Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля публікацыі Свабоды інваліду зь Бярозаўскага раёну зрабілі пандус


Уладзімер Вялюк, інвалід першай групы, які можа перасоўвацца толькі на вазку
Уладзімер Вялюк, інвалід першай групы, які можа перасоўвацца толькі на вазку

Два гады Ўладзімер Вялюк зь вёскі Лукомер Бярозаўскага раёну чакаў вырашэньня сваёй праблемы. Інвалід першай групы, які перасоўваецца на вазку, пасьля рамонту дарогі каля дому аказаўся заблякаваны ў сваім двары.

Дарожнікі паднялі дарогу больш як на мэтар. У выніку інвалід, каб выбрацца на шашу, мусіў паўзьці на высокі насып і цягнуць за сабою вазок. Скаргі і звароты да мясцовых уладаў і дарожнікаў не прынесьлі плёну.

Сытуацыя зьмянілася пасьля кастрычніцкай публікацыі пра ягоную праблему на Свабодзе і рэпартажу на Белсаце.

«Неўзабаве пасьля таго, як зьявілася публікацыя пра мяне ў інтэрнэце, сюды завіталі чыноўнікі. У тым ліку нават зь Менску прыехалі, шмат машынаў было. Разьбіраліся на месцы», — кажа Ўладзімер Вялюк.

Мясцовыя ўлады незадаволеныя, што інвалід зьвярнуўся да незалежных мэдыяў

Пры гэтым, кажа інвалід, мясцовыя ўлады сварыліся на яго — маўляў, навошта было зьвяртацца ў СМІ?

Пандус, што ўсталявалі з двара інваліда
Пандус, што ўсталявалі з двара інваліда

«Абуралася галоўным чынам старшыня мясцовага сельсавету. Крычала на мяне, што навошта было выклікаць сюды так званых „БНФаўцаў“. А я кажу: а да каго мне яшчэ зьвяртацца, калі ні да кога не дагрукаесься?» — кажа вясковец.

Ва ўсякім разе, галоўная праблема інваліда цяпер вырашана. Зь ягонага двара на высокую дарогу пабудавалі пандус.

«Пасьля разбораў чыноўнікаў сюды прыяжджалі хлопцы з Малецкага ЖКГ. Хуценька насыпалі пясок, паклалі асфальт, а наверх залілі бэтон, дый усё. Пазьней поручні паставяць, а так пандус ужо гатовы. Два дні ўсяго працавалі. А столькі гадоў чакаў гэтага, прасіў жа ня раз, зьвяртаўся да чыноўнікаў. Раней жа запаўзаў на дарогу і цягнуў за сабою вазок. Пакуль выпаўзу па зямлі, увесь брудны быў», — узгадвае Ўладзімер Вялюк.

Пандус з двара інваліда
Пандус з двара інваліда

Пакуль на новы пандус інвалід яшчэ не выяжджаў, але кажа, што гэта сапраўды паратунак з «аблогі», у якую ён трапіў пасьля рамонту дарогі два гады таму.

«Магу хоць у краму заехаць, дый наагул так выехаць. Бо адзін увесь час у гэтых сьценах. А так, канечне, весялей будзе. Добра, што зрабілі пандус. Хоць пакуль зіма, то надта нідзе ня выедзеш. Але ўжо заплянаваў неяк выбрацца на рыбалку», — кажа інвалід.

Уладзімер перакананы, што калі б ён не зьвярнуўся да журналістаў, то ягоная праблема да гэтага часу так і не была б вырашаная.

«Усё гэта дэманструе стаўленьне да людзей, да інвалідаў. Бо як будзеш маўчаць, то ніхто нічога ня зробіць», — кажа інвалід.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG