Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават незнаёмцы пераходзілі на беларускую мову». Як калядавалі ў Горадні за савецкім часам


Калядоўшчыкі на вуліцах Горадні
Калядоўшчыкі на вуліцах Горадні

Гарадзенцы пачалі аднаўляць калядную традыцыю 30 год таму. Удзельнікі тых падзеяў Мікола Таранда, Ігар Кузьмініч і Ларыса Ліс распавялі Свабодзе, да каго тады хадзілі, што сьпявалі, як хто прымаў і чым частавалі.

Сьвяты аднаўлялі з «Паходняй» наўздагон за менчукамі

У Горадні ўзяліся за традыцыйныя сьвяты, бо ў Менску ўжо нешта рабілі. Нельга было адставаць.

Мікола Таранда
Мікола Таранда

Першае калядаваньне адбылося ці то ў 1987, ці то ў 1988 годзе. Гэтым тады займаўся клюб аматараў гісторыі і культуры роднага краю «Паходня». Яго стварылі ў сакавіку 1986 году. Старшынём абралі біяхіміка Міколу Таранду.

У апошнія сьнежаньскія дні 1986 году восем горадзенскіх «пахаднянцаў» накіраваліся ў Менск на сустрэчу моладзевых суполак з Гомля, Віцебску, Воршы, Полацку і Менску. Сярод гарадзенцаў былі эколяг Валянцін Лучко, студэнт філфаку Міхаіл Карневіч, будучы прафэсар мэдычнага ўнівэрсытэту Алесь Астроўскі.

«Анатоль Сыс сказаў, што мы прыехалі з Гóрадні. А мы былі перакананыя, што ўсё ж з Гарóдні. Тады Алесь прапанаваў выгнаць гэтага дзядзьку з сустрэчы. Але за яго заступіліся менскія „талакоўцы“», — узгадвае Мікола Таранда.

Анатоль Сыс
Анатоль Сыс

​Наведалі паседжаньне суполкі «Тутэйшыя» ў Доме літаратара. З аднагобоку вялікага стала сядзелі прадстаўнікі Адама Глобуса, зь іншага — Анатоля Сыса і вялі дыскусію.

Пасьля ўсіх гасьцей сустрэчы запрасілі на перадкалядную рэпэтыцыю. Развучвалі песьню пра жабку і бабку. Песьня пазьней забылася. Сцэнар менчукі не далі. Аднак ідэя калядаваньня гарадзенцам спадабалася.

​Старшыня клюбу пачаў зьбіраць калядныя сьпевы ў сваёй роднай вёсцы Зарытаве Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Ягоная маці запісвала песьні ад аднавяскоўцаў і адпраўляла лістамі ў Горадню. Песьні шукалі і ў фальклёрных зборніках. Каб уведаць іх мэлёдыю, Мікола праз тэлефон дыктаваў ноты кампазытару Яўгену Петрашэвічу, і той адразу напяваў.

Сьпявалі «Зорку Вэнэру» і «Пагоню»

Спачатку калядавалі на «Шчадрыцы», увечары з 13 на 14 студзеня, як на малой радзіме Міколы. Пазьней хадзілі 25 сьнежня і 7 студзеня. Апраналіся ў звычайную вопратку. Толькі ў Казы быў вывернуты кажух.

Як уваходзілі ў хату, казалі: «Шчодры, бодры, вечар добры». Прасілі: «Залезь на баляску, дастань каўбаску. Стань на драбінку, дастань саланінку». Сьпявалі ня толькі калядныя песьні, але «ўсе прыгожыя»: «Зорку Вэнэру», «Пагоню», «Ой, сівы конь бяжыць», «Люблю наш край, старонку гэту».

Калядоўшчыкі, што прыходзілі ў госьці да Міколы Таранды ў 1990-х
Калядоўшчыкі, што прыходзілі ў госьці да Міколы Таранды ў 1990-х

«І „Дробну драбніцу“ сьпявалі», — хітра пасьміхаецца спадар Мікола і пачынае ціхенька напяваць:

Дробна драбніца, дробна драбніца, Дробны дождж ідзе. Сабралася бедна галота, Мёд, гарэлку п’е.

П’ем мы гарэлку, п’ем мы вішнёўку, Будзем піць віно. А хто прыйдзе, з нас насьмяецца, Будзем біць таго.

Вось ідзе дзядзька, дзядзька багаты Насьміхаецца: Скуль жа, скуль жа бедна галота Напіваецца...

«Мне ўсе кажуць, што я сьпяваў няправільна, — кажа Мікола Таранда. — Але мы яшчэ пры „Паходні“ стварылі хор, які пазьней атрымаў назву „Бацькаўшчына“. І я таксама ў ім сьпяваў».

Частавалі віном з ружовага вінаграду і цукеркамі

За вечар абыходзілі каля 10 хат. Завітвалі да знаёмых, але загадзя не папярэджвалі. Пачыналі ад раёну чыгуначнага вакзалу, ад каваля Юрася Мацко. Далей ішлі вуліцамі Ажэшкі, Дзяржынскага, Горкага, Каліноўскага, БЛК (бульвар Ленінскага камсамолу).

«Заходзілі да матэматыкаў Тацьцяны Капыловай і Антона Рагойшы. Ён частаваў віном з ружовага вінаграду са свайго лецішча. Пасьля Лёнік Гівойна, які працаваў на мясакамбінаце. Калі мы рабілі калядны вечар для «пахаднянскіх» дзяцей, ён прыносіў цукеркі, якіх нельга было нідзе ў той час здабыць», — прыгадвае суразмоўца.

Калядавалі ў паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай, пісьменьніка Аляксея Карпюка, літаратуразнаўцы Аляксея Пяткевіча, лекара Алеся Астроўскага, інжынэра Людмілы Мацюк, мастака Алеся Ступеня, ужо пад раніцу ў прэзыдэнта «Паходні» Міхася Ткачова.

Міхась Ткачоў
Міхась Ткачоў

«Памятаю, першы год Карпюк нават частаваў шампанскім з цукеркамі, а пазьней не, бо быў не аматар сьпіртнога», — успамінае спадар Мікола.

Нехта запрашаў за стол. Нехта кідаў пачастункі ў мех: каўбасу, сала, грыбы. «Усе людзі вясковыя, ведалі, як рэагаваць».

Сам спадар Мікола памятае, як яшчэ дзіцём у 1960-я баяўся каляднікаў, што прыяжджалі на возе і моцна грукалі ў сьцяну.

«Грукат, тупат нясецца праз вакно. Здалёк было чуваць, што недзе ўжо шчадруюць. Яны падыходзілі да хаты з бліскучай зоркай, сьпявалі. Бацькі заўсёды падавалі праз фортку рубель. Больш знаёмыя каляднікі заходзілі ў хату, дзе ім давалі выпіць і закусіць».

Улады прысылалі на сустрэчы камсамольцаў

Калядныя сьпевы рэпэтавалі ў гарадзкім доме культуры каля парку

Абвестка «Паходні». Архіўнае фота
Абвестка «Паходні». Архіўнае фота

Жылібэра. На сустрэчы «Паходні» зьбіралася шмат людзей, бывала да 300 чалавек. Часам пра «Паходню» пісалі, гаварылі па радыё, нешта паказвалі па тэлебачаньні.

Дзейнасьць клюбу кантраляваў камсамол. Аднак у час «перабудовы» такія нефармальныя згуртаваньні ўсё больш бралі ініцыятыву ў свае рукі. Чыноўнікі ставіліся да іх з засьцярогай, бо ўплыў «нефармалаў» на грамадзства павялічваўся.

Разам з гарадзкім моладзевым цэнтрам пры гаркаме «пахаднянцы» праводзілі вечарыну для чылійскіх рэвалюцыянэраў, чысьцілі ад бруду раку Гараднічанку, арганізоўвалі фэстывалі сучаснай музыкі «Рок-Крок».

«Каб у вашых сьвіней хвасты, як бічы»

Да клюбу «Паходня» неўзабаве далучыўся 15-гадовы юнак Ігар Кузьмініч. Аднаклясьнік падказаў: маўляў, у доме культуры зьбіраюцца беларусы. Праўда, хлопец двойчы прыходзіў на сустрэчы і сыходзіў, перш чым наважыўся зайсьці ў памяшканьне.

Ігар Кузьмініч
Ігар Кузьмініч

​Паводле ягоных згадак, рэпэтыцыю перад першым калядаваньнем зладзілітолькі адну. Сцэнару не завучвалі. Кожны запомніў па адной фразе. Ігар казаў зычэньне: «Каб у вашых сьвіней хвасты, як бічы, каб было за што браць і за плот валачы». Але асноўную гутарку ў хатах вёў Мікола. Збольшага калядаваньне складалася са сьпеваў.

Строяў ніхто ня меў. Рэдка хто накладаў кажух. Вышыванка была толькі ў Міколы. Іншыя хадзілі ў куртках. Ігар надзяваў джынсы, белыя красоўкі і шапачку «Adidas». Спачатку не было нават традыцыйных пэрсанажаў: Казы і Мядзьведзя. Мікола зрабіў васьміканцовую зорку з каляровага кардону. Хаця сумняваўся, ці не патрэбная шасьціканцовая.

Першае калядаваньне ў горадзенскім мікрараёне Дзевятоўцы Ігар запомніў добра.

«Мы пайшлі ў незнаёмую хату. Адразу натрапілі на застольле. Гаспадар паўтараў: „Хлопцы, вы валачобнікі“, а Таранда спрачаўся: „Мы каляднікі“. Нас пасадзілі за стол. Мы сьпявалі, нам налівалі. Не адпускалі нас да вечара. Больш мы ў той дзень нікуды ня трапілі. Відаць было, што рабочая сям’я, але вельмі прыемная», — кажа Ігар Кузьмініч.

За цэлы дзень адсьпявалі ўвесь свой рэпэртуар ад «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» да «Зорка Венера». Аднак часьцей хадзілі па знаёмых.

Ігар Кузьмініч у масцы Казы ад Яўгена Блудава
Ігар Кузьмініч у масцы Казы ад Яўгена Блудава

«Мне запомніўся Карпюк, — працягвае Ігар. — Ён быў высокі каржакаваты мужчына з густымі бровамі. Прымаў нас фармальна: „Ну, сьпявайце, хлопцы“. А сам стаіць ля дзьвярэй, ківае галавой, вочы заплюшчаныя. Пасьля на жонку: „Давай, нясі“. У мяне тады было адчуваньне, што нам трэба звальваць».

Ціску на «пахаднянцаў» Ігар не памятае, наадварот. Беларуская мова тады віталася. Нават незнаёмыя гаспадары іх файна ўспрымалі. Адразу пераходзілі на беларускую мову. Частавалі яблыкамі, салам, каўбасой. Усе хацелі наліць гарэлкі. Пасьля калядаваньня ўдзельнікі дзялілі пачастункі паміж сабой, але на вечарыну разам не зьбіраліся.

Сцэнар зьявіўся толькі ў 1990-я дзякуючы краязнаўцу Ігару Лапеху. Зь некаторымі зьменамі ён выкарыстоўваецца дагэтуль.

Групка «пахаднянцаў» напаўнялася новымі людзьмі, старыя сыходзілі. Так справу перадавалі з рук у рукі цягам 30 год.

«Цяпер калядаваньне больш распрацаванае, сурʼёзнае, падобнае да міні-спэктаклю, — мяркуе Ігар. — У нас гэта былі перадусім сьпевы. Тое, на што мы тады былі здольныя».

Беларускія традыцыі вярталі «прымусам»

Гарадзенка Ларыса Ліс узгадала, як яны калядавалі ў мястэчку Гезгалы Дзятлаўскага раёну, дзе служыў ейны муж. Большасьць насельніцтва складалі вайскоўцы з Расеі. У 1994 годзе жанчына працавала выхавальніцай у дзіцячым садку.

Тады дашкольнае і школьнае выхаваньне пераходзіла на беларускую мову. Пачыналі праводзіць ранішнікі па-беларуску, пераводзілі на беларускую мову дакумэнтацыю, адраджалі традыцыі. Але сярод сем’яў вайскоўцаў мала хто ведаў беларускую мову і традыцыі.

Ларыса Ліс
Ларыса Ліс

«Адкуль гэта ўсё было ўзяць? Тады кніг было не купіць. Нешта прыдумвалі, вершыкі складалі», — узгадвае Ларыса.

Апраналі яркае адзеньне, кажушкі або махнатыя швэдры выварочвалі. Матэрыялаў для строяў немажліва было набыць, бо ў «лясной» краме амаль нічога не прадавалі. Хадзілі толькі да тутэйшых людзей, бо баяліся, што прыежджыя потым будуць кепска гаварыць. Лічылі расейскіх «дамачак» з Гезгалаў надта ганарлівымі.

Заходзілі ў хату са сьпевам, ухвалялі гаспадароў. Сьпявалі «Ўчора зь вячора». У гаспадароў звычайна былі накрытыя сталы. Стаялі капуста, сала, гуркі, вараная бульба, вараная каўбаса.

«Людзі вельмі радаваліся каляднікам. Часта запрашалі за стол. Давалі з сабой цукеркі, печыва, булкі. Грошы ніколі не давалі. Гэта было сапраўднае сьвята!» — кажа Ларыса Ліс.

Сучасныя каляднікі просяць каву-лятэ і піцу

Сучасныя каляднікі ў Горадні наведваюць знаёмых. Са сталых пэрсанажаў ходзяць Каза, Мядзьведзь, Дзед, Баба, Бусел, Габрэй, Анёл, Цыганы. Носяць зорку яшчэ з 1990-х і мех. Сьпяваюць тыя ж «Ўчора зь вячора», «На нова лета», «Як пад новым годам».

Сучаснае калядаваньне ў Горадні
Сучаснае калядаваньне ў Горадні

Праўда, каб зьдзівіць дасьведчаных гаспадароў, можа ўпасьці не Каза, а астатнія ўдзельнікі. У пантаміме замест традыцыйных абразкоў Мядзьведзь паказвае, як прадпрымальнік з крызысу выходзіць, як Мішка ў Беласток зьбіраецца альбо як атрымлівае заробак у 500 даляраў. Разам з калядкамі, як і раней, могуць засьпяваць проста прыгожую песьню, напрыклад, «Простыя словы».

Каб папулярызаваць беларускія традыцыі, каляднікі пачалі хадзіць ня толькі па хатах, але і па кавярнях. Просяць: «Каб Каза не ўмерла раптам, нам зрабіце каву-лятэ» або «Каб адпачывалі вы ў Ніцы, пачастуйце нас піцай».

Сёлета каляднікі наведалі дзяцей у беларускамоўных садках і школах, каб малыя гарадзенцы даведаліся пра традыцыі сваіх продкаў. І некалі таксама надзелі б маску Казы і засьпявалі «На нова лета» ды «Ўчора зь вячора».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG