбасаду ў Маскве? Ведаеце, мне яшчэ ў віцебскай міліцыі сказалі, што ніхто пошукамі займацца ня будзе, — кажа віцяблянін. — І ўсё. Добра, што хоць даведку далі, што крымінальная справа заведзеная. Усё валянтэры робяць».

Андрэй Чаўтаеў месяц жыве ў маскоўскім хостэле.
Андрэй Чаўтаеў месяц жыве ў маскоўскім хостэле.

«У Беларусі будуць новыя праблемы»

Андрэй Чаўтаеў кажа, што мог бы прывезьці маці ў Віцебск без дакумэнтаў, аднак гэта выкліча яшчэ большыя праблемы.

«Я б мог зараз маці забраць і перавезьці яе ў Віцебск нелегальна. Але на мяжы дакумэнты правяраюць цяпер, пашпарты. Як я перавязу яе, — кажа Андрэй. — Можна было б машыну нейкую знайсьці, паспрабаваць перавезьці. Але гэта ж не сабачка, гэта чалавек. Як потым у Беларусі дакумэнты аднаўляць? Ня факт, што гэта ўдасца. А багаж як атрымаць? Там, магчыма, нейкія дакумэнты засталіся».

Па словах віцябляніна, у Беларусі ягоную маці чакаюць новыя праблемы. Невядома, як хутка ўдасца дамагчыся пераводу пэнсіі з Узбэкістану ў Беларусь, атрымаць дазвол на жыхарства. Колькі, у выпадку неабходнасьці, будзе каштаваць шпіталізацыя ў беларускай лякарні. Не спадзяецца Чаўтаеў і на расьсьледаваньне расейскай паліцыяй нападу на маці. Сам ён трымаецца вэрсіі, што нехта ведаў пра продаж кватэры і мог сачыць за Нэлай Чаўтаевай яшчэ з Узбэкістану.

«Навошта было маці зьбіваць? Ну забяры ты грошы і адпусьці. Ведаеце, у 90-я нават больш гуманна было, старых не чапалі тады, — бядуе Андрэй. — Жах. Я быў сёньня там, каля аэрапорту, дзе яе знайшлі. Навошта яна выходзіла ўвогуле з будынку, як так атрымалася? Каб багаж атрымала, то і багаж зьнік бы. Магчыма, нехта ведаў, што яна кватэру прадала. Падумаў, што яна грошы з сабой вязе».

Пра тое, як доўга яму яшчэ жыць у Маскве, Андрэй Чаўтаеў даведаецца ў сярэдзіне студзеня, калі павінен быць адказ з амбасады Ўзбэкістану.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG