Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве затрыманы гаспадар дома, у якім загінула дзіця


Пліта, якой прыціснула дзяцей

Мужчыну вінавацяць у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці.

Міліцыяй затрыманы гаспадар недабудаванага дома ў Магілёве, на якім у выніку абвалу перакрыцьця 1 лістапада загінуў хлопчык 2007 году нараджэньня. Сябар пацярпелага 2008 году нараджэньня ў цяжкім стане знаходзіцца ў рэанімацыі абласной дзіцячай бальніцы.

Як высьветлілі сьледчыя, два пацярпелыя хлопчыкі гулялі ў недабудаваным доме, які гаспадар узяўся ўзводзіць у 2008 годзе. Апошнія сем гадоў будаўнічыя работы на ім не праводзіліся. Спачатку абрынуліся сылікатныя блёкі, а за імі — перакрыцьце столі.

Сьледчы камітэт Магілёўскай вобласьці ў здарэньні ўгледзеў прыкметы злачынства, прадугледжанага першай часткай 144-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці). Заведзеная крымінальная справа.

«Па непасрэдна ўзьніклым падазрэньні ва ўчыненьні злачынства затрыманы жыхар Магілёва 1975 году нараджэньня, які ў 2008-2010 гадах без адпаведнага дазволу стаў самавольна будаваць дом», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Сьледчага камітэту.

Частка сьцяны, якая абрынулася, а за ёй і перакрыцьце столі
Частка сьцяны, якая абрынулася, а за ёй і перакрыцьце столі

У межах крымінальнай справы сьледчымі прызначаны шэраг экспэртных дасьледаваньняў, вывучаюцца прычыны і ўмовы, якія прывялі да здарэньня, адзначана Сьледчым камітэтам. Па іх выніках будзе дадзеная правая ацэнка дзеяньняў асобаў, якія не забясьпечылі належны кантроль за будаўніцтвам.

Пра здарэньне на вуліцы Загараднай паведаміў дарослым сямігадовы сябар пацярпелых дзяцей, які адмовіўся ісьці ў недабудаваны дом. Прыбылыя мэдыкі канстатавалі сьмерць аднаго з пацярпелых. Другога завезьлі ў дзіцячую бальніцу.

«На жаль, вельмі цяжкі стан у дзіцяці і пакуль не прагназаваны на пэрспэктыву, — паведамілі Свабодзе ў шпіталі. — Ёсьць масіўныя пашкоджаньні, камбінаваныя цяжкія траўмы, сындром пазыцыйнага сьцісканьня. Амаль суткі ім займаемся. Прыяжджалі спэцыялісты з нашых навукова-практычных цэнтраў нэўралёгіі і нэўрахірургіі, артапэдыі і траўматалёгіі, дзіцячай хірургіі, але стан дужа цяжкі...»

Сьледчы камітэт выказаў занепакоенасьць здарэньнямі апошняга часу, у якіх пацярпелі дзеці, што знаходзіліся без назіраньня дарослых. Ведамства нагадала, што 17 кастрычніка ў Сьвіслачы ледзь не патануў хлопчык. Яго выцягнуў з вады мінак. У Полацкім раёне 1 лістапада патанула шасьцігадовая дзяўчынка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG