Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біямэтрычны кантроль на мяжы Ўкраіны пакуль не закране беларусаў


Украіна зь 1 студзеня 2018 году ўводзіць біямэтрычны кантроль і папярэдняе ўзгадненьне ўезду на ўкраінскую тэрыторыю для замежных грамадзян зь 70 краін сьвету.

Найперш, гэтая норма будзе распаўсюджаная на грамадзян Расейскай Федэрацыі. Ад сёньня 157 дзеючых ва Ўкраіне памежных пунктаў пропуску абсталяваныя сродкамі для счытваньня інфармацыі зь біямэтрычных дакумэнтаў і зьняцьця адбіткаў пальцаў, а 126 пунктаў пропуску ўжо маюць наўпроставае падключэньне да баз дадзеных Інтэрполу.

З гэтай краіны трапляюць і шпіёны, і дывэрсанты, і правакатары.

«Кабмін на даручэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны зацьвердзіў пералік краін міграцыйнай рызыкі і, безумоўна, сярод усіх краін найбольш праблемнай ёсьць Расея. З гэтай краіны трапляюць і шпіёны, і дывэрсанты, і правакатары. З наступнага году гэтая праблема будзе вырашацца», — заявіў сёньня сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Турчынаў у часе прэзэнтацыі ў Кіеве сыстэмы біямэтрычнага кантролю на мяжы.

Апроч таго, Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ўводзіць сыстэму фіксацыі знаходжаньня на тэрыторыі краіны грамадзян, якія прыбылі з краін міграцыйнай рызыкі. «З увядзеньнем гэтай сыстэмы мы абараняем сябе ад сумнеўных асоб з краін Азіі, Блізкага Ўсходу, Расейскай Фэдэрацыі. Сьпіс будзе стала адсочвацца, і Рада нацбясьпекі будзе ўхваляць адпаведныя рашэньні», — дадаў міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў.

Мы абараняем сябе ад сумнеўных асоб з краін Азіі, Блізкага Ўсходу, Расейскай Фэдэрацыі.

Цяпер у сьпіс краін міграцыйнай рызыкі ўключаныя 70 краін, у тым ліку тры краіны СНД — Расея, Таджыкістан і Кіргізстан. Такія меры кантролю на мяжы ў дачыненьні да грамадзян іншых краін будуць распаўсюджвацца па выніках аналізу усіх рызыкаў.

Раней паведамлялася, што біямэтрычны кантроль на мяжы Ўкраіны закране ўсіх замежных грамадзян. У ліпені у Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі пра неабходнасьць дадатковых перамоў на гэты конт з шэрагам дзяржаў, зь якімі цяпер краіна мае пагадненьні пра бязьвізавы рэжым, у тым ліку і зь Беларусьсю.

XS
SM
MD
LG