Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі здымкі расейскіх самалётаў, пашкоджаных абстрэлам у Сырыі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на авіябазе Хмэймім у Сырыі 11 сьнежня 2017 году

Вайсковы журналіст Раман Сапанькоў апублікаваў на сваёй старонцы «УКантакце» фатаграфіі, на якіх відаць расейскія самалёты, пашкоджаныя, як ён піша, у выніку абстрэлу авіябазы Хмэймім у Сырыі.

Error rendering VK.

Сапанькоў піша, што, паводле папярэдніх дадзеных, пашкоджаныя шэсьць франтавых бамбавікоў Су-24, зьнішчальнік Су-35С, транспартны самалёт Ан-72, выведны Ан-30 і верталёт Мі-8. Журналіст дадаў, што тры самалёты пачынілі, а лёс астатніх невядомы. Газэта «Коммерсантъ» раней паведамляла, што пры абстрэле базы былі пашкоджаныя сем расейскіх самалётаў. Выданьне спасылалася на вайсковыя і дыпляматычныя крыніцы.

У Міністэрстве абароны Расеі ў чацьвер пацьвердзілі інфармацыю СМІ аб абстрэле зь мінамётаў авіябазы Хмэймім 31 сьнежня і паведамілі пра двух загінулых вайскоўцаў. Пры гэтым у ведамстве назвалі «фэйкам» паведамленьне газэты «Коммерсантъ» пра зьнішчэньне самалётаў.

Летась 11 сьнежня авіябазу Хмэймім наведаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які абвясьціў там пра вывад расейскай групоўкі з Сырыі. Расейскія базы ў краіне, аднак, застаюцца, а расейская авіяцыя працягвае аказваць дапамогу войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. Паводле паведамленьняў заходніх і расейскіх СМІ, толькі за 2017 год у Сырыі загінулі прынамсі 40 расейскіх вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG