Працэдуру адклалі амаль на дзьве гадзіны. Яна павінна быў пачацца апоўдні паводле кіеўскага часу. Машыны з палоннымі своечасова прыбылі на блёкпост ля гораду Горлаўка. Аднак сэпаратысты абвінавацілі Кіеў у парушэньні дамоўленасьцей. Паводле іх, Кіеў нібыта насуперак абяцаньню не перакрыў дарогі, якія вядуць да месца абмену.
Украінскія сродкі масавай інфармацыі паведамляюць, што прыкладна да 14:00 паводле кіеўскага часу бакі ўзгаднілі сьпісы палонных. Пасьля гэтага аўтобусы высунуліся на лінію разьмежаваньня. Вядома, што больш за 10 чалавек адмовіліся ад абмену. Яны заявілі, што хочуць застацца на ўкраінскім боку.
Пасьля абмену вызваленых украінцаў на верталёце адправяць у Харкаў. Там яны сустрэнуцца з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам, а затым накіруюцца дадому.
Кіеў перадае «ДНР» і «ЛНР» 306 чалавек у абмен на 74 палонных, сярод якіх — ваенныя, журналісты, валантэры. Няясным застаецца лёс каля 30 чалавек, якія, па дадзеных украінскага боку, не жадаюць вяртацца ў Данецк і Луганск.
Кіеў сьцьвярджае, што сэпаратысты ўтрымліваюць ня менш 144 грамадзян Украіны. За тры гады ўзброенага канфлікту ў Данбасе былі вызваленыя з палону або знойдзеныя звыш трох тысяч украінскіх грамадзян. Яшчэ каля чатырохсот прапалі бяз вестак.