Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыя зацікаўленая ў кваліфікаванай рабочай сіле зь Беларусі. Таннай


Вена, Аўстрыя. Ілюстрацыйнае фота

Фэдэральны ўрад Аўстрыі мае намер зрабіць цяперашні рынак працы больш адкрытым для прадстаўнікоў трэціх краін, такіх як Расея, Украіна, Беларусь, Малдова. Эўрапейцы не з Эўразьвязу могуць працаваць у тых галінах аўстрыйскай эканомікі, дзе маецца дэфіцыт рабочай сілы.

Як піша выданьне Oberösterreichische Nachrichten (OÖN), у сувязі з гэтым аўстрыйскі ўрад плянуе так званую рэгіяналізацыю, каб кожная фэдэральная зямля стварала свае лісты працоўных вакансіяў. Такім чынам рынак працы стане больш масавым для грамадзянаў трэціх краін, і гэта, як мяркуецца, можа павялічыць колькасьць прытоку таннай працоўнай сілы ў шэсьць разоў.

Сёлета, напрыклад, для грамадзянаў Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы маюцца вакансіі цырульнікаў, аўтамэханікаў, муляраў. Добрыя шанцы на працу сёлета могуць мець тэхнічныя спэцыялісты, уключна з інжынэрамі. Таксама ў розных землях Аўстрыі чакаюць з гэтых краінаў сэртыфікаваных сацыяльных работнікаў для догляду пажылых і хворых людзей, а таксама прафэсійных мэдыцынскіх сясьцёр. Для расейцаў, украінцаў, беларусаў, малдаван існуе і такі варыянт, як сэзонная праца, напрыклад, на некаторых гарналыжных курортах або ў сельскай гаспадарцы на зборы садавіны і вінаграду. Аднак пры ўмове, што на гэтыя месцы ня будуць прэтэндаваць жыхары краін Эўразьвязу.

У адрозьненьне ад большасьці эўрапейцаў, якія маюць свабодны доступ на аўстрыйскі рынак працы, да грамадзян Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы выстаўляюцца пэўныя патрабаваньні. У прыватнасьці, гэта тычыцца неабходнасьці афармленьня дазволу на працу і віду на жыхарства. У большасьці выпадкаў спатрэбіцца валоданьне нямецкай або ангельскай мовай на дастатковым для выкананьня працоўных абавязкаў узроўні, а часам гэта будзе і абавязковай умовай для афармленьня дазволу на працу. Гэтыя веды павінны быць падмацаваныя сэртыфікатам. Звычайна для выдачы віду на жыхарства, згодна з агульнаэўрапейскай клясыфікацыяй, патрабуецца ўзровень, не ніжэйшы за А-2.

Вельмі істотны момант: адпаведнасьць кваліфікацыі аўстрыйскім патрабаваньням.

Асобная галіна, на якую прадстаўнікі, а часьцей прадстаўніцы былых савецкіх рэспублік могуць разьлічваць, ня ведаючы нямецкай ці ангельскай мовы — гэта так званая Dienerschaft, або праца слуг. Заможныя эмігранты з колішняга СССР бяруць расейскамоўных у якасьці нянек, хатніх работніц, кухараў. Такая праца ў Аўстрыі прынясе ня больш за 1000 эўра ў месяц. Аднак для тых жа беларусаў гэта нядрэнныя грошы.

Як пішуць аўстрыйскія выданьні, уся гэтая падтрымка міграцыйнай рабочай сілы адбываецца на тле росту беспрацоўя сярод сваіх грамадзянаў, тых, хто зьяўляецца кваліфікаванымі спэцыялістамі, аднак мае 50 гадоў і болей. Выданьні цытуюць нядаўні выступ аўстрыйскага экс-канцлера, сацыял-дэмакрата Крысьціяна Кэрна, які крытыкуе чорна-сіні ўрад (партыя Свабоды) за рост «неабароненага» і «працяглага» беспрацоўя (калі чалавек не працуе больш за шэсьць месяцаў). Ад сёлета ў краіне прыпынілі сацыяльную «Акцыю 20000», якая мела на мэце забясьпечыць працоўнымі месцамі менавіта гэтую частку аўстрыйскіх грамадзянаў. Паводле Крысьціна Кэрна, «працяглае беспрацоўе ў сталым узросьце па-ранейшаму зьяўляецца сур’ёзнай праблемай», «пры такой палітыцы дзяржава будзе разбураць ўсеагульны дабрабыт, штурхаючы чалавека да краю і пазбаўляючы яго надзеі і пэрспэктывы на будучыню».

У сваю чаргу, чытачы на форумах аўстрыйскіх СМІ, дазваляюць сабе ня самыя лепшыя выказваньні ў адрас іміграцыйнай палітыкі, але ж наконт рабочых з Расеі, Украіны, Беларусі выказваюцца значна лепш, чым пра работнікаў з азіяцкіх рэгіёнаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG