Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс і аўтарытарная ўлада: ці магчыма мірнае суіснаваньне?


Валер Карбалевіч

Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадпрымальнікамі. Калі я не памыляюся, упершыню з 1995 году.

Ён рэгулярна сустракаецца з рознымі сацыяльнымі групамі. Але больш за 20 гадоў кіраўнік дзяржавы разглядаў бізнэс-асяродзьдзе як варожае для сябе. Таму лічыў, што на варожую тэрыторыю ісьці ня варта. І няхай сустрэчу арганізоўвалі дзяржаўныя органы, яны самі падбіралі, каго трэба запрашаць, а каго не — тым ня менш гэтая падзея знакавая. І прычыны яе цалкам зразумелыя. Сёньня грошы ў бюджэт можа даць у асноўным бізнэс. Дзяржаўны сэктар, наадварот, патрабуе для сваёй падтрымкі грошай зь бюджэту.

Падчас выступу Лукашэнка адзначыўся палітычнымі заявамі. У зьвязку з тым, што ў праекце бюджэту памер рэзэрвовага прэзыдэнцкага фонду павялічыўся амаль у тры разы ў параўнаньні зь першым варыянтам, у мэдыях пачалі пісаць, што так улада рыхтуецца да датэрміновых выбараў. І вось Лукашэнка абверг гэтыя вэрсіі, заявіўшы: «Ніякіх датэрміновых выбараў у нас ня будзе. Няма для гэтага ніякіх падстаў, тэндэнцый і іншых прычын».

Можна пагадзіцца з тым, што ў 2018 годзе сапраўды выбараў ня будзе. Бо яны паводле тэрмінаў павінны прайсьці ў 2020 годзе. Набліжаць іх на цэлыя два гады нерацыянальна. Але, як тлумачыла Лідзія Ярмошына, у 2020 годзе павінны адбыцца адначасова і прэзыдэнцкія, і парлямэнцкія выбары, таму прынятае палітычнае рашэньне, што іх трэба разьвесьці. Гэта значыць, цалкам рэальна, што адны з гэтых выбараў могуць прайсьці ў 2019 годзе, то бок датэрмінова. Таму цяперашнія заявы Лукашэнкі ня варта ўспрымаць усурʼёз.

Магчыма, ён бачыць пагрозу якраз ва ўзмацненьні ролі бізнэсу на тле росту сацыяльна-эканамічных праблем

Дарэчы, наконт павелічэньня памеру рэзэрвовага прэзыдэнцкага фонду. Канцэнтрацыя фінансавых рэсурсаў у руках Лукашэнкі заўсёды была прыкметай набліжэньня палітычнай кампаніі. Таму мэдыі так і зрэагавалі на гэтую інфармацыю. Але паколькі выбараў наступным годам сапраўды ня будзе, то павелічэньне прэзыдэнцкага фонду можа азначаць тое, што кіраўнік дзяржавы адчувае нейкую пагрозу. Таму і цягне коўдру ўлады (у дадзеным выпадку фінансавай) на сябе. Магчыма, ён бачыць пагрозу якраз ва ўзмацненьні ролі бізнэсу на тле росту сацыяльна-эканамічных праблем.

Пра імкненьне не расьцярушваць уладу, а ўсё замкнуць на сябе сьведчыць і ягоная адмова ад увядзеньня інстытуту ўпаўнаважанага па праблемах прадпрымальніцтва. І тут Лукашэнка катэгарычны: «Такі ўпаўнаважаны ў Беларусі ёсьць — прэзыдэнт. Гэта мой абавязак — прыняць рашэньне, пракантраляваць выкананьне».

Гэта тыповая рэакцыя аўтарытарнага лідэра. Як толькі ўзьнікае нейкая пагроза ці нават аддаленыя прыкметы такой пагрозы, то інстынкт самазахаваньня падштурхоўвае да большай канцэнтрацыі ўлады ў сваіх руках. У такіх выпадках ніякія пасярэднікі, кшталту ўпаўнаважаных, яму не патрэбныя.

Што тычыцца непасрэдна праблемаў бізнэсу, то зьвяртае на сябе ўвагу інфармацыя, агучаная Лукашэнкам, што Падатковы кодэкс Беларусі будзе маштабна перапрацаваны з мэтай спрашчэньня.

Як вядома, адна з галоўных праблем, пра якую шмат гадоў кажа бізнэс, — гэта нестабільнасьць заканадаўства. То бок нават тое, што яно дрэннае, ня так важна, як яго бясконцае перапрацоўваньне. Бо як можна плянаваць бізнэс, калі ня ведаеш, якія заўтра будуць падаткі?

І вось толькі былі прынятыя «гістарычныя» дакумэнты па лібэралізацыі эканамічнай дзейнасьці, толькі Лукашэнка пасьпеў заявіць, што «ў Беларусі больш няма перашкодаў для прадпрымальніцкай дзейнасьці», як ён жа агламошыў бізнэсоўцаў гэтай навіной.

Ва ўмовах ручнога кіраваньня эканомікай заканадаўства ў прынцыпе ня можа быць стабільным. Бо як жа яшчэ кіраваць, калі ўвесь час не даваць каштоўныя ўказаньні?

А ў астатнім — усё добра, цудоўная маркіза.

Зісер: ІТ-дэкрэт сымбалізуе пачатак развароту беларускай дзяржавы ў будучыню

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG