Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя намінанты на атрыманьне памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча за масавыя акцыі


Памятныя знакі імя Віктара Івашкевіча.

27 ліпеня будзе абвешчаны чарговы ляўрэат памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча. Такім чынам адзначаюцца арганізатары і найбольш актыўныя ўдзельнікі значных вулічных акцыяў.

Узнагарода заснаваная партыяй БНФ у памяць пра Віктара Івашкевіча — палітыка, арганізатара і заяўніка дэманстрацый і шэсьцяў, які пайшоў з жыцьця ў 2013 годзе.

Галоўнымі крытэрамі для адзначэньня зьяўляецца актуальнасьць тэмаў акцый і адпаведнасьць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам, крэатыўнасьць і творчы падыход пры іх плянаваньні і правядзеньні, грамадзкі розгалас і масавасьць.

Вызначэньне ляўрэата адбываецца шляхам галасаваньня сяброў Сойму Партыі БНФ, уганараваньне адбываецца 27 ліпеня, у гадавіну абвяшчэньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь.

Паводле арганізатараў, мінулы год палітычнае жыцьцё было насычаным вулічнай актыўнасьцю — ад маштабных акцый пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 да неадэкватнага па сваёй жорсткасьці ўжываньня сілы падчас Дня Волі 25 сакавіка.

У сьпіс намінантаў увайшлі асобы, якія ачолілі найбуйнейшыя пратэсты ў рэгіёнах — Вадзім Саранчукоў у Горадні і Ігар Казьмерчак у Воршы.

На думку ініцыятараў, варты ўвагі збор подпісаў дзеля наданьня бела-чырвона-беламу сьцягу статусу нацыянальнай каштоўнасьці, арганізаваны моладзевымі актывістамі на чале са Зьмітром Дашкевічам.

Паводле арганізатараў, годную пазыцыю дэманструюць асобы, якія натхняюць сваім прыкладам іншых — «чалавек-сьцяг» Ніна Багінская, затрыманы падчас Дня Волі вэтэран-фронтавец Ян Грыб, удзельнік абароны Курапатаў Сяргей Пальчэўскі.

У мінулыя гады памятны знак імя Віктара Івашкевіча атрымалі лідар грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, кінарэжысэрка Вольга Мікалайчык, лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG