Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка: У Навінках ніхто не глядзеў навагодняе віншаваньне Лукашэнкі


Галіна Лагацкая, архіўнае фота

Галіна Лагацкая, якая трапіла ў Навінкі пасьля візыту судовых выканаўцаў, распавяла, як гэта — сустрэць Новы год у псыхіятрычнай лякарні.

З 22 сьнежня грамадзкая актывістка Галіна Лагацкая праходзіць мэдычнае дасьледаваньне ў 14-м аддзяленьні Цэнтру псыхічнага здароўя ў менскім мікрараёне Навінкі. У гэтае аддзяленьне першапачаткова зьмяшчаюць людзей, адносна якіх ёсьць падазрэньні ў псыхічным захворваньні.

Галіна Лагацкая ня лічыць сябе хворай, але пагадзілася прайсьці агляд пасьля таго, як пагражала самагубствам судовым выканаўцам. Тыя прыйшлі да яе дамоў, каб забраць мэблю, якую раней апісалі паводле рашэньня суду.

«Судовыя выканаўцы пасьпяшаліся, у мяне яшчэ быў час на абскарджваньне, але яны прыйшлі забіраць тую сьценку. А ў мяне якраз рука зламаная — пасьлізнулася — не магу рэчы дастаць. Тлумачу ім, ня хочуць чуць. Карацей, раззлавалася я», — прызналася Галіна Лагацкая ў тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам Свабоды.

Дазваніцца да яе ў шпіталь аказалася нескладана, толькі трэба было набраць нумар у пэўны час і няшмат займаць тэлефон, бо ахвотных пагаварыць там — чарга.

«Давайце хутчэй. Што вас яшчэ цікавіць? Новы год?» — Галіна Лагацкая ахвотна спыняецца на гэтай тэме, але адразу прызнаецца, што няшмат можа распавесьці: навагоднія сьвяты прайшлі амаль незаўважна.

«Тут расклад такі, што ў 23 ужо адбой, усе кладуцца спаць. Таму хоць і ёсьць тэлевізар, але пасьля 23 яго выключаюць і ніхто нічога не глядзіць. 31 сьнежня было гэтаксама, як у іншыя дні. Лукашэнкі зь ягонай прамовай дакладна ніхто ня бачыў, а я дык і не хацела б бачыць. Яшчэ тут добра, што амаль не чуваць салютаў», — сказала Галіна Лагацкая.

Жанчына паведаміла, што ў мэню пацыентаў 14 аддзяленьня не было ні сьвяточных страў, ні ўзмоцненага харчаваньня. З Новым годам мэдыкі пацыентаў не віншавалі.

«Але тут дазволеныя сустрэчы з наведнікамі — вось яны віншуюць. Да мяне дочкі прыходзілі, сястра, сяброўка — яны віншавалі», — кажа Галіна Лагацкая.

Калі Галіну Лагацкую выпішуць з Навінак, яна дакладна ня ведае. Кажа, ёй трэба яшчэ абсьледавацца ў некалькіх лекараў, і гэта зойме яшчэ «тыдзень-два».

«Добра, што ўчора зьнялі гіпс са зламанай рукі, лягчэй стала ў бытавым пляне. Але маральна ўсё роўна цяжка. Забярыце мяне адсюль!» — скончыла свой расповед Галіна Лагацкая.

У 2016 годзе мянчук Валер Мілевіч, сусед Лагацкай па падʼезьдзе, напісаў на яе заяву ў міліцыю, каб актывістку прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Лагацкую, паводле Мілевіча, ён пазнаў на фота зь мітынгу ў інтэрнэце. «Прадпрымальнік — сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая», — было напісана па плякаце, які трымала Галіна Лагацкая. Як тлумачыў Мілевіч, ён палічыў гэты плякат зьняважлівым для ўлады.

Сусед «здаў» суседку міліцыі за ўдзел у мітынгу: «Не лічу, што гэта быў данос»

Галіна Лагацкая выказала меркаваньне, што Валер Мілевіч помсьціць ёй з прычыны канфлікту наконт выкарыстаньня агульнай калясачнай.

«Мілевіч стаў карыстацца пакоем для вазкоў на пляцоўцы, куды выходзіць ягоная кватэра. Але гэты пакой павінен належаць усім жыхарам, яго нельга замыкаць на ўласны замок. Мае спробы як намесьніка старшыні каапэратыву гэта спыніць выклікалі бурнае супрацьстаяньне. У выніку мы ўжо прайшлі празь некалькі судоў», — казала яшчэ ў красавіку 2016 году Галіна Лагацкая. Тады яна не выключала, што міліцыя ў яе канфлікце з суседам стала на ягоны бок.

Пасьля першага маршу абураных беларусаў, які прайшоў у Менску ў лютым 2017 году, Галіна Лагацкая адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсьціна.

Ці лічыць актывістка, што ў яе праблемах вінаватая ўлада? Галіна Лагацкая кажа, што ня мае пэўнага адказу на гэтае пытаньне.

«Найперш той Мілевіч, але і міліцыя — яны ж складалі на мяне незаконныя пратаколы, — і суды, і судовыя выканаўцы. Але хто дакладна, цяжка і вырашыць. Зараз галоўнае — адсюль выйсьці».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG