Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная група «Эўразьвяз — Беларусь» зьбярэцца другі раз на год


19–20 сьнежня ў Брусэлі пройдзе сустрэча каардынацыйнай групы «Эўразьвяз — Беларусь». Пра гэта Свабодзе сказалі ў прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі.

Тут адзначаюць, што «ўдзельнікі сустрэчы засяродзяцца на двухбаковых прыярытэтах партнэрства, пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека, супрацоўніцтве ў рамках „Усходняга партнэрства“, галіновых пытаньнях у сфэрах эканомікі і фінансаў, гандлю, транспарту, мытні, аховы навакольнага асяродзьдзя і энэргетыкі, мабільнасьці ды іншых».

Падкрэсьліваецца, што разам зь дзяржаўнымі чыноўнікамі ў сустрэчы будуць удзельнічаць экспэрты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый зь Беларусі.

Дэлегацыю Эўразьвязу ачоліць Томас Майр-Гартынг, кіраўнічы дырэктар у пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык сказаў Свабодзе, што на чале беларускай дэлегацыі будзе намесьнік кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Алег Краўчанка.

Цяперашні перамоўны раўнд — чацьвёрты

Каардынацыйная група створаная ў 2016 годзе дзеля структураванага палітычнага дыялёгу па ўсім спэктры двухбаковага ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Яе першае пасяджэньне адбылося ў красавіку 2016 году ў Бруселі, другое — у лістападзе 2016 году ў Менску, трэцяе — таксама ў Менску ў красавіку 2017 году. У сустрэчах удзельнічаюць прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі, Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, профільных органаў дзяржаўнага кіраваньня Беларусі.

«Іншага мэханізму ў дачыненьнях Брусэля і Менску няма»

Так сьцьвярджае ў размове са Свабодай кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман.

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

«Каардынацыйная група — гэта такі пераходны мэханізм дзеля таго, каб абмеркаваць крытычную масу пытаньняў па самым вялікім коле тэмаў. І праз гэты мэханізм бакі павінны выйсьці на прыярытэты партнэрства, якія, як чакаецца, будуць падпісаныя на пачатку наступнага году», — кажа экспэрт.

Ён мяркуе, што згаданыя сустрэчы — гэта і магчымасьць надаць структуру ня толькі дыялёгу, але і будучым крокам па кожным канкрэтным пытаньні. Яны — мэханізм пераходу ад агульных размоў да канкрэтыкі.

«За шмат гадоў у дачыненьнях Менску і Брусэля накапілася і шмат праблем. Таму гэты працэс не ідзе хутка. Але гэта, мабыць, адзінае, што выводзіць Беларусь і Эўразьвяз да канкрэтных спраў», — рэзюмуе кіраўнік «Менскага дыялёгу».

18 сьнежня ў Брусэлі пачаўся трэці раўнд гандлёвага дыялёгу Беларусь — Эўразьвяз. Зь беларускага боку ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі двух міністэрстваў — замежных спраў і сельскай гаспадаркі і харчаваньня, а таксама Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG