Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкую актывістку зьмясьцілі ў Навінкі, забраўшы маёмасьць


Галіна Лагацкая, архіўнае фота

Удзельніцу вулічных акцый пратэсту 2016–2017 гадоў Галіну Лагацкую зьмясьцілі ў закрытае аддзяленьне шпіталя ў Навінках. Папярэдне ў яе забралі маёмасьць з прычыны штрафаў.

«Галіну зьмясьцілі ў „псыхушку“, пасьля таго як судовыя выканаўцы забралі з дому маёмасьць, апісаную на пакрыцьцё штрафаў. У яе на старыя грошы 28 мільёнаў нясплачаных штрафаў. Галіна пратэставала, нібыта пагражала, што кінецца з вакна, дык адвезьлі ў Навінкі і цяпер лечаць. Але як — невядома, да яе нікога не пускаюць», — сказала карэспандэнту Свабоды грамадзкая актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык.

Паводле Вольгі Мікалайчык, у Рэспубліканскім цэнтры псыхічнага здароўя ў Навінках Галіна Лагацкая ўжо каля 10 дзён.

Зьвесткі пра ўтрыманьне Галіны Лагацкай у шпіталі ў Навінках пацьвердзіла яе сяброўка Тамара Гулезава. Яна сказала, што ўжо пагутарыла з Галінай праз тэлефон.

«Днямі мне пазваніла знаёмая, што бачыла Галіну ў Навінках, у вельмі дрэнным стане. Тады я пачала яе шукаць і праз знаёмага міліцыянта даведалася, што яна сапраўды ў псыхіятрычным шпіталі, у 14 аддзяленьні, якое закрытае, туды наведнікаў не пускаюць. Я туды пазваніла, і якраз Галіна была побач, далі ёй слухаўку. Яна ўсё пацьвердзіла. Сказала, што ў яе судовыя выканаўцы вывезьлі ўсю яе маёмасьць, нават старыя шафы і тое, што належала дзецям. Што раней пісала ў адчаі запіску — „каб папалохаць, каб адчапіліся“, і што тую запіску знайшлі ў сьметніцы. Ёй было блага, выклікалі лекара, спачатку каб везьці ў кардыялёгію, але потым лекару паказалі тую запіску з пагрозай самагубства, і тады яе накіравалі ў 14 аддзяленьне. Кажа, што падпісала паперы, каб лячылі там, але, мяркую, маглі ці запалохаць, ці сама не разумела небясьпекі», — кажа пра сяброўку Тамара Гулезава.

Дзяжурная ў 14 аддзяленьні Цэнтру псыхічнага здароўя ў Навінках пацьвердзіла, што Галіна Лагацкая знаходзіцца на лячэньні ў іхнім аддзяленьні, але адмовілася паведаміць пра стан яе здароўя.

«Зьвяртайцеся ў панядзелак да лекуючага доктара», — сказала дзяжурная.

Паводле дзяжурнай, саму Галіну Лагацкую магчыма будзе паклікаць да тэлефона толькі ўвечары.

У 2016 годзе стала вядома, як менчук Валер Мілевіч, сусед Лагацкай па пад’езьдзе, напісаў на яе заяву ў міліцыю каб актывістку прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Лагацкую, паводле Мілевіча, ён пазнаў на фота зь мітынгу ў інтэрнэце. «Прадпрымальнік — сумленны чалавек, а ўлада бандыцкая», — было напісана па плякаце, які трымала Галіна Лагацкая. Як тлумачыў былы лётчык Валер Мілевіч, ён палічыў гэты плякат зьняважлівым для ўлады. Сваю заяву ў міліцыю ён даносам не лічыў.

Галіна Лагацкая ў камэнтарах не выключала, што Валер Мілевіч помсьціць ёй з прычыны канфлікту наконт выкарыстаньня агульнай калясачнай.

«Мілевіч стаў карыстацца пакоем для вазкоў на пляцоўцы, куды выходзіць яго кватэра. Але гэты пакой павінен належаць усім жыхарам, яго нельга замыкаць на ўласны замок. Мае спробы як намесьніка старшыні каапэратыву гэта спыніць выклікалі бурнае супрацьстаяньне. У выніку мы ўжо прайшлі празь некалькі судоў», — казала яшчэ ў красавіку 2016 году Галіна Лагацкая. Тады яна не выключала, што міліцыя ў яе канфлікце з суседам стала на ягоны бок.

Паводле знаёмых Галіны Лагацкай, яна прайграла частку судоў з суседам і не змагла выплаціць накладзеныя на яе штрафы.

Вольга Мікалайчык таксама згадала, што пасьля першага маршу абураных беларусаў, які прайшоў у Менску ў лютым 2017 году, Галіна Лагацкая адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсьціна.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG