Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітаізацыя працягваецца: БЕЛТА запусьціла сайт на кітайскай мове


Скрыншот галоўнай старонкі кітайскай вэрсіі сайту БЕЛТА

Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА) адкрыла кітайскую моўную вэрсію інтэрнэт-сайту chn.belta.by. Яе наведвальнікам разнастайны інфармацыйны кантэнт «аб ключавых падзеях у палітычным, сацыяльна-эканамічным, культурным, спартыўным жыцьці Беларусі».

Як адзначаецца на сайце дзяржаўнага навінавага агенцтва, «інфармацыя пра Беларусь сёньня запатрабаваная кітайскамоўнай аўдыторыяй: сумесна з КНР пасьпяхова рэалізуюцца двухбаковыя праекты, расьце цікавасьць да беларускай тэматыкі з боку кітайскіх бізнэсмэнаў, інвэстараў і турыстаў».

Такім чынам, сайт БЕЛТА цяпер даступны на 4 замежных мовах: кітайскай, ангельскай, гішпанскай і нямецкай, а таксама на дзяржаўных беларускай і расейскай. Найбольш апэратыўна абнаўляецца расейскамоўная вэрсія сайту, на беларускай навіны зьяўляюцца са спазьненьнем.

Сьледам за аэрапортам і турыстычнымі стэндамі

Восеньню гэтага году у Нацыянальным аэрапорце «Менск» зьявілася табло адлёту-прылёту самалётаў на кітайскай мове. Абвесткі ў аэрапорце загучалі на расейскай, ангельскай і кітайскай мовах, у той час як беларускай мовы ў аэрапорце не чуваць і не відаць.

Акрамя гэтага, абазначэньні на кітайскай мове зьявіліся на інфармацыйных шыльдах для турыстаў у Менску на тэрыторыі Верхняга горада.

На турыстычным партале minsktourism.by створаная старонка для гасьцей з Кітаю, выдадзеныя інфармацыйна-рэклямныя матэрыялы пра турыстычныя адметнасьці беларускай сталіцы на кітайскай мове. Брашура «Топ-16 месцаў Менску» на кітайскай мове будзе даступна ў сталічных гатэлях, турфірмах, Нацыянальным аэрапорце «Менск», інфакропках.

2018 год будзе абвешчаны Годам турызму Беларусі ў Кітаі, бакі плянуюць актывізаваць супрацоўніцтва ў сфэры турызму.

XS
SM
MD
LG