Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самае папулярнае ў інстаграме Свабоды за 2017 год


Акаўнт Радыё Свабода ў інстаграме, архіўнае фота

Свабода сабрала найбольш папулярныя фота і відэа зь інстаграму, якія вы лайкалі, камэнтавалі і якімі дзяліліся.

Карцінкі і мэмы

Паштоўка з нагоды абвяшчэньня незалежнасьці БНР зьяўляецца найбольш лайканым пастом у інстаграме Радыё Свабоды ня толькі ў 2017 годзе, але і за 5 гадоў існаваньня акаўнта — 4 022 падабайкі.

Сёлета ў траўні на музычным конкурсе «Эўравізія-2017» Беларусь упершыню прадстаўляла беларускамоўная песьня. Навіна аб выхадзе гурту NaviBand у фінал конкурсу сабрала ў нашым інстаграме 3970 падабаек.

Ад пачатку ўдзелу Беларусі ў «Эўравізіі» у 2004 годзе, прадстаўнікі краіны выходзілі ў фінал пяць разоў. У фінале музычнага конкурсу дуэт Navi заняў 17 месца.

Графічны мастак Gera More зрабіў арт на разгон Дня Волі ў Менску. У інстаграме Радыё Свабода гэту карцінку ўпадабалі 3127 чалавек.

Пад час сваёй лютаўскай прэс-канфэрэнцыі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «дармаедзтва» дэкрэтам незадаволена толькі «некалькі тысяч» чалавек. Свабода папрасіла незадаволеных паставіць падабайку пад гэтай цытатай. У інстаграме мы налічылі 2970 незадаволеных «дармаедаў». Агулам ва ўсіх сацыяльных сетках Радыё Свабода падабайку пад гэтым пастом паставілі больш за 9500 чалавек.

Фоты

Фоты затрыманьняў 25 сакавіка ў Менску абляцелі сусьветныя медыя. Здымак затрыманьня 80-гадовага Яна Грыба падчас разгону Дня Волі стаў адным з самых абмяркоўваемых пастоў у інстаграм-акаўнце Свабоды – 264 камэнтары і 3449 падабаек. У ліпені Ян Грыб быў намінаваны на атрыманьне памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча.

Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка з гурту NaviBand падчас выступу ў фінале «Эўравізіі» публічна абвясьцілі, што зьяўляюцца мужам і жонкай. Дагэтуль музыкі хавалі свае адносіны. Здымкі і скрыншоты з пацалункам сьпевакоў распачалі флэшмоб у падтрымку беларускага гурту на «Эўравізіі».

Напярэдадні Калядаў і Новага году жыхары Горадні вырашылі ўпрыгожыць фасад свайго гаўбіцу ліхтарыкамі ў выглядзе бел-чырвона-белага сьцяга. Падабайку такому аздабленьню паставілі 3403 чалавек.

Да здымку мурала зь дзяўчынай у вышыванцы ў інстаграм-акаўнце Радыё Свабода дакрануліся 3552 карыстальнікі.

Сёлета гурт BRUTTO зрабіў вялікі тур па Беларусі. Лідэр гурту Сяргей Міхалок зьехаў зь Беларусі ў 2011 годзе празь ціск КДБ — яму пагражала крымінальная справа за абразу Лукашэнкі. Пасьля падзелу гурту «Ляпіс Трубяцкі» на Brutto і Trubetskoy першыя выступалі ў Беларусі толькі аднойчы — на канцэрце ў Гомлі ў лістападзе 2016 году.

Радыё Свабода запусьціла свой інстаграм у 2013 годзе і мае першы вэрыфікаваны акаўнт сярод беларускіх медыяў. Цяпер на акаўнт Свабоды падпісана больш за 59 тысяч карыстальнікаў.

XS
SM
MD
LG