Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране абмежавалі доступ да Instagram і Telegram, улады пагражаюць дэманстрантам


Пратэст каля тэгеранскага ўнівэрсытэту 30 сьнежня 2017 году.

У Іране абмежаваны доступ да папулярных прыкладаньняў для абмену фатаграфіямі і паведамленьнямі на мабільных тэлефонах — Instagram і Telegram. Пра гэта паведамляюць іранскія СМІ ў нядзелю, пасьля трох дзён пратэстаў у многіх гарадах краіны.

Паводле паведамленьняў інфармацыйнага агенцтва ISNA і іншых сродкаў масавай інфармацыі, упачатку дня ў нядзелю быў абмежаваны доступ да Telegram, які ўрад Ірану абвінаваціў у тым, што яго выкарыстоўваюць для распальваньня гвалту падчас пратэстаў. Міністар сувязі Ірану Мухамад-Джавад Азары Джахрамі абвінаваціў Telegram , што ён «контрарэвалюцыйны» і заахвочвае «выкарыстаньне кактэйляў Молатава, збройны чын і сацыяльныя беспарадкі».

Генэральны дырэктар Telegram Павел Дураў пацьвердзіў блякаваньне каналу.

Улады Ірану ў нядзелю папярэдзілі пра магчымыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў дэманстрацый, якія сталі адной з самых сур’ёзных праблем як для ўраду, гэтак і для клерыкальнага кіраўніцтва з часоў Іранскай рэвалюцыі 1979 году. Дзясяткі тысяч іранцаў пратэстуюць па ўсёй краіне з чацьвярга супраць кіраўніцтва Ісламскай Рэспублікі і супраць зьнешняй палітыкі Ірану. Пратэстоўцы таксама скандавалі лёзунгі ў падтрымку палітычных зьняволеных. Падчас дэманстрацый два чалавекі былі забітыя і дзесяткі арыштаваныя.

Пратэст каля тэгеранскага ўнівэрсытэту 30 сьнежня 2017 году
Пратэст каля тэгеранскага ўнівэрсытэту 30 сьнежня 2017 году

Першапачаткова дэманстранты выказвалі абурэньне з нагоды эканамічных цяжкасьцяў і карупцыі, але затым сталі патрабаваць адстаўкі вярхоўнага лідэра Ірану, аяталы Алі Хамэнэі. На відэа, разьмешчаных у сацыяльных сетках, чуваць, што людзі скандуюць: «Мулы, майце сорам, пакіньце краіну ў спакоі!» Дэманстранты таксама выкрыквалі: «Няхай жыве Рэза Шах!»

Такія заклікі сьведчаць аб беспрэцэдэнтным узроўні гневу і парушаюць даўнія табу, устаноўленыя ў краіне. Дынастыя шахаў Пэхлеві кіравала Іранам з 1925 году і была зрынутая ў выніку рэвалюцыі ў 1979 годзе, калі лідэрам Ісламскай Рэспублікі стаў аятала Рухала Хамэйні.

XS
SM
MD
LG