Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беластоку рэстаўратары ўратавалі частку архіву горадзенскага кляштара брыгітак


Кляштар брыгітак у Горадні
Кляштар брыгітак у Горадні

Архіў быў знойдзены два гады таму ў Горадні польскай прафэсаркай Марыяй Каламайскай-Саед. Дакумэнты літаральна рассыпаліся ў руках, але, дзякуючы адмыслоўцам Музэя Падляскага ў Беластоку, адноўленыя і вернуцца ў Горадзенскі гісторыка-археалягічны музэй.

У Горадні Марыя Каламайская-Саед, паведамляе польская Gazeta Wyborcza, знайшла 497 картак дакумэнтаў. Дакумэнты знаходзіліся ў Горадзенскім гісторыка-археалягічным музэі і праляжалі там зь сярэдзіны 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў звычайнай скрынцы.

У музэй яны трапілі пасьля таго, як у 1950 годзе кляштар савецкія ўлады перадалі ў карыстаньне псыхіятрычным шпіталем. Архіў так і праляжаў у музэі больш за паўстагодзьдзя, яго нават ніхто не разьбіраў. Паводле прафэсаркі Каламайскай-Саед, дакумэнты проста рассыпаліся ў руках.

Аднаўленьнем архіву займалася адмысловая рэстаўрацыйная майстэрня з Варшавы. На гэтыя мэты польская дзяржава выдзеліла больш за 30 тысяч злотых (каля 9 тысяч даляраў).

Дакумэнты датуюцца рознымі эпохамі — ад ХVІ да ХХ стагоддзяў. Сярод іх — правілы ордэну, падрабязны рэглямэнт жыцьця манашак, малітоўнікі і сьпеўнікі, сьпісы нерухомасьці, якая належала кляштару. Унутраная перапіска, як правіла, вялася па-польску, а перапіска з чыноўнікамі — па-расейску.

Аднак большая частка архіву брыгіцкага кляштара, які ствараўся ад 1634 году — з часу калі пачаў дзейнічаць Ордэн брыгітак у Горадні, не захавалася. У 1842 годзе расейскія ўлады забаранілі прымаць новых манашак у кляштар. І калі ў 1908 годзе памерла апошняя з брыгітак, віленскі біскуп Эдвард Роп перавёз у горадзенскі кляштар некалькі манашак-назарэтанак, а расейскім уладам выдаваў іх за брыгітак.

Назарэтанкі прызналіся, кім яны ёсьць насамрэч, толькі ў часы, калі Польшча аднавіла сваю незалежнасьуць і Горадня была ўключана ў яе склад. У 1950 годзе савецкія ўлады зьліквідавалі кляштар, ён быў перададзены пад псыхіятрычны шпіталь.

Выратаваныя дакумэнты вернуцца ў Горадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. У Беластоку застануцца копіі дакумэнтаў, іх перавядуць у лічбавы фармат і перададуць у дзяржаўны архіў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG