Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыю дыябэтыкаў у Расеі таксама аднесьлі да замежных агентаў


Ілюстрацыйнае фота. Хлопчык, хворы на цукровы дыябэт
Ілюстрацыйнае фота. Хлопчык, хворы на цукровы дыябэт

Пракуратура Саратава запатрабавала зарэгістраваць арганізацыю, якая дапамагае хворым на цукровы дыябэт, у якасьці замежнага агента. Гэта адбылося пасьля звароту ў нагляднае ведамства студэнта мэдычнай ВНУ Мікіты Сьмірнова, які ўзначальвае штаб падтрымкі Ўладзіміра Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах, піша «Новая газета».

Саратаўскай рэгіянальнай грамадзкай арганізацыі інвалідаў, хворых на цукровы дыябэт, накіравалі пастанову аб узбуджэньні адміністрацыйнай справы «за парушэньне парадку дзейнасьці некамэрцыйнай арганізацыі, якая выконвае функцыі замежнага агента».

Справу распачалі на падставе скаргі другакурсьніка Саратаўскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Мікіты Сьмірнова, які праз інтэрнэт даведаўся, што арганізацыя атрымлівае дапамогу з-за мяжы.

«Я палічыў грамадзянскім абавязкам падаць сыгнал, каб у дачыненьні да іх правялі праверку, ня больш за тое. Гэта і ёсьць грамадзкая актыўнасьць. Калі б вы западозрылі нешта падобнае, напэўна, зрабілі б гэтак жа!» — сказаў Смірноў у камэнтары «Новой газете».

У экспэртным заключэньні, якое напісаў доктар гістарычных навук Іван Канавалаў, сказана, што ў 2014-2016 гадах асацыяцыя атрымала 645,5 тысяч рублёў ад расейскіх «філіяў замежных фармацэўтычных кампаній».

Таксама згаданыя артыкулы ў саратаўскіх СМІ, у якіх гаворыцца аб праблемах дыябэтыкаў, хоць у большасьці зь іх арганізацыя ня згадваецца зусім. Навуковец прыйшоў да высновы: асацыяцыя «перадае інфармацыю замежным партнэрам пра так званыя „болевыя кропкі“ рэгіёну, асабліва ў сфэры аказаньня мэдычнай дапамогі насельніцтву, якая можа выкарыстоўвацца для выкліканьня пратэставых настрояў у грамадзтве».

Судовае паседжаньне прызначана на 15 студзеня.

Фэдэральны закон Расеі аб рэгуляваньні дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў, якія выконваюць функцыі замежнага агента, быў падпісаны прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 20 ліпеня 2012 году.

Ён рэгулюе дзейнасьць некамэрцыйных арганізацый, якія атрымліваюць грашовыя сродкі і іншую маёмасьць ад замежных крыніц і ўдзельнічаюць у палітычнай дзейнасьці. У законе агаворваецца, што да палітычнай дзейнасьці не адносіцца дзейнасьць у галіне навукі, культуры, мастацтва, аховы здароўя, сацыяльнай падтрымкі і абароны грамадзян, дабрачынная дзейнасьць і інш.

У лістападзе таксама прыняты закон, які дазваляе ўладам аб’яўляць сродкі масавай інфармацыі, што атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі». Такія СМІ павінны будуць даваць справаздачу перад Міністэрствам юстыцыі Расеі аб сваёй працы і маркіраваць прадукцыю.

У лік «замежных агентаў», паводле афіцыйнай пастановы Міністэрства юстыцыі Расеі, трапілі таксама Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі».

Эўрапейскі Зьвяз, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, а таксама Рада па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі раскрытыкавалі закон аб СМІ — «замежных агентах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG